“Мае вучні — гэта працяг мяне”, — з поўным правам можа сказаць пра сябе Сяргей Вікенцьевіч Хоміч, настаўнік Даматканавіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна. Зараз самы час, калі можна азірнуцца на пройдзенае, даць сваю ацэнку зробленаму, самакрытычна спытаць самога сябе: “Чаго ты дасягнуў?”
Пра гэта Сяргею Вікенцьевічу турбавацца няма чаго. Ён многа здзейсніў і нямала паспеў. Прыехаўшы ў 1985 годзе пасля паспяховага заканчэння Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры ў сваю родную Даматканавіцкую сярэднюю школу, ужо 33 гады С.В.Хоміч адданы справе фізічнага выхавання навучэнцаў. За гэты перыяд адбылося станаўленне Сяргея Вікенцьевіча як кампетэнтнага педагога, які ведае сваю справу: ад пачынаючага да настаўніка вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
Педагагічнае крэда С.В.Хоміча — “Не галоўнае — навучыць дзіця скакаць і кідаць на выдатна. Важна, каб яно зразумела: што, навошта, як, і было здаровым”. Дэвіз у жыцці — “Не бойся падаць — вучыся ўставаць!”.
Творчы, неабыякавы, з неспакойным сэрцам, ён адразу стаў любімым настаўнікам для школьнікаў, дасведчаным калегам для таварышаў па службе, паважаным чалавекам у вёсцы. Аднавяскоўцы выбралі яго дэпутатам Шчэпіцкага сельскага Савета.
Усе гэтыя гады ён аддае сябе спорту, дзецям, школе. Сяргей Вікенцьевіч знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Яго ўрокі — сапраўдная педагагічная творчасць, дзе кожны адчувае сябе спрытным, умелым, мужным. Яго пазіцыя — пазіцыя зацікаўленага настаўніка, уважлівага да меркавання вучняў. Дзейнасць Сяргея Вікенцьевіча накіравана на тое, каб выпрацаваць у школьнікаў сур’ёзнае стаўленне да свайго здароўя, асабістай фізічнай формы. Яго задача — сфарміраваць у дзяцей унутраны рэзерв, каб пераадолець цяжкасці, пабудаваць сваё жыццё. Сяргей Вікенцьевіч — педагог, які валодае навукова-тэарэтычнымі асновамі выкладання ўрокаў фізічнай культуры і здароўя, методыкай выкладання і аналізу вучэбна-метадычнай работы па фізкультуры.
С.В.Хоміч забяспечвае высокую якасць урокаў шляхам стараннага адбору сучасных форм і метадаў навучання, дакладнай арганізацыі і ўзаемасувязі ўсіх тыпаў урока, разумнага выкарыстання спартыўнага інвентару і абсталявання. Заняткі праходзяць эмацыянальна, на гульнявой і спаборніцкай аснове. Дзякуючы дыферэнцыраванаму і індывідуальнаму падыходу да навучэнцаў, выкарыстанню міжпрадметных сувязей, настаўнік дабіваеццца таго, што дзеці атрымліваюць звесткі ў галіне гігіены, валодаюць навыкамі самакантролю, вучацца аналізаваць, супастаўляць факты, актыўна аперыраваць атрыманымі ведамі, уменнямі і навыкамі.
Рэгуляванне нагрузкі на ўроку ажыццяўляе за кошт правільнага выбару метадаў арганізацыі дзейнасці (франтальныя, групавыя, кругавыя, індывідуальныя), мэтазгоднага выбару метадаў выканання фізічных практыкаванняў (паточны, па чарзе, адначасовы), за кошт прымянення арыенціраў, паказальнікаў, абмежавальнікаў, за кошт практыкаванняў у супраціўленні, прымяненні гульняў і эстафет, за кошт змянення любой рысы тэхнікі (становішча цела, напрамак руху, форма траекторыі, хуткасці, тэмпу, рытму), прымянення актыўнага адпачынку часцей, чым пасіўнага. Сяргей Вікенцьевіч дасканала валодае слоўнымі метадамі навучання (каманда, указанне, распараджэнне, ацэнка, тлумачэнне, гутарка, апісанне, дыдактычны расказ).
У працэсе вучэбных заняткаў настаўнік удзяляе вялікую ўвагу фарміраванню ў навучэнцаў маральна-валявых якасцей, выхаванню свядомай дысцыпліны, пачуцця таварыскасці і калектывізму. На ўроках Сяргей Вікенцьевіч паспяхова вырашае такія задачы фізічнага выхавання, як умацаванне здароўя, павышэнне працаздольнасці, выхаванне патрэбы ў сістэматычных занятках фізічнымі практыкаваннямі, развіццё валявых якасцей асобы, творчых здольнасцей навучэнцаў і прывіццё здаровага ладу жыцця. Развівае фізічную трываласць, дух спартыўнага саперніцтва. Ён прапагандуе прыгажосць спорту, здароўе і сілу, вучыць быць стойкім у дасягненні пастаўленай мэты. Пры гэтым улічвае ўзроставыя, фізіялагічныя, псіхалагічныя асаблівасці навучэнцаў. Да кожнага падыходзіць строга індывідуальна, у залежнасці ад стану здароўя і фізічнай падрыхтаванасці, падбірае разнастайныя практыкаванні. Заняткі нацэлены на развіццё каардынацыі, трываласці, хуткасці рухаў. Рэалізоўваючы фізкультурна-аздараўленчае развіццё навучэнцаў, Сяргей Вікенцьевіч выхоўвае ў іх такія чалавечыя якасці, як вера ў свае сілы, воля і ўменне пераадольваць цяжкасці, настойліва ісці да мэты. А ўсё гэта на спартыўных спаборніцтвах спрыяе дасягненню ўзроўню спартыўных поспехаў.
На сваіх уроках Сяргей Вікенцьевіч улічвае, што вучні аднаго ўзросту маюць розны ўзровень рухальнай падрыхтаванасці, розныя асаблівасці рэагавання на вучэбную нагрузку і фактары знешняга асяроддзя. Настаўнік умела праводзіць дыягностыку і маніторынг стану здароўя навучэнцаў, зыходных паказчыкаў фізічнай падрыхтаванасці школьнікаў і, асноўваючыся на выніках аналізу, падбірае адпаведныя заданні, практыкаванні на ўроках. Моцныя ў плане фізічнай падрыхтаванасці вучні — яго апора на занятках: яны сочаць за правільным выкананнем практыкаванняў у сваіх парах, групах, удзельнічаюць у судзействе. Настаўнік у залежнасці ад ступені развіцця сілавых здольнасцей, абапіраючыся на зону найбліжэйшага развіцця дзіцяці, выкарыстоўвае падводзячыя практыкаванні: адцісканні ад падлогі, хадзьба на руках, падцягванні з вісу лежачы, падцягванні з вісу з дапамогай сябра. Навучэнцы Сяргея Вікенцьевіча камфортна адчуваюць сябе на ўроках і трэніровачных занятках.
С.В.Хоміч — прыклад сучаснага выкладчыка, які ў сваёй рабоце паспяхова выкарыстоўвае педагагічныя і інфармацыйныя тэхналогіі, уважліва вывучае, аналізуе напрацоўкі школьнай практыкі, стварае дзецям аптымальныя ўмовы для заняткаў фізічнай культурай у школе. “Мая галоўная задача, — гаворыць Сяргей Вікенцьевіч, — не толькі дасягнуць выдатных спартыўных вынікаў школьнікаў. Хаця і гэта важна. Самае галоўнае — выгадаваць здаровых дзяцей, выхаваць дастойнае пакаленне, умацаваць нацыю”.
Сяргей Вікенцьевіч вядзе вялікую пазаўрочную работу з навучэнцамі: уцягвае ў спартыўныя секцыі па валейболе, баскетболе, футболе, настольным тэнісе, праводзіць школьныя спартыўныя мерапрыемствы. Вучні Сяргея Вікенцьевіча з’яўляюцца прызёрамі прадметнай алімпіяды. На працягу апошніх пяці гадоў навучэнцы займаюць прызавыя месцы ў раённай спартакіядзе. Вучні педагога адчулі смак перамогі ў розных відах спорту.
Сяргей Вікенцьевіч — чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, добры настаўнік-метадыст для маладых калег, надзейная і моцная апора для членаў калектыву. “З гадамі прыходзіць вопыт, прыходзяць вынікі. І шчаслівы той настаўнік, які не ўяўляе сябе без сваіх вучняў. Калі прадмет становіцца для цябе часткай тваёй душы, якую ты аддаеш іншым без астатку, тады можна сказаць, што ты адбыўся як настаўнік, як педагог, як чалавек”, — упэўнены Сяргей Вікенцьевіч.
Праца педагога заўважана: Сяргей Вікенцьевіч узнагароджаны пахвальнай граматай упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Клецкага райвыканкама, падзякай начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
Ірына САЛАТА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Даматканавіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна Мінскай вобласці.