Адчуваць прафесію душой

- 10:31Навіны рэгіёнаў

“Прафесію трэба адчуваць душой: што бліжэй, тое і тваё”, — лічыць Мікалай Рыгоравіч Малочка.

Шмат гадоў працуе Мікалай Рыгоравіч у Буркоўскай сярэдняй школе Брагінскага раёна, вучыць дзяцей роднай і рускай мовам, знаёміць з цікавым светам літаратурных твораў класікаў і сучасных пісьменнікаў і паэтаў.

У юнацтве, калі яшчэ сам быў школьнікам, ён марыў стаць кухарам альбо настаўнікам. Перамагла прафесія настаўніка. Яна ўсё ж аказалася бліжэй яго душы. І, як сцвярджае сёння ўжо вопытны педагог, ён ніколі не пашкадаваў аб сваім выбары.

Дзясяткі гадоў педагагічнай дзейнасці, апрабаваныя методыкі, вялікі вопыт… Здавалася б, ужо можна працаваць, як кажуць, па накатанай. Але гэта не пра Мікалая Рыгоравіча. Ён не любіць хадзіць па крузе і ўпэўнены, што кожнае пакаленне вучняў — асаблівае. Тое, што было цікава ўчарашнім школьнікам, цяперашнім можа падацца занудствам. Таму, штодзённа распрацоўваючы планы работы, настаўнік уключае ў свае ўрокі гульнявыя моманты — такія, якія будуць прывабнымі менавіта для сучаснага дзіцяці. Гэта пашырае кругагляд і выклікае зацікаўленасць вучэбным матэрыялам. Размовы пра тое, што сёння чытанне не ў пашане, магчыма, маюць пад сабой аснову, але і тут настаўнік знайшоў выйсце. Вывучэнне літаратуры — гэта не толькі ўрокі ў школьным класе, гэта яшчэ і паходы ў бібліятэку, дзе вучні знаёмяцца з жыццём і творчасцю пісьменнікаў.

Вядома, што паказчыкам работы педагога заўсёды з’яўляліся дасягненні яго вучняў. Для вясковага настаўніка вельмі важна, каб яго дзеці мелі добрыя веды і выглядалі на розных інтэлектуальных спаборніцтвах не горш за гімназістаў. Мікалай Рыгоравіч шмат гадоў рыхтуе вучняў да алімпіяд і конкурсаў, пад яго наглядам яны займаюцца даследчымі работамі. Акрамя таго, ён распрацаваў сваю методыку падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання. Дзейснасць гэтай методыкі даказала ўжо не адно пакаленне выпускнікоў буркоўскай школы, вучні Мікалая Малочкі карыстаюцца яго “вузельчыкамі” і атрымліваюць выдатныя вынікі.

Мікалай Рыгоравіч не толькі добры педагог, ён яшчэ выдатны спявак, арганізатар і вядучы. У яго такі дыктарскі голас, што нават можна пазайдросціць. Нягледзячы на занятасць, ён не пакідае сцэны.

— Я ніколі не адмаўляюся, калі мяне завуць правесці тое ці іншае мерапрыемства, — гаворыць настаўнік. — Наадварот, часта сам прапаноўваю што-небудзь. Зразумела, заўсёды прыцягваю да ўдзелу навучэнцаў школы. Гэта ж неацэнны вопыт і для іх, і для мяне. Навучыць дзяцей раскрываць свае пачуці — гэта вельмі важна. Мне гэта падабаецца, таму што я бачу, як дзеці мяне слухаюць і пераймаюць лепшае. І я ім за гэта вельмі ўдзячны.

Любоў да музыкі ў Мікалая Рыгоравіча даўняя. У вольны час ён любіць паслухаць класічную музыку. Кажа, што ў ёй ёсць нешта такое, што заварожвае, нейкі спакой. Яшчэ адно хобі настаўніка — кулінарныя пробы. Асабліва ён любіць гатаваць розныя прысмакі на святочны стол, каб потым запрасіць у госці сваіх родных і знаёмых. І ніколі вы не пачуеце ад гэтага дзіўнага чалавека скаргаў на невыносную занятасць і цяжкасці педагагічнай работы. Магчыма, тут няма ніякага сакрэту, проста Мікалай Рыгоравіч па-сапраўднаму любіць сваю справу. Яго дэвіз на працягу жыцця — “Быць карысным вучню і аддаваць свае веды”.

У хуткім часе М.Р.Малочка рыхтуецца атрымаць кваліфікацыю настаўніка-метадыста і зможа быць яшчэ больш карысным для многіх сваіх калег, якія працуюць на Брагіншчыне.

Анжаліка РАМАНЮК.