Адданы сваёй справе

- 10:34Людзі адукацыі

Асаблівасцю жыцця ў сельскай мясцовасці з’яўляецца тое, што тут кожны адно аднаго ведае. А калі ты яшчэ і дырэктар школы, дык цябе, як кажуць, ведае і стары і малы. Калегі гавораць, што ён школу адкрывае і закрывае. Так вобразна можна сказаць аб адданасці сваёй справе дырэктара Мілевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна Міхаіла Адамавіча Хаміцэвіча.

Больш як паўстагоддзя назад у сям’і настаўнікаў Праскоўі Паўлаўны і Адама Сцяпанавіча нарадзіўся другі сын — Міхаіл. Варта падкрэсліць, што ў гэтай сям’і было чацвёра сыноў. Не часта бацькі могуць пахваліцца тым, што дзеці абралі і працягнулі пачатае імі. У сям’і Хаміцэвічаў усе чацвёра працягнулі справу бацькоў, бо з дзяцінства былі знаёмы з тонкасцямі і асаблівасцямі настаўніцкай працы. Прычым высокую пасаду займаюць трое — узначальваюць школу. Пра Міхаіла Адамавіча можна сказаць проста: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. І сапраўды, ён адзін з чацвярых застаўся ў роднай вёсцы.

Сваю педагагічную дзейнасць Міхаіл Адамавіч распачаў у 1985 годзе. За плячыма 32 гады педагагічнага стажу, а вочы гараць такім жа маладым і прагным жаданнем да ўсяго новага.

Скончыўшы Мазырскі педінстытут імя Н.К.Крупскай, разам з жонкай, настаўніцай фізікі і матэматыкі, быў накіраваны ў родную школу, якую на выдатна скончыў пяць гадоў назад. Малады настаўнік фізікі адразу стаў аўтарытэтам для старэйшых вучняў. Ёсць настаўнікі, якія не столькі знаёмяць навучэнцаў са сваім прадметам, колькі падштурхоўваюць іх да самастойных адкрыццяў, выпрацоўваюць у вучняў уменне разважаць і творча мысліць. Менавіта такім настаўнікам у свой час быў для мяне і маіх аднакласнікаў, а на сённяшні дзень для вучняў нашай школы Міхаіл Адамавіч. Заўважылі такія станоўчыя якасці ў пачынаючага педагога і старэйшыя калегі, і адміністрацыя. Таму праз некаторы час яго прызначылі намеснікам дырэктара. Міхаіл Адамавіч заўсёды вылучаўся інтэлігентнасцю, дасведчанасцю і тактоўнасцю.

З 2005 года М.А.Хаміцэвіч працуе дырэктарам школы.

— Работа для яго была заўсёды на першым месцы. Настолькі адказна ён ставіцца да кожнага супрацоўніка школы і вучня, душой перажывае за ўсё і ўсіх, — так пра яго гаворыць былы намеснік дырэктара школы Надзея Адамаўна Басарановіч. У дадатак падкрэслівае, што ў свой час школа страціла выдатнага настаўніка, але набыла добрага кіраўніка.

Міхаіл Адамавіч — настаўнік вышэйшай катэгорыі. Ён і педагог, і метадыст, і кіраўнік. Урокі інфарматыкі і працоўнага навучання, якія вядзе Міхаіл Адамавіч, без перабольшання з’яўляюцца любімымі ўрокамі дзяцей. Настаўнік імкнецца быць сябрам сваім вучням, бачыць у кожным дзіцяці асобу. Хлапчукі не баяцца звярнуцца да педагога па слушную параду ці тлумачэнне, бо ведаюць: ён кожнага ўважліва выслухае. І гэта дае свае вынікі. У многіх зацікаўленасць урокамі працы выліваецца ў праектную дзейнасць. Самыя яркія работы прадстаўляюцца ў розных конкурсах і займаюць пераможныя месцы як на раённых, так і на абласных выставах.

Выхаваўшы і даўшы пуцёўку ў жыццё траім сваім дзецям (усе атрымалі вышэйшую адукацыю, двое сыноў працягнулі справу бацькоў), педагог па-бацькоўску ставіцца да кожнага дзіцяці.

Міхаіл Адамавіч ідзе ў нагу з часам. Толькі такі настаўнік можа быць цікавы вучням і калегам. На сваіх уроках ён увесь час імкнецца прымяняць новыя формы і метады навучання, цікавыя як для вучняў, так і для настаўнікаў. Цудоўна валодаючы новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, М.А.Хаміцэвіч у свой час быў “першым настаўнікам” настаўнікаў па засваенні камп’ютарнай граматнасці.

Наведваючы ўрокі сваіх калег ён заўсёды знойдзе, за што пахваліць, падкажа, чым станоўчым і карысным трэба падзяліцца з іншымі, і, канечне, вельмі тактоўна ўкажа на недахопы і хібы праведзенага ўрока. Кожны настаўнік у яго як на далоні, таму і ведае Міхаіл Адамавіч, на што здольны яго калегі.

Неаднаразова вучням школы даводзілася абараняць гонар раёна на абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіядах на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Поспех такіх узроўняў — гэта не толькі здольныя вучні і працалюбівыя настаўнікі, гэта яшчэ і работа мудрага, уважлівага кіраўніка.

Адольф Дыстэрвег сцвярджаў, што настаўнікам трэба нарадзіцца. І Міхаіл Адамавіч нарадзіўся, каб быць ім. Ён з гонарам гаворыць: “Мая прафесія — мой лёс, але ганарыцца трэба не прыналежнасцю да прафесіі, а майстэрствам і тымі поспехамі, якія дасягнуты агульнымі намаганнямі кіраўніка, настаўніка і вучня”.

Валянціна ЕМЕЛЬЯНОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Мілевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.