Адданыя прафесіі і роднай зямлі. Сакрэтамі кіравання падзялілася дырэктар Гарадзецкай сярэдняй школы

- 13:00Интервью, Школа управления

Гарадзецкая сярэдняя школа, што ў Рагачоўскім раёне, уразіла і сваімі настаўнікамі, і навучэнцамі. Зладжаны вучнёўска­-педагагічны калектыў працуе эфектыўна. За кожным поспехам — карпатлівая праца і стратэгія развіцця. А на абароне інтарэсаў школы заўсёды стаіць дырэктар. Святлана Ткачова падзялілася з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” сакрэтамі кіравання.

— Святлана Фёдараўна, як даўно вы дырэктар і чаму ўвогуле выбралі педагогіку?

— На пасадзе дырэктара завяршаю свой 26-ы навучальны год. Пра настаўніцкую прафесію з дзяцінства не марыла (перад вачыма быў вопыт мамы, хіміка-біёлага). Але ў 10 класе, пасля дня самакіравання ў школе, калі мне даверылі правесці ўрок нямецкай мовы, я зразумела, што педагогіка — гэта маё. Разам з тым ніколі не думала, што магу стаць кіраўніком. Вельмі любіла свой прадмет і работу з дзецьмі. Імкнулася стаць добрым настаўнікам. Аднак прапанову ўзначаліць установу прыняла без ваганняў: хвалявалася моцна, але новае вельмі вабіла мяне. І цяпер, нягледзячы на багаты вопыт, адчуваю велізарную адказнасць за свае рашэнні і за ўсю маю вялікую школьную сям’ю.

— Кампетэнцыі кіраўніка школы сёння вельмі разнастайныя. Якія функцыі дырэктара, на ваш погляд, з’яўляюцца вызначальнымі?

— Лічу, што вызначальнай функцыяй з’яўляецца разумнае кіраванне. Адсюль выцякаюць уменні будаваць адносіны з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, фарміраваць каманду аднадумцаў, рацыянальна размяркоўваць ролі і дэлегаваць паўнамоцтвы. Безумоўна, трэба бачыць перспектыву, выразна ставіць мэты, вызначаць траекторыю руху. Сучасны дырэктар павінен быць стратэгам, менеджарам, арганізатарам і каардынатарам, тым, хто вядзе свой калектыў да поспеху.

— Якія дакументы для дырэктара школы самыя важныя?

— Міністэрства адукацыі прадастаўляе вельмі разумны пералік дакументаў, якія рэгламентуюць нашу дзейнасць. З імі неабходна ўмець працаваць і ведаць іх бездакорна. Безумоўна, ёсць дакументы, з якімі мы сутыкаемся часцей. Гэта гадавы план работы ўстановы, правілы ўнутранага працоўнага распарадку, статут, палажэнне аб установе. І іх не проста патрабуецца ведаць, іх неабходна адчуваць.

— Ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву (у пэўным сэнсе гуру)?

— Адназначна так. Кіраўнік сам павінен верыць у тое, што робіць. Стаць тым чалавекам для свайго калектыву, якому давяраюць, якога паважаюць, за якім ідуць. Вельмі важны аўтарытэт кіраўніка, які, дарэчы, не з’явіцца аўтаматычна з назначэннем. Аўтарытэт фарміруецца штодзённай карпатлівай працай. Кожнае прынятае рашэнне павінна быць аргументаваным, кіраўнік абавязкова павінен умець слухаць і чуць, абмяркоўваць, раіцца, паважаць іншае меркаванне, дзякаваць за дапамогу.

— А якія парады можаце даць пачынаючаму дырэктару?

— Не баяцца невядомага. Быць рашу­чым, адкрытым, крэатыўным, сумленным. Умець слухаць калег і даносіць свой пункт гледжання. Пастаянна самаўдасканальвацца. Памятаць, што быць дырэктарам — значыць быць часткай каманды, нацэленай на поспех.

Гасцінная настаўніца беларускай мовы і літаратуры Зінаіда Мурашка

— Ці існуе для вас такое паняцце, як ідэальная школа? Да чаго вы імкняцеся як дырэктар?

Для мяне ідэальнай з’яўляецца тая школа, куды ўсе з задавальненнем ідуць вучыцца і працаваць кожны дзень. Мне здаецца, што сёння на сельскую школу ўскладваецца куды больш важная задача, чым два дзясяткі гадоў назад. Мы ставім перад сабой мэту сфарміраваць у нашых вучняў пазітыўнае стаўленне да сяла, каб у будучыні яны вярталіся на малую радзіму спецыяліс­тамі. У нашай установе аграрны напрамак у старшых класах функцыянуе з 2019 года, але падрыхтоўка пачалася ўжо ў 2017 годзе. І аграрны профіль быў выбраны невыпад­кова.

Мы прааналізавалі сітуацыю, якая складваецца ў нашай мясцовасці з маладымі спецыялістамі, і вырашылі, што трэба старацца вяртаць моладзь у вёску, каб словы “дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” не былі пустымі. Нам не абыякавая будучыня нашай малой радзімы. 14 з 19 педагогаў нашай школы — мясцовыя жыхары.

Перад запускам аграрнага профілю мы прааналізавалі свае педагагічныя магчымасці і матэрыяльную базу. У выніку прыйшлі да высновы, што зможам рэалізаваць задуманае, а іменна запусціць аграрны кірунак з вывучэннем на павышаным узроўні бела­рускай мовы і біялогіі, а таксама абавязковага двухгадзіннага курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”.

Наступным крокам стала растлумачальная работа з навучэнцамі 8, 9 класаў і іх бацькамі (трэба было зламаць стэрэатыпы адносна аграрных прафесій). Вялікае значэнне мела першая экскурсія ў нашу славутую Беларускую дзяржаўную ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчую акадэмію, што стала штогадовай традыцыяй. Арганізоўваем сустрэчы з землякамі, студэнтамі, выкладчыкамі. Гэта заўсёды вельмі эфек­тыўна.

Першы выпуск аграрнага профілю быў у 2021 годзе. Навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі працягнулі ўсе пяць чалавек: адзін стане аграномам, другая — птушніцай, трэці — урачом, чацвёрты — фельчарам, пяты будзе работнікам рыбнай гаспадаркі. Сёлета ў складзе 11 класа таксама адкрыта аграгрупа з пяці чалавек. У перспектыве яны плануюць стаць работнікамі лясной прамысловасці, медыкамі і настаўнікамі хіміі і біялогіі. Усе разглядаюць варыянт паступлення па мэтавых накіраваннях.

Выбраны намі аграпрофіль зарэкамендаваў сябе. Вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні дае чаканы эфект. Усе на экзаменах паказваюць высокія вынікі.

— Наколькі важныя інавацыі для адукацыі? Як яны паўплывалі на вас і вашу школу?

— Сёння на змену педагогу-традыцыяналісту прыходзіць педагог-даследчык, выхавальнік, кансультант, кіраўнік праектаў, педагог з інавацыйным стылем мыслення, здольны да творчай прафесійнай дзейнасці, да самавызначэння і самаразвіцця. Такі педагог станоўча ўплывае на якасць навучання і выхавання ў адукацыйнай установе, стварае ўмовы для духоўнага развіцця дзяцей, ажыццяўляе асобасна арыентаваны падыход у навучанні. Акрамя таго, інавацыйная дзейнасць дазваляе ўстанове перайсці на больш якасную прыступку развіцця.

Інавацыйная дзейнасць прадугледжвае ўключэнне настаўнікаў у працэс асваення і выкарыстання педагагічных навінак у практыцы навучання і выхавання, стварэння ў школе пэўнага інавацыйнага асяроддзя. Сярод актуальных і перспектыўных інавацыйных метадаў і тэхналогій, якія актыўна выкарыстоўваюць нашы педагогі, можна назваць гульнявы метад (на ўроках у пачатковай школе), праблемнае навучанне, метад праектаў (на ўроках англійскай мовы, працоўнага навучання, геаграфіі), тэхналогію развіцця крытычнага мыслення. Настаўнікі-філолагі выкарыстоўваюць тэхналогію французскіх педагагічных майстэрань. Аднак, як сказаў С.І.Гесан, урок павінен быць прасякнуты творчасцю і разам з тым заставацца ўрокам. Таму ў нашых педагогаў пераважае сучасны традыцыйны ўрок як галоўная структураўтваральная адзінка адукацыйнага працэсу. Немагчыма пераацаніць каштоўнасць добра падрыхтаванага ўрока з выразна выбудаваным мэтапакладаннем.

— Як будуеце адносіны з бацькамі вучняў?

— З бацькамі наладжваем строгія адносіны на аснове супрацоўніцтва. Даўно адышлі ў нябыт дырэктыўныя бацькоўскія сходы. Мы зрабілі ўсё, каб усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу адчувалі асабістую датычнасць і значнасць. Падкрэсліваем пачуццё сямейнасці. Па гэтай прычыне абмеркаванне розных пытанняў, ці то арганізацыя харчавання, ці то правядзенне акцыі па добраўпарадкаванні населенага пункта, не выклікае цяжкасцей. Вельмі часта ініцыятыва аб правядзенні якіх-небудзь акцый па дапамозе сельскаму Савету, гаспадарцы зыходзіць ад саміх бацькоў. Прыемна, што нам давяраюць. Мы ж у сваю чаргу ў канцы навучальнага года трымаем публічную справаздачу перад бацькамі па ўсіх напрамках дзейнасці ўстановы.

Напэўна, банальнае “кадры вырашаюць усё” ў вясковай школе набывае асаблівую значнасць?

— Нашы педагогі — адданыя прафесіі людзі. Гэта галоўнае. З 19 пастаянных членаў калектыву 6 з’яўляюцца былымі вучнямі школы, 14 пражываюць на тэрыторыі сельскага Савета. Задачы перад педагогамі нязменныя: эфектыўна і вынікова вучыць і выхоўваць наша будучае пакаленне. У Год якасці якасць павінна быць ва ўсім. Мы актыўна працуем над рэалізацыяй гэтай задачы. Вынік ёсць. Аналізуем вучэбную дзейнасць, удзел у РЦЭ, РТ, вынікі рэспубліканскай кант­рольнай, зрэзаў па прадметах, актыўнасць і выніковасць у інтэлектуальных конкурсах. Кожны педагог разумее, што павінен уносіць свой уклад у скарбонку перамог установы.

Мы ганарымся сваімі маладымі спецыя­лістамі. За апошніх 5 гадоў двое з чатырох маладых спецыялістаў, адпрацаваўшы належны тэрмін, засталіся ў школе. Гэта настаўнікі англійскай мовы і пачатковых класаў. Вялікую ўвагу ўдзяляем развіццю школы настаўніцтва. Трымаем на кантролі размеркаванне педнагрузкі. Улічваецца ўсё: напаўняльнасць класаў, асноўныя гадзіны вучэбнага плана, факультатывы, стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі. Стараемся зра­біць так, каб і ў настаўніка-пачаткоўца, і ў педагога са стажам зарплата была дастойнай. Разам з тым імкнёмся ствараць такі расклад, каб заставаўся час і на дадатковыя заняткі, быў стымул удзельнічаць у конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях і прыносіць перамогі.

15 педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, ёсць адзін настаўнік-метадыст. Нашы педагогі — па­стаянныя ўдзельнікі і неаднаразовыя пераможцы конкурсаў прафесійнага і метадычнага майстэрства, за дасягнутыя поспехі ў рабоце многія ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама, галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі.

— Святлана Фёдараўна, Гарадзецкая сярэдняя школа — гэта…

— Лепшая сельская школа ў раёне. Школа з сучаснымі падыходамі ў навучанні і выхаванні, дзейнасць якой накіравана на задавальненне патрэб грамадства і дзяржавы. У навучальнай установе сфарміравана і пастаянна ўдасканальваецца сістэма работы з высокаматываванымі вучнямі, адным з асноўных напрамкаў якой з’яўляецца ўдзел у алімпіядным руху і інтэлектуальных конкурсах.

Мы падтрымліваем цікавасць навучэнцаў да даследчай дзейнасці праз удзел у штогадовых вучнёўскіх навукова-практычных канферэнцыях. І першыя крокі ў навуку аказваюцца паспяховымі. Так, у гэтым навучальным годзе Маргарыта Постал заваявала дыплом ІІІ ступені на абласной навукова-практычнай канферэнцыі па прыродазнаўчанавуковых і сацыяльна-гуманітарных напрамках “Пошук” (у секцыі “Інфарматыка”). Акрамя таго, яна стала пераможцай завочнага этапу турніру “Біном мехмата — 2024” БДУ. Рыхтавала Маргарыту Любоў Сяргееўна Чурвіна.

Нельга не адзначыць і перамогі нашых вучняў у розных конкурсах на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. У гэтым навучальным годзе нашы дзеці заваявалі 30 дыпломаў.

Настаўнік працоўнага навучання настаўнік-метадыст Аляксандр Атрохаў з вучнямі

Адным са спосабаў развіцця грама­дзянскіх якасцей моладзі з’яўляецца валанцёрскі рух. Будучы яго ўдзельнікам, дзіця пачынае ўсведамляць і свае патрэбы, атрымлівае магчымасць заявіць пра свае жыццё­выя прынцыпы, выказаць сваё ўнутранае “Я”, сваю грамадзянскую пазіцыю.

У школе створаны атрад “Дабратворцы”, удзельнікі якога асаблівую ўвагу ўдзяля­юць рэалізацыі праекта “Сяло — наш дом, мы навядзём парадак у ім”. Навучэнцы даглядаюць месцы воінскіх пахаванняў, арганізоўваюць акцыі па навядзенні парадку ў сельскім парку. Зусім нядаўна члены атрада правялі акцыю “Валанцёры — дзецям”, падчас якой займаліся добраўпарадкаваннем дзіцячай гульнявой пляцоўкі ў цэнтры вёскі — высадзілі там дрэўцы, пафарбавалі агароджу.

Наперадзе лета, і дзяцей чакаюць новыя планы і праекты. Так, важнай і цікавай справай абяцае быць праект “У пошуках скарбаў зямлі беларускай”, які плануецца рэалізаваць у рамках летняй лагернай змены, што дазволіць у нязмушанай, даступнай форме закласці ў дзецях асновы грамадзянскасці і патрыятызму.

— Прадукцыйнага вам лета і дзякуй за размову!

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алены КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВАЙ