Адданая школе і сям’і

Менавіта так можна сказаць пра Алену Леанідаўну Лянкову

Амаль восем гадоў яна кіруе не проста ўстановай адукацыі, а месцам, сцены якога сталі практычна другім домам і зыходнай кропкай на яе вялікім прафесійным шляху ад маладога спецыяліста да выдатнага кіраўніка.

Гэта сёння. А з чаго ўсё пачыналася?

Больш за 40 гадоў на зад Алена ўпершыню пераступіла парог гомельскай сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева. Маленькая першакласніца з вялізнымі белымі бантамі ў цёмных косах, з новым ранцам за плячыма і са шчырай цікавасцю ў вачах, з чаканнем чагосьці новага, незвычайнага. І закруцілася, завіравала яркае школьнае жыццё: стараста класа, старшыня піянерскай дружыны, камсарг школы, актыўная ўдзельніца шматлікіх мерапрыемстваў, правая рука класнага кіраўніка, сапраўдны лідар класа. Так імкліва праляцелі 10 гадоў. І вось выпускны вечар, у руках — запаветны атэстат.

Кім быць, у выпускніцы Алены сумненняў не было. Яна даўно вырашыла звязаць сваё жыццё з педагогікай. Перад вачыма заўсёды быў прыклад чуласці, жыццёвай мудрасці, справядлівасці і прафесіяналізму яе класнага кіраўніка — Антаніны Дзмітрыеўны Паўлюшынай. Філолаг па адукацыі, Антаніна Дзмітрыеўна змагла прывіць любоў да роднай мовы і літаратуры, зачаравала прафесіяй настаўніка.

Атрымаўшы дыплом педагога, Алена зноў пераступае парог сваёй школы, але ўжо ў якасці настаўніцы беларускай мовы і літаратуры.

Урокі Алены Леанідаўны заў­сёды былі запамінальнымі, займальнымі. Шчыры дзіцячы смех, невычэрпная дапытлівасць і няўрымслівасць вучняў прымушалі маладую настаўніцу жыць у тым жа рытме, што і яны. А для свайго класа яна была сапраўдным сябрам, другой матуляй. Не дзіўна, што ў 2001 годзе настаўніца стала пераможцай раённага конкурсу  “Наш класны — самы класны”.

Алена Леанідаўна — чалавек зацікаўлены, творчы, з тых, хто заўсёды ў пошуку новага. З кожным годам множыўся яе вопыт і прафесіяналізм. Паступова фарміраваўся характар сапраўднага лідара, чалавека, здольнага павесці за сабой іншых. І гэта не засталося па-за ўвагай кіраўніцтва — пачаўся новы, дзесяцігадовы, этап школьнага жыцця ў якасці намесніка дырэктара. І ўвесь гэты час побач быў надзейны памочнік і мудры настаўнік — дырэктар школы Сяргей Дзмітрыевіч Бяргункер. Менавіта яго пераемніцай лічыць сябе А.Л.Лянкова і, заступіўшы ў 2011 годзе на пасаду дырэктара, працягвае ўсе пачынанні Сяргея Дзмітрыевіча. А гэта і “Энергамарафон”, і работа “Школы беражлівых”, і музей баявой славы, і клопат пра ветэранаў, і актыўны алімпіядны рух, і летні валанцёрскі лагер, і яшчэ шмат таго, на што так багата школьнае жыццё.

Варта сказаць, што, дзякуючы разумнаму кіраўніцтву дырэктара, у апошнiя гады прэстыж школы ўзрастае. У скарбонцы ўстановы — перамогі ў прадметных алімпіядах, у тым ліку перамога ў апошнiм этапе Рэспубліканскай алімпіяды па кiтайскай мове, у вучняў школы пераможныя месцы ў мiжнародных канферэнцыях, якія праходзілі ў Малайзiі, Расiі і Балгарыі, а па вынiках цэнтралiзаванага тэсцiравання 2019 года сярэдняя школа № 44 імя М.А.Лебедзева заняла 3-е месца сярод школ Гомеля.

“Самая лучшая в мире — средняя школа сорок четыре!” — менавіта гэтым дэвізам кіруецца ў сваёй рабоце Алена Леанідаўна. Яна ўпэўнена, што добрая эмацыянальная атмасфера ў школе настолькі ж важная, як і якасць ведаў, якую нясуць дзецям педагогі, а жаданне вучыцца і вучыць напрамую залежаць ад псіхалагічнага клімату ва ўстанове.

Алена Леанідаўна — чалавек адданы працы і школе, з якой звязана ўсё яе жыццё. Яна ніколі не забывае пра сямейныя каштоўнасці. Яна не толькі выдатны настаўнік і кіраўнік, але і цудоўная жонка і маці. Кажуць, дзецям настаўнікаў заўсёды складаней, да іх большыя патрабаванні, на іх ляжыць большая адказнасць. А што казаць, калі твая маці — дырэктар? Дачка А.Л.Лянковай добра ведае, як гэта. З матуляй у Валерыі заўсёды былі сяброўскія адносіны, яна заўсёды адчувала падтрымку, але ведала: дома — маці, у школе — кіраўнік. Дзяўчына ўжо скончыла школу, а сваё імя ўпісала ў яе гісторыю як паспяховая ўдзельніца алімпіяд па беларускай мове і літаратуры — любоў да роднай мовы прывіла дачцэ Алена Леа­нідаўна. 

Сёння гомельская сярэдняя школа № 44 імя М.А.Лебедзева — гэта месца, дзе кожны знойдзе спагаду і падтрымку, дзе педагогі, дзеці і бацькі як адна вялікая сям’я, на чале якой стаіць Алена Леанідаўна Лянкова — маці, жонка, настаўніца, кіраўнік, проста добры і шчыры чалавек.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля.