Адчуваць сябе дырыжорам вучэбнага працэсу

- 10:03Метадычная скарбонка

“Традыцыйныя формы выкладання і простая перадача інфармацыі ад настаўніка да вучня мне ніколі не падабаліся, — гаворыць Аляксандр Аляксандравіч Алейнікаў, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Круглага Магілёўскай вобласці. — Мне хацелася супрацоўнічаць з дзецьмі на роўных, адчуваць сябе дырыжорам вучэбнага працэсу. На ўроках я выкарыстоўваю інтэрактыўныя метады навучання, тэхналогію актыўнай ацэнкі, метапрадметны і практыка-арыентаваны падыходы”.

У актыўным супрацоўніцтве

Пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А.Куляшова ў 1985 го­дзе Аляксандр Алейнікаў тры гады працаваў настаўнікам у Рубеж­скай сярэдняй школе Круглянскага раёна, пасля ўзначаліў установу. У сярэдняй школе № 2 Круглага працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце на працягу 10 гадоў. Але адміністрацыйная дзейнасць яго вабіла менш, чым непасрэдная работа з дзецьмі, якой урэшце ён і аддаў перавагу. У 2014 годзе Аляксандр Алейнікаў скончыў дыстанцыйныя курсы “Стратэгія актыўнай ацэнкі”, прайшоў практыку ў межах 8 вучэбных модуляў (90 гадзін) і атрымаў пасведчанне міжнароднага ўзору. Названую тэхналогію ён выкарыстоўвае пераважна ў 5—8 класах, але асобныя яе элементы прымяняе на занятках ва ўсіх класах.

“Якія прынцыпы тэхналогіі актыўнай ацэнкі мне найбольш блізкія? Перш за ўсё, гэта работа з дзецьмі ў актыўным супрацоўніцтве, — гаворыць Аляксандр Алейнікаў. — Урок (або выкананне асобнага задання) пачынаецца з сумеснай пастаноўкі мэты, якая фармулюецца на мове навучэнцаў і зразумелая ім. Напрыклад, “даведацца, якія бываюць віды многавугольнікаў”, “навучыцца адрозніваць многавугольнікі, выкарыстоўваючы іх уласцівасці і прыкметы”.  У рамках тэхналогіі актыўнай ацэнкі я пачаў прымяняць інтэрактыўныя метады, што дазволіла мне выбудаваць зваротную сувязь з вучнямі ў працэсе работы. Напрыклад, работа ў групах (малых групах), творчыя заданні, якія не маюць адназначнага адказу або рашэння, групавыя дыскусіі і г.д. Актыўная ацэнка прапануе выкарыстоўваць метад зваротнай сувязі “Святлафор”. Калі падчас выканання задання дзіця падымае чырвоную картку — гэта сігнал трывогі, і я павінен падысці да яго, дапамагчы разабрацца. Жоўты колер значыць, што я падыходжу, але не адразу, даю дзецям магчымасць падумаць, а зялёны — усё ў парадку, дзеці працуюць добра. З дапамогай гэтага метаду зручна арганізоўваць не толькі індывідуальную, але і парную або групавую работу”.  

Ключавое пытанне — яшчэ адзі­н элемент актыўнай ацэнкі. Яно абуджае дапытлівасць і цікавасць у вучня, паскарае засваенне матэрыялу, цесна звязана з мэтай урока (ці серыі ўрокаў па тэме), паскарае яе выкананне. Пошук адказу на ключавыя пытанні ўрока прадугледжвае не хуткае “ўспамінанне” правільнага адказу, а яго творчае прадуцыраванне (аперацыі аналізу, сінтэзу, абагульнення і г.д.). Ключавое пытанне Аляксандр Аляксандравіч выкарыстоўвае і ў якасці матывацыйнага прыёму, які не дае вучню сумаваць падчас урока і садзейнічае яго большай самастойнасці пры выкананні заданняў. 

