Адчувальны подых JuniorSkills

Нядаўна ў Екацярынбургу прайшлі спаборніцтвы JuniorSkills Hi-Tech у рамках II Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills-Russia. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 116 юніёраў ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў. Упершыню ў спаборніцтвах удзельнічалі школьнікі, педагогі і эксперты з Беларусі. Сярод іх — прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, які з’яўляецца галоўнай пляцоўкай для развіцця JuniorSkills у нашай краіне і чые выхаванцы сталі ўдзельнікамі чэмпіянату ў кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка”. Пра ўдзельнікаў беларускай каманды, якія прадстаўлялі кампетэнцыю “Прататыпаванне”, наша газета ўжо расказвала, а сёння гаворка пойдзе пра юных робататэхнікаў і пра тое, як будзе развівацца рух JuniorSkills у нашай краіне.

Такі цёплы халодны Екацярынбург

Екацярынбург займае чацвёртае месца па колькасці насельніцтва сярод гарадоў Расіі і з’яўляецца найбуйнейшым па тэрыторыі горадам на Урале. Акрамя таго, Екацярынбург — гэта прыкметны культурны, навукова-адукацыйны цэнтр не толькі ўральскага рэгіёна, але і ўсёй Расійскай Федэрацыі. Апошнім часам гэты горад стаў яшчэ і месцам правядзення спаборніцтваў WorldSkills і JuniorSkills. Екацярынбург знаходзіцца ў кліматычнай зоне з рэзкай зменлівасцю надвор’я, але добра выяўленымі сезонамі года. Таму ў дні прылёту нашай каманды ў гэты горад было халоднае з пранізлівым ветрам надвор’е, уласцівае апошнім дням восені. Але што для сапраўднага сяброўства нейкае дрэннае надвор’е?! Як вядома, сяброўства гарады бярэ і заваёўвае сэрцы. У Екацярынбургу нашу каманду сустракалі вельмі гасцінна, як добрых старых сяброў, не зважаючы на тое, што канкурсанты бачыліся ўпершыню. Аб’ядноўваў усіх іх JuniorSkills, таму памкненні ўсіх удзельнікаў сталі сугучнымі. Улічваючы тое, што ўпершыню да расійскага JuniorSkills падключылася каманда з Беларусі, ён атрымаў статус міжнароднага. Нашу каманду віталі ініцыятары і спонсары руху JuniorSkills у Расіі, кіраўніцтва фонду “Вольная справа” ў асобе намесніка генеральнага дырэктара В.М.Пронькіна, які высока ацаніў патэнцыял Беларусі ў развіцці гэтых спаборніцтваў. Можна сказаць без перабольшання, што ўдзельнікі беларускай каманды сталі на конкурсе любімцамі публікі, падкуплялі сваёй непасрэднасцю, жывасцю, добрым настроем. Партрэты нашых хлопчыкаў былі змешчаны на велізарных электронных банерах, і іх усмешкі можна было ўбачыць здалёк.
Спаборніцтва было вельмі маштабным і праходзіла за межамі самога Екацярынбурга, на тэрыторыі выставачнага комплексу, які па плошчы складаў прыкладна як тры нашы НВЦ “БелЭкспа”. Мерапрыемства разгарнулася ў некалькіх выставачных залах, у адной з якіх праходзілі самі спаборніцтвы, другая зала мела дэманстрацыйныя функцыі, а яшчэ адна была адведзена пад інтэрактыўную зону для дзяцей. Конкурсныя мерапрыемствы праводзіліся для ўдзельнікаў WorldSkills і JuniorSkills на адной пляцоўцы, а значыць, канкурсанты суседнічалі паміж сабой і былі як роўныя, не зважаючы на розніцу ва ўзросце. Але дзякуючы рознакаляровай форме ўдзельнікаў, нагляднаму суправаджэнню каманд, нават здалёк можна было з лёгкасцю вызначыць, хто з іх — удзельнікі WorldSkills, а хто — JuniorSkills. У рамках гэтых двух спаборніцтваў упершыню былі прадстаўлены кампетэнцыі будучыні, такія як рэверсіўны інжынірынг і нейрапілатаванне.

Пад знакам вытворчасці

Намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Ала Сцяпанаўна Герасімук, тэхнічны дэлегат JuniorSkills, прысутнічала на гэтым спаборніцтве разам з нашымі юнымі канкурсантамі і прадстаўляла Беларусь у дзелавых колах Расійскай Федэрацыі. Ала Сцяпанаўна расказала, што спаборніцтвы ў Екацярынбургу прайшлі ў 12 кампетэнцыях: “Такарныя работы на станках з ЛПК”, “Фрэзерныя работы на станках з ЛПК”, “Мехатроніка”, “Інжынерная графіка”, “Мабільная робататэхніка”, “Прататыпаванне”, “Электроніка”, “Аэракасмічная інжынерыя”, “Электрамантажныя работы”, “Сістэмнае адміністраванне”, “Лазерныя тэхналогіі” і “Нейрапілатаванне”.
Адметна, што расійскія ўдзельнікі спаборніцтва былі прадстаўлены не навучальнымі ўстановамі, а асацыяцыямі прамыслоўцаў, непасрэдна канцэрнамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі і фактычна выступалі пад знакам вытворчасці, а гэта гаворыць аб тым, на якім высокім узроўні знаходзяцца конкурсы WorldSkills і JuniorSkills у Расіі і як зацікаўлены ў іх самі работадаўцы. Яшчэ адным пацвярджэннем высокага статусу спаборніцтва стаў удзел у яго ганаровым адкрыцці прадстаўнікоў урада Расійскай Федэрацыі, а таксама шырокая, разнастайная дзелавая праграма, у рамках якой прадстаўнікі дзелавых колаў Расіі абмяркоўвалі надзённыя пытанні развіцця нацыянальнай эканомікі. Аб насычанасці тэматыкі дзелавых сустрэч гаворыць і колькасць мерапрыемстваў, праведзеных у рамках спаборніцтва. А гэта каля 70 дзелавых сустрэч. Круглыя сталы, адкрытыя лекцыі, семінары, презентацыі, майстар-класы былі звязаны адной тэмай — пошук механізмаў, якія б дазволілі ажыццяўляць падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў для розных галін эканомікі. Актыўна вёўся абмен вопытам і вызначэнне лепшых практык арганізацыі сумеснай работы ўстаноў адукацыі і сектара вытворчасці. Былі прапанаваны новыя мадэлі ўзаемадзеяння, многія з якіх ужо даказалі сваю эфектыўнасць, доўгатэрміновасць і могуць быць рэтрансліраваны на іншыя сектары эканомікі.
Адзін з круглых сталоў быў прысвечаны канкрэтна пытанням развіцця руху JuniorSkills, там абмяркоўваліся перспектывы яго развіцця ў нашай краіне. Ала Сцяпанаўна Герасімук прадстаўляла на сустрэчы нашу краіну і расказала калегам, якія захады зроблены ў нашай краіне па развіцці руху JuniorSkills, якія планы мяркуецца ажыццявіць у найбліжэйшы час і як будзе развівацца супрацоўніцтва з Расіяй.

Электронная “завабліванка”

Не засталіся ў баку ад дзелавой праграмы і самі канкурсанты. Для іх працавала школа ключавых кампетэнцый Junior Soft Skills. Гэта былі своеасаблівыя трэнінгі па напрацоўцы “мяккіх” кампетэнцый (уменне працаваць у камандзе, камунікатыўныя навыкі, стрэсаўстойлівасць, работа з інфармацыяй, наладжванне адносін з незнаёмымі ўдзельнікамі). Акрамя таго, канкурсантам была прапанавана вельмі цікавая і насычаная інтэрактыўная праграма: экскурсіі на прадпрыемствы і ў музеі Свярдлоўскай вобласці, квест-гульні, майстар-класы экспертаў, прафесійныя пробы, іншыя культурныя мерапрыемствы.
Вельмі цікавай была інтэрактыўная пляцоўка для ўдзельнікаў і гасцей, разгорнутая ў выставачным комплексе, дзе праходзіла спаборніцтва. Па сутнасці, на яе прыкладзе быў прадэманстраваны новы падыход да арганізацыі выставачных мерапрыемстваў. Гэта была не традыцыйная выстава вучэбнай літаратуры ў стэндавым фармаце, да якой мы ўжо прызвычаіліся. Галоўнай фішкай гэтай пляцоўкі стала работа ўстаноў адукацыі і прадпрыемстваў, якія прымалі ўдзел у конкурсе, у інтэрактыўным рэжыме, калі выкарыстоўваліся гульні, віктарыны, прэзентацыі і іншыя формы інтэрактыву. Вельмі ўразілі ўсіх электронныя “завабліванкі”, якія прыцягвалі ўвагу да таго ці іншага экспаната. У выглядзе лятаючых дронаў яны прызямляліся з падарункамі прама ў рукі наведвальнікаў выставы.
Адно з прадпрыемстваў, напрыклад, каб пазнаёміць удзельнікаў спаборніцтва з тымі прафесіямі, якія яму патрэбны, прымяніла хітрую выдумку: выставіла павільён для бясплатнага фатаграфавання, але атрымаць фота можна было пасля таго, як пазнаёмішся з дзейнасцю гэтага прадпрыемства. Творчыя задумкі можна было сустрэць і ў іншых павільёнах. Так, у прыватнасці, народ тоўпіўся ля аўтамабільных трэнажораў кабін КАМАЗа, электрацягніка, экскаватара.

У футбол гуляюць робаты

На чэмпіянаце JuniorSkills былі прадстаўлены ў рухальным рэжыме ўсе магчымасці робататэхнікі, і нават можна было паглядзець футбольны матч або аўтагонкі, удзельнікамі якіх былі… робаты.
Якраз такія гульні робатаў для нашай дэлегацыі былі добра знаёмыя, таму што кірунак “Мабільная робататэхніка” развіты ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Больш за год у ім дзейнічае цэлая лабараторыя пад кіраўніцтвам С.Г.Кулакова. За гэты час выхаванцы Сяргея Генадзьевіча многа разоў удзельнічалі ў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Яго навучэнцы станавіліся пераможцамі такіх вядомых конкурсаў, як чэмпіянат “Робафэст” і “Адысея розуму”. Сёння лабараторыя робататэхнікі інтэнсіўна развіваецца, і ў гэтым годзе ў ёй займаецца каля 250 навучэнцаў. Каб павялічыць зацікаўленасць сярод школьнікаў робататэхнікай, кіраўнік лабараторыі Сяргей Генадзьевіч Кулакоў засвойвае ўсё новыя і новыя кірункі робататэхнікі і ўкараняе іх у сваю работу. Гэта вельмі ініцыятыўны, таленавіты спецыяліст і сапраўдны педагог, які здольны развіць талент у сваіх выхаванцах, запаліць у кожным з іх жаданне тварыць. Сяргей Генадзьевіч не замыкаецца ў рамках сваёй лабараторыі і ўдзельнічае ў профільнай змене ў НДЦ “Зубраня”, дзе арганізоўвае майстар-класы, працуе з дзецьмі над міні-праектамі. Акрамя таго, ён прымае ўдзел у многіх міжнародных мерапрыемствах, звязаных з робататэхнікай.
— Загадзя выбару ўдзельнікаў для спаборніцтва ў Екацярынбургу мы не рабілі, — паведаміў Сяргей Генадзьевіч Кулакоў. — Мае выхаванцы і без конкурсных умоў трэніруюцца самааддана, з вялікай адказнасцю. Кожны крок у робататэхніцы мы адточваем да філіграннасці, да апошняга руху, таму задача JuniorSkills па стварэнні робатаў, якія б выконвалі пэўныя заданні і неабходныя функцыі, не была нечаканасцю ні для аднаго майго выхаванца.
Арцемію Вахрамееву і Ільі Лісіцы выпаў шчаслівы шанс паўдзельнічаць у гэтым спаборніцтве, і хлопчыкі не падвялі. Створаныя імі робаты заваявалі бронзавыя ўзнагароды. Усе пераможцы чэмпіянату JuniorSkills 2015 года, а іх 37 чалавек, на ўрачыстай цырымоніі закрыцця атрымалі імянныя пуцёўкі на спецыялізаваную змену ва Усерасійскі дзіцячы цэнтр “Анапа”. Сярод іх — і прадстаўнікі беларускай каманды Аляксандр Яфімчык і Макар Чыждзенка, якія перамаглі ў кампетэнцыі “Прататыпаванне”. Для ўдзельнікаў змены будзе арганізавана прафесійная падрыхтоўка ў стылі soft-skills, а таксама школьнікі змогуць адпачыць на ўзбярэжжы Чорнага мора.

Ранні прафесійны выбар

— Рух JuniorSkills — гэта зусім новы, але даволі перспектыўны кірунак у прафесійнай арыентацыі школьнікаў, які на прыкладзе Расійскай Федэрацыі мае істотны ўплыў на ранні прафесійны выбар нашых дзяцей, — адзначыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Міхайлавіч Сачко. — JuniorSkills стварае новыя магчымасці ў прафарыентацыі і засваенні школьнікамі сучасных прафесійных кампетэнцый, што сёння, безумоўна, вельмі важна, і мы не можам заставацца ў баку ад развіцця міжнародных тэндэнцый.
Як паведаміў Сяргей Міхайлавіч, мэтай паездкі нашай каманды на JuniorSkills у Екацярынбург было не толькі паспрабаваць свае сілы ў гэтым мерапрыемстве, але па магчымасці пазнаёміцца з напрацоўкамі расійскіх калег і пераняць іх, таму што любая новая справа пачынаецца з назапашвання вопыту.
Для нашай краіны гэтае спаборніцтва было вельмі карысным, асабліва ў гэты час — першыя прыступкі арганізацыі руху JuniorSkills у Беларусі пераадолелі. Згодна з рашэннем Міністэрства адукацыі нашай краіны, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці з’яўляецца каардынатарам руху JuniorSkills у нашай краіне.
Цяпер вядзецца падрыхтоўчая работа да арганізацыі і правядзення Рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills Веlarus у маі 2016 года. Ён пройдзе ў рамках II Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Веlarus. На першы JuniorSkills мяркуецца выставіць удзельнікаў не менш чым у 5 кампетэнцыях, якія будуць прадстаўляць высокатэхналагічныя галіны. Сярод іх — робататэхніка, прататыпаванне, па якіх ужо ёсць вопыт спаборніцтва, а яшчэ разглядаюцца зусім новыя, такія як нейрапілатаванне, лазерныя тэхналогіі і інш.
Сёння вядзецца распрацоўка адпаведнай нарматыўнай базы, якая дазволіць развіваць у Беларусі рух JuniorSkills. Ужо створаны аргкамітэт, які будзе ажыццяўляць каардынацыю дзейнасці ў гэтым напрамку, распрацоўваюцца адпаведныя дакументы, якія будуць рэгламентаваць парадак правядзення гэтых спаборніцтваў. Вядзецца работа па пошуку партнёраў, якія маглі б выступаць у ролі экспертаў, рыхтаваць каманды для выступленняў. Запрашаюцца да супрацоўніцтва інвестары, спонсары, якія гатовы падтрымаць гэты рух, а гэта значыць выгадна ўкласці свае сродкі ў развіццё нашай эканомікі.
Што тычыцца таго, чаму менавіта ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі выступіла ў якасці каардынуючага органа, то тут трэба адзначыць, што ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ёсць усе магчымасці для стварэння таго нефармальнага асяроддзя, дзе дзеці могуць пазнаваць тое, што ім цікава, і ў далейшым выбіраць свой шлях, звязаны з асваеннем прафесіі. Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі валодаюць максімальным патэнцыялам для стварэння такога асяроддзя. Але адной сістэмай дадатковай адукацыі не абысціся, і натуральна, што ўстановы гэтага тыпу будуць працаваць у інтэграцыі з установамі агульнай сярэдняй, прафесійнай адукацыі і не толькі. Па сутнасці, установы ўсіх узроўняў будуць мець магчымасць працаваць на рэсурс будучых удзельнікаў JuniorSkills.

Ад рэгіянальнага да нацыянальнага

Згодна з планам дзеянняў, які распрацаваны Міністэрствам адукацыі, будзе арганізаваны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду руху JuniorSkills ва ўстановах адукацыі розных тыпаў, непасрэдна сярод школьнікаў і іх бацькоў, на актывізацыю работы ў гэтым напрамку сярод педагагічнай грамадскасці.
— Канечне, такі маштабны кірунак нельга развіваць у рамках толькі сталіцы, адной канкрэтнай установы, — заявіў Сяргей Міхайлавіч Сачко. —Таму наша мэта развіць яго ў маштабах усёй краіны. Мы плануем ва ўсіх абласцях ініцыіраваць стварэнне аб’яднанняў па інтарэсах і цэнтраў падрыхтоўкі, якія не абавязкова могуць быць цэнтрамі падрыхтоўкі для JuniorSkills. Яны могуць займацца падрыхтоўкай школьнікаў па самых перспектыўных напрамках.
Мяркуецца, што конкурс JuniorSkills будзе праводзіцца ў некалькі этапаў: першы — ва ўстановах адукацыі, другі этап — рэгіянальны і трэці — рэспубліканскі. Верагодна, што па некаторых кампетэнцыях нельга будзе арганізаваць масавую падрыхтоўку ў гэтым навучальным годзе, таму чакаць у кожным рэгіёне масавага ўдзелу навучэнцаў па такіх кампетэнцыях нельга. Мяркуецца, што па такіх кампетэнцыях без паэтапнага адбору ўсім жадаючым будзе дадзена магчымасць паўдзельнічаць у рэспубліканскім спаборніцтве. Галоўнае, каб гэтае спаборніцтва станоўча паўплывала на прафесійны выбар нашых школьнікаў і каб яны знайшлі сябе ў жыцці.

Ала КЛЮЙКО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *