Адданае сэрца

- 11:45Выхаваўчая прастора

“Хто, калі не мы?” — пад такім дэвізам у Мілевіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе прайшла дабрачынная акцыя “Добрае сэрца” па зборы прадуктаў харчавання для бяздомных катоў і сабак, якія знаходзяцца ў Гродзенскім грамадскім аб’яднанні аховы жывёл “Адданае сэрца”.

Гэты прытулак некамерцыйная, недзяржаўная арганізацыя, утрымліваецца на дабрачынныя грошы, існуе толькі за кошт энтузіязму некалькіх дзясяткаў валанцёраў, якія дапамагаюць жывёлам, якія апынуліся ў бядзе — катам і сабакам. Тут жа праводзяцца аперацыі, лячэнне, догляд, выкормліванне і выходжванне пацярпелых жывёл.

Асноўная мэта — скарачэнне колькасці бяздомных жывёл шляхам іх стэрылізацыі, пошуку новых гаспадароў.

Арганізатарам і ініцыятарам акцыі ў нашай школе выступіла навучэнка 9 класа старшыня піянерскай дружыны “Спадчынцы” Настасся Патаповіч. Інфармацыю пра Гро-дзенскае грамадскае аб’яднанне аховы жывёл “Адданае сэрца” і пра нашу акцыю яна размясціла ў сябе на старонцы “УКантакце” і на школьнай дошцы аб’яў.

Мы з дзецьмі вырашылі, што наша акцыя будзе накіравана на аказанне дзейснай дапамогі, г.зн. збор корму для гадаванцаў прытулку. Мы спецыяльна адмовіліся ад збору грашовых сродкаў, таму што не ў нашых сілах адсачыць іх мэтавае выкарыстанне, а ўсе намаганні накіравалі на адрасную дапамогу. Таму мы збіралі любыя кармы — сухія, крупы (аўсянку, прасяную кашу), макарону, мясныя кансервы; перавязачны матэрыял: бінты, вату, марлю, старыя прасціны або падкоўдранікі. Бо жывёлам робяць аперацыі, лечаць іх, выходжваюць.

На нашу прапанову дапамагаць аб’яднанню “Адданае сэрца” адгукнуліся многія навучэнцы школы, настаўнікі, тэхперсанал. У выніку акцыі была сабрана вялікая колькасць гасцінцаў. Мы арганізавалі экскурсію ў Гродна і ўсё адвезлі ў прытулак для жывёл. Дзеці доўга назіралі, з якой любоўю, увагай і клопатам даглядаюць жывёл валанцёры, як ласкава называюць іх па мянушках. А ў сумных вачах сабак запальваліся іскрынкі радасці і даверу да чалавека.

Мы ўнеслі толькі маленькую лепту ў рэалізацыю вялікай справы — скарачэнне колькасці бяздомных жывёл, але, на жаль, на вуліцах гарадоў і вёсак іх менш не становіцца. І вінаваты ў гэтым самі людзі. Яны павінны памятаць, што ў адказе за тых, каго прыручылі!

Алена РУСАК,
педагог-арганізатар
Мілевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.