“У актыўнай ацэнцы мне падабаюцца правілы або метады “непаднятай рукі” і “пясочнага га­дзінніка” (усталяванне рэгламенту для абдумвання пытання або задання), — гаворыць педагог. — Я задаю пытанне і пакідаю вучням час на разважанне, дастатковы для таго, каб нават няўпэўненыя ў сваіх ведах дзеці змаглі засяродзіцца, вылучыць сваю версію адказу. Толькі тады выбіраю вучня, які павінен даць адказ. З гэтай мэтай выкарыстоўваю папяровыя палоскі, на якіх напісаны імёны і прозвішчы навучэнцаў. Выцягваю выпадковую палоску са скрыначкі і вызначаю дзіця, якое адкажа першым. Затым гэты вучань выцягвае палоску з прозвішчам свайго аднакласніка і г.д. Такім чынам можна правесці франтальнае апытанне ў класе. Перад тым як выставіць адзнаку, праводжу рэфлексію, але не забаўляльную (з сэрцайкамі і смайлікамі), а прадметную. Высвятляю ў вучняў, пра што кожны з іх сёння даведаўся, якія цяжкасці ў іх былі. Прапаноўваю абапірацца на дакладныя крытэрыі ацэнкі яшчэ да выканання задання. У залежнасці ад сітуацыі паведамляю іх у гатовым выглядзе альбо распрацоўваю сумесна з навучэнцамі непасрэдна на ўроку. Такі прынцып называецца “НаШтоБуЗУ” — “на што буду звяртаць увагу”. Гэты элемент актыўнай ацэнкі непарыўна звязаны з мэтамі і стварае мост да зваротнай сувязі. Вучань дакладна ведае, якую работу ён павінен выканаць, якімі будуць мае чаканні, за што можна атрымаць высокі бал. Не ўсе дзеці працуюць аднолькава добра, але кожны, згодна з крытэрыямі, ідзе сваёй траекторыяй, нацэлены не на адзнаку, а на рэальнае засваенне матэрыялу”.

Вучань, які не ўмее ацаніць свае магчымасці, пастаянна мае патрэбу ў кантролі і ацэнцы сваёй дзейнасці з боку настаўніка. З самаацэнкі, здольнасці зразумець — “гэта я ўжо ведаю і ўмею”, “гэта я яшчэ не зусім ведаю, трэба даведацца”, “гэта я ўжо крыху ведаю, але трэба яшчэ разабрацца” — пачынаецца вучэбная самастойнасць школьніка. Вельмі важна навучыць вучняў самастойна ацэньваць свае вучэбныя дасягненні. Сама- і ўзаемаацэнка дазваляюць навучэнцам набываць вопыт дзелавых адносін, вучыцца канструктыўна крытыка­ваць іншых і самім адэкватна прымаць крытыку. Калі Аляксандр Аляксандравіч арганізоўвае рэфлексію перад выстаўленнем адзнакі вучню, ён спачатку выслухоўвае меркаванне самога вучня аб сваёй рабоце на ўроку, можа прапана­ваць ацаніць яго поспехі аднакласніку, які з ім працаваў у адной групе або ў адной пары. Пасля робіць заключэнне сам.

Такім чынам, актыўная ацэнка садзейнічае ўзнікненню пачуцця ўласнай годнасці ў навучэнцаў, павышае цікавасць да самастойнага вывучэння прадмета, дазваляе ўзяць адказнасць за навучанне на сябе. Дзіця вучыцца думаць, а не механічна запамінаць, ведае, як трэба зрабіць, як даказаць. У яго развіваецца лагічнае мысленне, камунікатыўная і пазнавальная актыўнасць, фарміруюцца станоўчыя якасці асобы.

