Адэкватная самаацэнка ў пачаткоўцаў

Традыцыйна ў практыцы школьнага навучання асноўную ўвагу мы ўдзяляем паспяховасці ў авалоданні ведамі і ўменнямі. Асобаснае развіццё дзяцей, на жаль, часта аказваецца не настолькі значным для нас, педагогаў, паколькі яно не ацэньваецца і не вызначае якасць нашай работы. Аднак сувязь паміж паспяховасцю навучання і асобасным развіццём дзіцяці існуе.

Вывучаючы асноўныя элементы актыўнай ацэнкі, я прыйшла да высновы, што ўсе складнікі гэтай методыкі так ці інакш скіраваны на фарміраванне адэкватнай самаацэнкі навучэнцаў.

Пастаноўка мэт мовай вучня. Калі вучань пачуў толькі тэму ўрока, але не ведае яго мэты, ён не будзе разумець, што ён павінен ведаць і навошта. Калі ж вучань ведае, навошта ён будзе гэта вывучаць, ён становіцца актыўным удзельнікам урока, можа арганізоўваць і планаваць сваю дзейнасць, свядома яе кантраляваць і ацэньваць. Мэта на мове навучэнцаў можа стаць сродкам вымярэння ў канцы ўрока ступені яе дасягнення, і гэта зможа зрабіць сам вучань.

Пачынаючы працаваць па методыцы актыўнай ацэнкі, я ў першую чаргу перагледзела свае фармальныя адносіны да мэты ўрока, бо мэта непарыўна звязана з працэсам ацэньвання. Чым дакладней навучэнец будзе ўяўляць, чаму ён павінен навучыцца на гэтым уроку, тым больш адэкватна ён зможа сябе ацаніць. Пры вызначэнні мэт асноўваюся на методыцы пастаноўкі SMART-мэт, вывяраючы іх па пяці важных крытэрыях: мэта павінна быць канкрэтнай, вымяральнай, дасягальнай, рэалістычнай, абмежаванай у часе.

Работа над мэтамі складаецца з трох этапаў: перад урокам вызначаю, да чаго я імкнуся. Потым прадстаўляю мэты ўрока навучэнцам ці выпрацоўваю разам з імі. У канцы ўрока вызначаем, чаго змаглі дасягнуць.

Прыклад пастаноўкі мэты ўрока.

Руская мова. 3 клас. “Род назоўнікаў”.

Мэта: плануецца, што да канца ўрока навучэнцы бу­дуць ведаць:

1) пра тое, што назоўнікі маюць род;

2) назвы родаў;

3) спосаб вызначэння роду назоўнікаў у адзіночным і множным ліку;

будуць умець:

1) вызначаць род назоўнікаў у адзіночным і множным ліку.

У 1 класе мэты ўрока на мове дзяцей прапаную сама. Разам з навучэнцамі іх агучваем, каменціруем. У пачатку навучальнага года, пакуль яшчэ не ўсе дзеці валодаюць навыкамі чытання, пры запісе мэт выкарыстоўваю сімвалы, малюнкі. Паколькі ў 1 класе многа ўрокаў тыпавых (вывучэнне новага гука і літар, лічбы і лікі), таму і мэты ўрока падобныя. У такіх выпадках нават першакласнікі маглі агуч­ваць мэты ўрока, абапіраючыся на схемы аналагічных урокаў.

Для дзяцей больш дарослых выкарыстоўваю розныя спосабы давядзення мэты.

  1. Пішу тэму на дошцы і прашу навучэнцаў вызначыць для сябе мэты на сённяшні ўрок. Прапановы сцісла фіксую на дош­цы, потым абагульняю сказанае. Такім чынам вызначаецца мэта навучэнцаў як вынік іх дзейнасці, які плануецца.
  2. “Ключавыя словы”. На дошцы пішу ключавыя паняцці ўрока. Прашу дзяцей спрагназаваць, што могуць абазначаць гэтыя паняцці. Што мы можам зрабіць, каб дакладна даведацца? Разам з навучэнцамі фармулюем мэты.
  3. Навучэнцам дэманструю тэст, які яны будуць выкон­ваць у канцы ўрока. Прапаную ім вызначыць, што неабходна для яго паспяховага выканання.
  4. Навучэнцы адзначаюць у таблічцы, што яны ўжо ведаюць па новай тэме, а што пакуль не, а потым на гэтай аснове фармулююць сваю мэту на ўрок.
  5. Прапаную навучэнцам выбраць для сябе мэту з прыведзенага спіса. Выбар стварае ўмовы для павышэння адказнасці і пазнавальнай актыўнасці.
  6. Ствараю праблемную сітуа­цыю, арганізоўваю фармулёўку ключавога (праблемнага) пытання. Дзеці прыходзяць да высновы, што для вырашэння сітуацыі, адказу на ключавое пытанне неабходна штосьці новае ведаць і ўмець. Гэтае “штосьці новае” называюць самі навучэнцы. Такім чынам яны вызначаюць мэту.

Самаацэнка і ўзаемная ацэн­ка. Актыўная ацэнка прадугледжвае выкарыстанне самаацэнкі вучнем ці ацэнкі з боку аднакласнікаў. Але раней неабходна фарміраванне самога дзеяння “самаацэнка” адносна рознага прадметнага зместу, бо ў навучэнцаў 1 класа вопыту па ацэньванні сябе ў вучэбнай дзейнасці яшчэ няма.

Фарміраванне гэтага дзеян­ня пачынаю падчас курса “Уводзіны ў школьнае жыццё” з рэтраспектыўнай ацэнкі праз выкарыстанне лінеечак, знакаў “+”, “-“, “+-“ ці колеравых сігналаў-кружочкаў. Першы крок: навучэнец ацэньвае сваю работу пасля таго, як я яе праверыла (выправіла памылкі). Атрымаўшы свой сшытак з выпраўленнямі, але без настаўніцкай ацэнкі, малодшы школьнік вывучае выпраўленні, свае памылкі і сам сябе ацэньвае па крытэрыях, якія я прапанавала ці выпрацавалі разам, напрыклад, “правільнасць — П.”. Другі крок: навучэнец ацэньвае сваю работу адразу пасля яе выканання, да маёй праверкі. Праверыўшы работу, стаўлю сваю адзнаку. Вынікі вучнёўскай самаацэнкі дазваляюць вылучыць групу школьнікаў з заніжанай ці завышанай самаацэнкай і карэкціраваць у далейшым іх самастойную ацэначную дзейнасць.

Прагнастычная самаацэнка — ацэнка будучай работы. Яна з’яўляецца пунктам росту самой здольнасці малодшых школьнікаў да ацэньвання сябе і фарміруецца на аснове ўжо сфарміраванай рэтраспектыўнай сама­ацэнкі. Сэнс прагнастычнай самаацэнкі заключаецца ў навучанні школьнікаў уменню разлічваць свае сілы і адэкватна здольнасцям прагназаваць вынік.

Адным з эфектыўных (і, што таксама важна, які не займае шмат часу) лічу прыём самаацэнкі з выкарыстаннем тэхнікі “святлафор”. Навучэнцы пасля таго, як выканалі заданне, падымаюць картку зялёнага, жоўтага ці чырвонага колеру, у залежнасці ад таго, як ацэньваюць сваю работу. (Зялёная картка — работа выканана добра, жоўтая — часткова, чырвоная — многае незразумела.) Я адразу бачу папярэдні вынік засваен­ня ведаў і магу карэкціраваць і сваю дзейнасць, і дзейнасць навучэнцаў на ўроку. Калі час не дазволіць унесці карэктывы, у мяне ёсць магчымасць зрабіць гэта на падтрымліваючых занятках ці на наступных уроках.

У 3—4 класах на ўроках паўтарэння і абагульнення ведаў выкарыстоўваю тэхніку “ацэначны ліст”. Навучэнцы на працягу ўрока ацэньваюць выкананне розных заданняў, фіксуючы ў балах свае дасягненні ў ацэначным лісце. Агульны бал за ўрок падсумоўваюць, параўноўваюць яго з максімальна магчымым. Пры падвядзенні выніку ўрока навучэнцы тлумачаць, што не дало ім магчымасці ста ць больш паспяховымі, над чым яшчэ трэба будзе папрацаваць.

У вучняў з’яўляецца самастойнасць і адказнасць за сваю работу. Зніжаецца трывож­насць, павышаецца самаацэнка ў слабых вучняў, бо яны таксама могуць выступіць у ролі настаўніка і не так хвалююцца пры праверцы іх работы.

Сістэматычнае і мэтанакі­раванае выкарыстанне ўсіх элементаў актыўнай ацэнкі спрыяе развіццю адэкватнай самаацэнкі, што ў сваю чаргу павышае адказнасць навучэнцаў за вынікі сваёй працы.

Ганна ПАЎЛЮКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 5 Смаргоні.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *