Аддаючы дзецям часцінку свайго сэрца

- 10:29Людзі адукацыі

На працягу 20 гадоў Людміла Алегаўна Старавойтава працуе ў Рэчыцкім раённым ЦКРНіР. Апошніх сем гадоў — на пасадзе дырэктара. Пасля заканчэння Лоеўскага педагагічнага вучылішча яна атрымала размеркаванне ў Васілевіцкую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, дзе працавала выхавальнікам і адначасова вучылася завочна ў педагагічным універсітэце па спецыяльнасці “Настаўнік-тыфлапедагог”. Кожны дзень даводзілася ездзіць у Васілевічы з Рэчыцы, дзе яна жыла, 60 (!) кіламетраў у адзін бок. Такі працоўны графік было цяжка сумяшчаць з выхаваннем маленькіх дзяцей. Магчымасць працаваць у родным горадзе была для яе вельмі жаданай.

“У 1997 годзе, калі быў заснаваны Рэчыцкі ЦКРНіР, у ім функ­цыянавала толькі адна дашкольная група. Сёння тут пра­цуюць чатыры класы, адна дашкольная група і кабінет ранняй комплекс­най дапамогі. Установа размешчана ў адным будынку з сацыяльна-педагагічным цэнтрам, — расказала Людміла Алегаўна. —
У 2000 го­дзе мне прапанавалі стаць настаўнікам-дэфектолагам ранняй комплекснай дапамогі ў карэкцыйным цэнтры. Гэтай рабоце я прысвяціла 7 гадоў, што дазволіла назапасіць бясцэнны педагагічны вопыт. Я шмат чытала, павышала кваліфікацыю на курсах, знаёмілася з вопытам Гомельскага абласнога ЦКРНіР па раннім развіцці дзяцей. На практыцы спатрэбіўся мне і ўласны мацярынскі вопыт, я лепш адчувала маленькіх дзяцей. Ранні ўзрост шматфактарны. У той жа час ён вельмі дынамічны, маленькім дзецям не заўсёды можна паставіць дыягназ, і ў іх ёсць шмат часу для таго, каб іх стан змяніўся да лепшага”.

Колькасць дзяцей ранняга ўзросту, якія атрымліваюць дапамогу ў Рэчыцкім ЦКРНіР, пастаянна павялічваецца. Сучасныя бацькі зацікаўлены ў паспяховым развіцці сваіх дзяцей. На працягу многіх гадоў цэнтр займае вядучае месца ў вобласці па ахопе дашкольнікаў у параўнанні са школьнікамі. Але так было не заўсёды. У першыя гады работы цэнтра бацькі з дзецьмі да 3 гадоў рэдка звярталіся па дапамогу да педагогаў, у большай ступені яны чакалі парад ад медыкаў. Іх больш хваляваў фізічны стан дзіцяці, а не тое, ці ўмее яно штосьці рабіць, гаварыць.

“На першы погляд, праца­ваць з малымі да 3 гадоў проста і лёгка. Але ў гэтай прастаце павінна быць сістэма, — адзначае Людміла Алегаўна. — Спецыялісту даводзіцца разбірацца ў розных пытаннях, каб праводзіць заняткі, адказваць на пытанні бацькоў. У нашым цэнт­ры наладжана супрацоўніцтва з паліклінікай, з псіхіятрам і неўролагам, право­дзяцца міжведамасныя круглыя сталы, распрацаваны міжведамасны план па раннім умяшанні. Кіра­ваць такой установай, як наша, — вялікая адказнасц­ь. З аднаго боку, гэта кіраванне сама­стойнай установай, з другога — цэнтр каардынуе сістэму спецыяльнай адукацыі раёна, арганізоўвае метадычнае суправаджэнне настаўнікаў-дэфектолагаў, работу метадычных аб’яднанняў, правядзенне конкурсаў педагагічнага майстэрства, стварэнне рабочых груп па вырашэнні праблемных пытанняў, звязаных з якасцю адукацыйнага працэсу. Галоўнай для сябе задачай лічу стварэнне аптымальных умоў для паўнавартаснага функ­цыянавання і развіцця ўстановы. Сюды ўвахо­дзіць і зладжаная работа каманды высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія пастаянна павышаюць сваё педагагічнае майстэрства на курсах, падчас удзелу ў конкурсах, тыднях прафесійнага майстэрства. Дэмакратычны стыль узаема­адносін у калектыве дазваляе нам адчуваць сябе адной камандай, якая робіць вельмі патрэбную і важную справу”.

Пад кіраўніцтвам Людмілы Алегаўны Старавойтавай зроблены важныя крокі па стварэнні безбар’ернага адаптыўнага асяроддзя ў цэнтры. Каб прафесійна, своечасова і на належным узроўні аказваць дапамогу і падтрымку дзецям з рознымі парушэннямі, неабходна адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база, папаўненне якой ажыццяўляецца дзякуючы дабрачыннай дапамозе неабыякавых лю­дзей. За апошні час у цэнтры былі створаны гульнявая і спартыўная пляцоўкі, зона адпачынку, пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху, праведзена замена асфальтавага пакрыцця, набыты транспарт з пад’ёмным прыстасаваннем для падвозу навучэнцаў.

У класах цэнтра займаюцца дзеці, якія з-за пэўных абставін ніколі не змогуць пайсці ў звычайную школу. Задача калектыву ўстановы — знаходзіць шляхі павышэння якасці жыцця сваіх навучэнцаў, спрыяючы іх сацыялізацыі і тым самым развіццю інклюзіўных працэсаў у раёне. У грамадст­ве існу­юць розныя меркаванні аб асаблівых людзях, не ўсе адназначна рэагу­юць на іх. З мэтай фарміравання талерантных адносін да такіх дзяцей штогод цэнтрам арга­нізоўваецца і праводзіцца больш за 15 святочных мерапрыемстваў сумесна з установамі адукацыі, культуры, бацькамі, валанцёрамі. Навучэнцы, педагогі і валанцёры цэнтра з’яўляюцца актыўнымі ў­дзельнікамі міжнародных праектаў Trasquardi, “Сацыяльны патранат сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю”, дыпламантамі абласных і раённых конкурсаў для асоб з АПФР. Выхаванцы цэнт­ра ўдзельнічаюць у дзіцячых конкурсах разам з аднагодкамі, якія тыпова развіваюцца. У цэнтры праводзіцца шмат мерапрыемстваў і свят, на якія запрашаюцца госці з педкаледжа, школ.

“Працуючы на працягу многіх гадоў з дзецьмі, я прыйшла да высновы, што педагогамі не нараджаюцца — імі становяцца, пастаянна адточваючы сваё майстэрства. А работа з асаблівымі дзецьмі — гэта прызначэнне, — гаворыць Людміла Алегаўна. — Для мяне ўсе дзеці звычайныя, усіх прымаю такімі, якія яны ёсць. Па магчымасці ўвесь наш калектыў робіць так, каб час, які дзеці і баць­кі право­дзяць у цэнтры, быў для іх самым шчаслівым. Нашы педагогі адказныя, цярплівыя, валода­юць ведамі, майстэрствам і творчым патэнцыялам, шукаюць новыя формы, метады, прыёмы і тэхналогіі навучання і выхавання дзяцей з АПФР. Для мяне мой цэнтр — як родны дом, у якім многае перажыта, створана сваімі рукамі, сабрана літаральна па крупінках. Сваю работу я люблю за тое, што яна дае магчымасць сутыкацца са светам дзяцінства, за непаўторнасць і непрадказаль­насць кожнага дня. Аддаючы дзецям часцінку свайго сэрца, бачу вынік і сваёй працы, і працы ўсяго калектыву”.

Надзея ЦЕРАХАВА.