Яўгенія Міхайлаўна Шкялёнак, настаўніца музыкі спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 18 Мінска для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, валодае не толькі педагагічным майстэрствам, але і талентам паэта і кампазітара. Педагог з’яўляецца аўтарам шматлікіх песень і актыўна выкарыстоўвае ўласныя творы падчас карэкцыйных і факультатыўных заняткаў з вучнямі, пры падрыхтоўцы дзяцей да конкурсаў і канцэртаў.
Яўгенія Міхайлаўна кіруе вакальнай групай настаўнікаў школы “Натхненне”, з’яўляецца кіраўніком студыі эстраднага вакалу Consonance, студыі ранняга развіцця “Затейники” Каладзішчанскага сельскага дома культуры. А яшчэ яна мама дзвюх таленавітых дзяўчынак-блізнятак Паліны і Настассі — лаўрэатаў многіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, удзельніц тэле- і радыёпраектаў.
Музыка была побач з дзяцінства
“Мае бацькі не мелі спецыяльнай музычнай адукацыі, але падчас вучобы ў школе, што знаходзілася ў вёсцы Стаі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, спявалі ў хоры, мелі цудоўны музычны слых і голас, — расказвае Яўгенія. — Тата, Міхаіл Дзянісавіч Быкаў, былы ваеннаслужачы. Мама, Валянціна Віктараўна, — настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 18 Барысава. Прадзядуля Іван Скамарошчанка быў выбітным музыкантам-самавучкам, па-майстэрску іграў на скрыпцы. Так, што нават атрымаў запрашэнне ў Пецярбург іграць пры двары, але чамусьці ён не адважыўся на гэтую паездку. А мой дзядуля Віктар Скамарошчанка іграў на баяне. Мама, заўважыўшы мае музычныя здольнасці, параіла паступіць у музычную школу, у якой я стала займацца па класе фартэпіяна. Скажу без перабольшання: слых у мяне абсалютны. З лёгкасцю магу ўзнавіць на фартэпіяна любую мелодыю. Як я чую гукі маўлення, такім жа чынам чую і музычныя гукі, бачу іх нотамі і магу прайграць.
Дзяцінства маё да 11 гадоў прайшло ў вандроўках па Расіі і Германіі, дзе з бацькамі жыла ў ваенным гарадку Бернау. Гадоў з 14 захапілася напісаннем песень і музычных п’ес. Пісала ў нотах, карпатліва, але заўсёды з натхненнем. Складала простыя дзіцячыя творы аб прыродзе, аб навакольным свеце — у іх мне хацелася перадаць свае ўнутраныя перажыванні. Пры выбары прафесіі пайшла па маміным шляху. Вучылася ў Барысаўскім дзяржаўным педагагічным каледжы, дзе атрымала кваліфікацыю выкладчыка пачатковых класаў і музыкі ў базавай школе, а пасля скончыла БДПУ імя Максіма Танка па аналагічнай спецыяльнасці.
Мінулі студэнцкія гады. З’явілася сям’я, нарадзіліся дачушкі, у якіх у раннім узросце праявіліся музычныя здольнасці, такія ж, як у мяне: абсалютны слых і голас. Яны лёгка іграюць любую мелодыю, прыгожа спяваюць. Настасся — першым сапрана, Паліна — другім сапрана. Сапраўдны дуэт! Абедзве закончылі дзіцячую музычную школу мастацтваў № 9, з поспехам працягваюць вучыцца ў дзіцячай мастацкай школе мастацтваў № 1, а таксама з’яўляюцца вучаніцамі гімназіі № 38 Мінска. Займаюся і я з імі музыкай, спевамі, далучаю да падрыхтоўкі інклюзіўных нумароў, мерапрыемстваў і конкурсаў з удзелам дзяцей з АПФР. Паліна і Насця — маё натхненне! Я пішу музыку і песні як на рускай, так і на беларускай мове. Супрацоўнічаю з паэтам Аляксеем Сідарком, кампазітарам Аленай Атрашкевіч, аранжыроўшчыкам Багданам Карпавым”.
Сёння ў музычнай скарбонцы Яўгеніі Шкялёнак песні “Сімвал роднай зямлі”, “Мары дзяцінства”, “Анёл свету”, “Гэты новы свет — мая Беларусь”, “Рэха маёй душы”, “Птушкай стаць”, песні пра школу № 18 Мінска, Заводскі раён сталіцы і інш. Яўгенія — аўтар інструментальных п’ес для фартэпіяна “Песня без слоў”, “Танец лялькі”, “Восеньскі эцюд”, “Цягнік імчыцца”. З кампазіцыямі “Рэха маёй душы” і “Птушкай стаць” яе дачушкі выступалі падчас адбору на дзіцячы конкурс песні “Еўрабачанне”. Паспяховым было выступленне дзяўчынак і на фестывалі Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных” у Анапе. У 2017 годзе па выніках рэспубліканскага конкурсу “Бела-тон” Міністэрства культуры на лепшую сучасную эстрадную песню пра Беларусь перамагла песня Яўгеніі Шкялёнак “Гэты новы свет — мая Беларусь” у выкананні Паліны і Настассі. Узнагароду Яўгенія Міхайлаўна атрымала з рук Анатоля Ярмоленкі. Гэтая песня ў мажорнай танальнасці, жыццярадасная, нясе ў сабе шмат новых ідэй, арыентавана на будучыню краіны — маладое пакаленне.
Музычныя кіраўнікі дашкольных устаноў, настаўнікі музыкі, а таксама аматары сучаснай беларускай музыкі могуць азнаёміцца з творамі Яўгеніі Шкялёнак на яе youtube-канале. Акрамя таго, у Яўгеніі ёсць свой сайт, блог на сайце дыстанцыйнага навучання МГІРА, аўтарскія блогі на расійскіх метадычных парталах.
З разуменнем асаблівых дзяцей
У спецыяльную школу для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення Яўгенія Шкялёнак уладкавалася ў 2009 годзе. Да гэтага яна ўжо мела вопыт работы ў аркестры, студыях эстраднага вакалу, установах адукацыі. Прайшла перападрыхтоўку ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Інтэграванае навучанне ў школьнай адукацыі”, дзе атрымала другую вышэйшую адукацыю з прысваеннем кваліфікацыі настаўніка-дэфектолага. Гэта дапамагло ёй лепш зразумець дзяцей з АПФР, іх патрэбы, асаблівасці эмацыянальнай і валявой сферы, успрымання, памяці, мыслення, гукавымаўлення.
Музычная работа з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення нагадвае аналагічную дзейнасць настаўніка-дэфектолага, бо прадугледжвае асаблівы падыход да навучання спевам, да развіцця сістэмы дыяфрагмальнага дыхання і голасу, фарміравання артыкуляцыі, эмацыянальнага разняволення дзяцей. Асаблівая ўвага ўдзяляецца прасадычнаму боку маўлення: у працэсе спеваў кожны гук павінен вымаўляцца дзіцем выразна. І настаўнік музыкі сочыць за гэтым. Такім чынам, ажыццяўляецца пераемнасць у рабоце паміж настаўнікамі пачатковых класаў, настаўнікам-дэфектолагам, які праводзіць індывідуальныя і карэкцыйныя заняткі з дзецьмі, і настаўнікам музыкі. Навучэнцы з цяжкімі парушэннямі маўлення вучацца элементарнай ігры на фартэпіяна, асвойваюць нотнае пісьмо. Падчас заняткаў у іх развіваецца музычны слых, пачуццё рытму, выпраўляецца гукавымаўленне, паляпшаецца інтанаванне, каардынацыя рухаў з музыкай і маўленнем, дробная і агульная маторыка.
Сярод вучняў 18-й школы ёсць дзеці з аўтыстычнымі праяўленнямі, што спадарожнічаюць маўленчым парушэнням. Яны вельмі цягнуцца да музыкі, тонка яе адчуваюць. Акцэнт у рабоце з імі Яўгенія Міхайлаўна робіць на спевах — сольна, у дуэтах або ў невялікіх ансамблях. Выкананне песень сумяшчаецца з рухамі, якія вучні робяць. Такім чынам, дзеці пазбаўляюцца рухальных адвольных стэрэатыпаў, пачынаюць лепш сябе кантраляваць, праяўляць эмоцыі і большую ўпэўненасць. Прагрэс навідавоку, няхай ён і павольны, але са стабільным вынікам.
“Асаблівую гордасць і задавальненне адчуваю, калі бачу, як мае вучні прыгожа спяваюць, іграюць на інструментах, перамагаюць у конкурсах, — адзначае Яўгенія Міхайлаўна. — Прыемна бачыць, што расце сучаснае, культурнае новае пакаленне, якое любіць беларускую мову, паважае традыцыі і сімволіку нашай краіны, у якога фарміруюцца маральныя каштоўнасці і адбываецца ўсведамленне сябе як грамадзяніна роднай краіны. Дзеці з радасцю спяваюць пра школу, настаўнікаў, свой родны горад, Заводскі раён, сваю краіну і малую радзіму. Да падрыхтоўкі творчых інклюзіўных нумароў, калі сумесна выступаюць звычайныя і асаблівыя дзеці, я далучаю не толькі сваіх дачок Паліну і Насцю, але і навучэнцаў харэаграфічнай студыі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Атрымліваюцца яркія, непаўторныя нумары. Навучэнцы 18-й школы выступаюць разам са сваімі настаўнікамі на школьных святах і ўрачыстых мерапрыемствах, сумесных святочных канцэртах з ЦКРНіР Заводскага раёна, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях, у гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах. У красавіку 2019 года мае вучні атрымалі 5 дыпломаў на рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” (з іх 3 дыпломы ІІ ступені, 2 дыпломы ІІІ ступені). У мінулым годзе мы ўдзельнічалі ў конкурсе “Усміхніся, зорачка”, які праводзіць Палац дзяцей і моладзі “Золак” Мінска, дзе наш калектыў быў адзначаны дыпломам фіналіста. З вакальнай групай настаўнікаў нашай школы “Натхненне” мы таксама паспяхова выступаем на конкурсах”.
У сістэме музычных заняткаў
Што дапамагае Яўгеніі Міхайлаўне дасягаць высокіх вынікаў у рабоце? Перш за ўсё ўласная сістэма музычных заняткаў, накіраваная на развіццё музычна-творчых здольнасцей навучэнцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення. За абагульненне адпаведнага вопыту педагог у 2018 годзе атрымала прэмію Мінгарвыканкама. Сістэма такіх заняткаў уключае: урокі музыкі (I ступень навучання), карэкцыйныя заняткі па лагарытміцы (I ступень навучання), факультатыўныя заняткі “У свеце музыкі”, “Вакальны ансамбль” (I ступень навучання), “Хор” (II ступень навучання), канцэртную і конкурсную дзейнасць (I і II ступені навучання). Педагог удала спалучае карэкцыйна-развіццёвыя заняткі і заняткі музыкай. Паміж імі ёсць пераемнасць, заняткі фактычна ўзаемадапаўняюцца.
Па-сучаснаму аснашчаны кабінет музыкі Яўгеніі Міхайлаўны. Тут ёсць фартэпіяна, сінтэзатар, дзіцячыя музычныя шумавыя і меладычныя інструменты для выканання нескладаных рытмічных партытур і мелодый. У камп’ютары назапашаны вялікі фонд класічных і праграмных інструментальных твораў, традыцыйных і сучасных песень беларускіх і замежных кампазітараў, а таксама інсцэніроўкі, музычныя казкі, аўтарскія песні і п’есы, аранжыроўкі, музычныя гульні ў руху, падборка маўленчага матэрыялу, папевак, лагапедычных песень, практыкаванняў для голасу і правільнага дыхання. Увесь матэрыял даступны дзецям з маўленчымі парушэннямі.
У дапамогу педагогам Яўгенія Шкялёнак распрацавала метадычныя рэкамендацыі па правядзенні лагарытмікі з апорай на праграму “Лагарытміка” В.Л.Варэнінай і дыягнастычныя матэрыялы абследавання псіхаматорнага стану навучэнцаў і ўзроўню развіцця музычных здольнасцей з частковай апорай на крытэрыі, прапанаваныя ў вучэбна-метадычным дапаможніку “Лагапедычная рытміка” А.А.Качарана. У якасці крытэрыяў для дыягностыкі музычных здольнасцей прапанавала наступныя віды музычнай дзейнасці: успрыманне музыкі, ігра на музычных інструментах, спевы, музычна-рытмічныя практыкаванні з выкарыстаннем сістэмы творчых прыёмаў і заданняў. Вылучыла пяць асноўных узроўняў развіцця музычных здольнасцей.
Педагог з’яўлялася рэцэнзентам праграмы “Лагапедычная рытміка” для 1—2-х класаў, распрацавала метадычныя прыёмы карэкцыйнай работы і рэкамендацыі па развіцці музычна-рытмічных здольнасцей, рухальнай сферы і рытмічнай структуры маўлення вучняў. Комплексы лагапедычных практыкаванняў асабліва карысныя пры рабоце з навучэнцамі з дыслаліяй, дызартрыяй, алаліяй, паколькі дапамагаюць пераадолець і/або аслабіць некаторыя парушэнні маўлення, напрыклад, “змазанасць”, праблемы з артыкуляцыяй, невыразнасць вымаўлення, збіты тэмп маўлення, заіканне. Акрамя таго, Яўгенія Міхайлаўна распрацавала і апрабавала каляндарна-тэматычнае планаванне заняткаў па лагарытміцы (27 тэматычных блокаў, 150 падтэм, звязаных з прадметамі “Развіццё маўлення”, “Музыка”, “Чалавек і свет”). Дагэтуль такога матэрыялу ў педагогаў не было. Прапанаваныя тэмы змогуць выкарыстоўваць усе, хто практыкуе лагарытмічныя музычныя заняткі ў дашкольных установах і школах. Выбар той ці іншай тэмы педагогі зробяць з улікам вынікаў дыягностыкі і развіцця асноўных кампетэнцый (сацыяльнай, камунікатыўнай, кагнітыўнай) дзяцей з парушэннямі маўлення, аўтыстычнымі і іншымі парушэннямі. Распрацаваны матэрыял паспрыяе паспяховай карэкцыйнай і музычнай рабоце з вучнямі і пераемнасці ў рабоце настаўніка класа і настаўніка музыкі.
“Але самае галоўнае для педагога — арганізаваць музычную дзейнасць так, каб вучань мог сам выбіраць цікавыя яму творы, якія ён будзе выконваць, і сам прапаноўваць варыянты іх выканання (у дуэце, ансамблі, сольна і г.д.), — лічыць Яўгенія Міхайлаўна. — Настаўнік павінен праяўляць у гэтым пытанні далікатнасць, бо творчасць без радасці, без падтрымкі з боку аднакласнікаў, дарослых, блізкіх і родных людзей — неэфектыўная. Важна, каб навучэнцы з жаданнем вучылі новыя творы, з задавальненнем спяшаліся на заняткі, рэпетыцыі, любілі выступаць на сцэне, удзельнічаць у конкурсах і адчувалі вынікі сваёй працы”.
Надзея ЦЕРАХАВА.