Адгадкі на біязагадкі

- 12:18Краязнаўства

Ці ведаеце вы, колькі небяспечных раслін жыве побач з намі: на дачных участках, ля дарог і вадаёмаў, у найбліжэйшым лесе? Як распазнаць атрутную расліну і аберагчы сябе ад яе ўздзеяння, што рабіць, калі ўсё ж такі атруціўся? Якія расліны, наадварот, лечаць і дапамагаюць нам быць здаровымі? Адказы — у новых кнігах “Опасные соседи. Дикорастущие ядовитые растения Беларуси” і “Зелёные лекари. Дикорастущие лекарственные растения Беларуси”, якія днямі прэзентавалі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.

Абедзве кнігі выйшлі ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” ў навукова-папулярнай серыі “Белорусская детская энциклопедия”, што выходзіць з 2015 года. За гэты час у серыі выпушчана 43 кнігі. У выданні “Опасные соседи. Дикорастущие ядовитые растения Беларуси” разгледжаны 12 атрутных раслін, якія можна сустрэць усюды і якія асабліва моцна могуць нашко­дзіць дзіцячаму арганізму. Як расказаў аўтар кнігі, навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі, магістр біялогіі Ула­дзімір Лябедзька, на тэрыторыі Беларусі расце больш за 2 тысячы раслін, з якіх звыш сотні асабліва небяспечныя для здароўя чалавека і могуць нанесці істотную шкоду. “Мэта кнігі — навучыць юнага чытача адрозніваць небяспечныя расліны, каб пазбегнуць атручэнняў і апёкаў”, — патлумачыў ён.

Другая кніга — “Зелёные лекари. Дикорастущие лекарственные растения Беларуси” — расказвае пра 12 самых звычайных, шырока распаўсюджаных лекавых раслін. Чытач пазнае шмат новага пра паходжанне іх назваў, мясціны, дзе яны растуць, гаючыя ўласцівасці і іх выкарыстанне ў штодзённым жыцці, тым больш многія з апісаных раслін можна заварваць і піць замест чорнага ці зялёнага чаю.

“Лекавыя і атрутныя расліны даволі павярхоўна асвятляюцца ў школьных падручніках па біялогіі. Але на самай справе тэма важная, і яе трэба ўзні­маць. Мы пастараліся выкласці навуковы матэрыял простай і зразумелай мовай, бо, як паказвае практыка, аналагічных звестак многа ў інтэрнэце, але там шмат памылак, — дадаў Уладзімір Лябедзька. — У нашай лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі назапашаны велізарны багаж ведаў не толькі па лекавых і атрутных раслінах, а наогул па ўсёй флоры Беларусі”.

У выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выходзіць і серыя для малодшых школьнікаў “Самые-самые”, дзе таксама падаецца шмат матэрыялу аб прыродзе. “У гэтай серыі мы паказалі свайго роду рэкорды расліннага свету: ад самага вялікага і старога дрэва — дуба, які расце ў Маларыцкім раёне і якому па ацэнцы навукоўцаў каля 800 гадоў, да самай маленькай раслінкі — вольфіі бескаранёвай”, — патлумачыў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі Сяргей Саўчук.

Аўтары і выдаўцы ўпэўнены, што гэтыя кнігі, добра праілюстраваныя фотаздымкамі і малюнкамі, арыентаваныя на шырокае кола чытачоў, будуць цікавымі і карыснымі не толькі школьнікам і настаўнікам на ўроках біялогіі і для падрыхтоўкі рэфератаў і дакладаў, а ўсім, хто цікавіцца дзівосным светам раслін. “Нашы выданні — для любога ўзросту, бо вельмі даступна напісаны. Таму і дарослы пашырыць свае веды, а пасля, выязджаючы на дачу, у лес, на адпачынак, зможа адрозніваць карысныя расліны ад небяспечных, — сказала дырэктар выдавецтва Вольга Ваніна. — Тым больш і свайму дзіцяці зможа расказаць які-небудзь незвычайны факт пра развіццё і жыццё той ці іншай расліны, і гэта, магчыма, настолькі зацікавіць дзіця, што яно захоча стаць батанікам або заолагам. Сапраўды, раслінны свет унікальны, дзівосны і непаўторны”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.