Універсальныя ўменні для кожнага

 “Тэхналогія актыўнай ацэнкі спрыяе фарміраванню метапрадметных універсальных уменняў, — гаворыць педагог. — З дапамогай матэматыкі я павінен навучыць дзяцей алгарытмічна думаць, ставіць канкрэтныя мэты і задачы і паступова ісці да іх рэалізацыі. Гэтыя навыкі спатрэбяцца вучням і ў дарослым жыцці. Інтэрактыўныя формы работы, дыспуты, дыялогі наву­чаць дзяцей прыгожа выказ­ваць свае думкі, так, каб нікога не пакрыў­дзіць. Важная здоль­насць чалавека — умець праектаваць і прагназаваць свае ўчынкі і паво­дзіны, быць актыўным у прыняцці рашэнняў, мець гатоўнасць б­раць адказнасць на сябе, выконваць баланс агульных і асабістых інтарэсаў — усё гэта фарміруецца ў вучэбнай дзейнасці і затым пераносіцца на вырашэнне жыццёвых пытанняў. Гэта дапаможа выпускнікам, якія ідуць у дарослае жыццё, хутка ўключыцца ў соцыум, усвядоміць сябе і сваё месца ў сучасным грамадстве”.

Універсальным навыкам з’яў­ляецца фінансавая дасведча­насць. Аляксандр Алейнікаў вядзе факультатыў “Асновы фінансавай дасведчанасці”, дзе рыхтуе вучняў да адпаведнай алімпіяды. Амаль штогод яго вучні перамагаюць на ўзроўні Магілёўскай вобласці. Педагог задумаў даследчую работу па выкарыстанні працэнта ў банкаў­скай дзейнасці (на стыку матэматыкі і фінансавай дасведчанасці), якую хоча прапанаваць зрабіць камусьці з вучняў.    

На факультатыўных занятках “Асновы фінансавай дасведчанасці” фарміруецца медыядасведчанасць навучэнцаў праз выкарыстанне медыярэсурсаў. Медыяадукацыя з’яўляецца неад’емнай часткай развіцця асобы і складнікам агульнай адукацыі школьнікаў. Работа з медыя таксама матывуе навучэнцаў на паглыбленне і пашырэнне фінансавых ведаў, патрабуе ад іх самадысцыпліны, адказнасці і крытычнасці мыслення. Выкарыстанне медыярэсурсаў на ўроках матэматыкі дапамагае вырашаць адукацыйныя задачы, такія як развіццё крытычнага мыслення (праз форумы, блогі, дыскусіі, аналіз кантэнту і г.д.); удасканаленне навыкаў саманавучання (пошук супольнасцей); фарміраванне і развіццё моўнай кампетэнтнасці (блогі); развіццё навыкаў работы ў камандзе (сеткавыя праекты); засваенне школьнікамі розных тэхнічных сродкаў (стварэнне і размяшчэнне падкастаў, відэаматэрыялаў, прэзентацый і г. д.); выхаванне адказнасці і імкнення прытрымлівацца этычных і іншых норм паводзін у інтэрнэце (форумы, узаемаацэньванне прадуктаў вучэбнай дзейнасці); навучанне школьнікаў стварэнню разнастайных медыйных прадуктаў (відэа, падкасты і г.д.); развіццё ўменняў і навыкаў правядзення даследаванняў (сеткавы кантэнт, рэсурсы для стварэння анкет і правядзення апытанняў і г.д.); навучанне пошуку інфармацыі, правілам карыстання базамі інфармацыі, выкарыстанню навуковай і навукова-тэхнічнай інфармацыі.

З апорай на практыку

Аляксандр Алейнікаў распрацоўвае кампетэнтнасна арыентаваныя або практыка-арыентаваныя заданні для вучняў. 

“Мы не проста шукаем з вучнямі плошчу прамавугольніка або квадрата, — адзначае педагог. — Я прапаную ім разлічыць, колькі трэба фарбы для афарбоўкі падлогі. Робім крокі, прымаючы кожны крок за метр, і вымяраем клас у даўжыню, а потым у шырыню і шукаем плошчу. Або бяром трубку шпалер і разлічваем, колькі трэба рулонаў для абклейвання класа. Мы падлічваем хуткасць размнажэння бактэрый у арганізме чалавека (па геаметрычнай прагрэсіі). Прапаную дзецям фінансавыя задачы, напрыклад, ацаніць, ці выгадна ўзяць крэдыт у банку на пэўных умовах.

Што ўвогуле неабходна ведаць кожнаму выпускніку, незалежна ад таго, кім ён у будучыні стане, з курса школьнай матэматыкі? Што яму можа спатрэбіцца ў жыцці? Першае, што прыходзіць у галаву, гэта вуснае лічэнне, табліца множання, у тым ліку зваротная (дзяленне), дробы (простыя і дзесятковыя), фігуры і іх уласцівасці, вуглы, пло­шча і перыметр. Неабходна ведаць функцыі (экспанентную, паказальную, нарастальную), лагарыфмы, на базе якіх узнікае алгарытмічнае мысленне, стэрэаметрыю, якая развівае прасторавае ўяўленне. З дапамогай графікаў і дыяграм звычайна прадстаўляецца статыстыка. Сфера прымянення такіх ведаў разнастайная: зрабіць загарадзь на дачы, вызначыць шчыльнасць засадкі агарода, нарыхта­ваць закаткі на зіму, зрабіць рамонт у кватэры і многае іншае”. 

Практыка-арыентаваныя заданні 

Тэма: “Працэнты”.

1. Падчас раскопак была знойдзена малая галёначная к­осць даўжынёй 39,3 см. Вылічыце, які быў рост чалавека. Як можна даказаць, што локцевая косць даўжынёй 20,3 см не магла належаць таму ж чалавеку?

Даўжыня малой галёначнай косці складае 22% росту чалавека, а локцевай косці — 16% росту чалавека (фарміраванне медыядасведчанасці, пошук інфармацыі ў інтэрнэце, фарміраванне даследчых навыкаў; міжпрадметная сувязь — біялогія).

2. Вашы бацькі вырашылі пакласці 2000 руб. на дэпазіт пад 15% гадавых на 2 гады.

1) Якую суму працэнтаў вашы бацькі атрымаюць праз 2 гады?

2) Колькі ўсяго вашы бацькі атрымаюць працэнтаў за 2 гады?

3) Колькі ўсяго грошай вашы бацькі атрымаюць пасля заканчэння тэрміну дэпазіту?

3. Летам вы хацелі б паехаць з бацькамі на мора. Пуцёўка каштуе 300 руб. Банк прымае сродкі насельніцтва на тэрміновыя дэпазіты пад 12,5% гадавых. Колькі грошай вам трэба пакласці ў банк, каб праз 1 год атрымаць неабходную суму?

4. На дзень нараджэння дачкі бацькі паклалі ў банк 1000 руб. на ашчадны дэпазіт пад 10% гадавых са штогадовым налічэннем складаных працэнтаў. Якая сума грошай будзе на гэтым рахунку праз 3 гады?

5. Вы выйгралі ў нацыянальную латарэю 1500 руб. і вырашылі пакласці грошы ў банк на дэпазіт тэрмінам на 5 гадоў. Аграпрамбанк прымае ўклады насельніцтва пад простыя працэнты ў памеры 12% гадавых. Беларусбанк — пад складаныя працэнты ў памеры 10%. Разлічыце, колькі грошай вы атрымаеце ў кожным банку праз 5 гадоў, і вызначце, у якім банку лепш захоўваць грошы.

Тэма: “Плошчы фігур”.

Бацькі робяць рамонт твайго пакоя. Дапамажы ім разлічыць плошчу падлогі без уліку той часткі памяшкання, на якой знаходзіцца ўбудаваная шафа. Скарыстайся схемай пакоя, складзенай бацькамі. Запішы адказ у квадратных метрах.

Малюнак. Памеры шафы: даўжыня — 220 см, шырыня — 50 см.

Надзея  ЦЕРАХАВА