Адходы — у даходы

У сярэдняй школе № 2 Клічава імя Ф.І.Кавалёва прыярытэтную ўвагу ўдзяляюць фарміраванню экалагічнай культуры вучняў. Ва ўстанове пастаянна займаюцца пошукам і рэалізацыяй разнастайных экалагічных ідэй.

— Экалагічнае выхаванне навучэнцаў займае цэнтральнае месца ў вучэбным працэсе. Пытанні экалагічнай адукацыі разглядаюцца на ўроках і ў пачатковых, і ў старшых класах. Пэўная ўвага гэтаму напрамку ўдзяляецца і падчас пазакласнай дзейнасці, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Навумава.

Паводле яе слоў, вучні разам з педагогамі актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем і азеляненнем прышкольнай тэрыторыі, уборкай вуліц горада, удзельнічаюць у акцыях “Кармушка”, “Чысты бераг”, “Тыдзень лесу” і іншых. Гэтая дзейнасць фарміруе ў дзяцей неабходныя навыкі і веды па экалагічнай культуры. Веданне экалогіі дазваляе навучэнцам дасягаць станоўчых вынікаў у конкурсах работ даследчага характару, перамагаць у абласных злётах каманд школьных лясніцтваў, рэспубліканскіх злётах юных лесаводаў. Вызначыліся яны таксама ў злёце юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без меж”.

— Ініцыятарам усіх экалагічных пачынанняў у нашай школе з’яўляецца настаўнік біялогіі Наталля Аляксееўна Кніга. Патрэба рэалізаваць педагагічныя задумы і імкненне ўцягнуць дзяцей у практычную дзейнасць падштурхнулі Наталлю Аляксееўну да супрацоўніцтва з мясцовымі лясгасам, жылкамгасам, фермерскай гаспадаркай. Доўгае ўзаемадзеянне вылілася ў праект па арганічным земляробстве “Вермікантэйнер у кожны дом”. Сваю ідэю мы прадставілі на конкурсе мясцовых ініцыятыў ЕС ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” і перамаглі, — расказала Марына Сяргееўна.

У рамках ініцыятывы ва ўстанове рэалізоўваецца мадэль безадходнай сельскагаспадарчай вытворчасці з выкарыстаннем вермітэхналогіі. На прышкольным участку ўласнымі сіламі навучэнцаў і педагогаў устаноўлены дзесяць вермікантэйнераў, якія заселены чырвонымі каліфарнійскімі чарвякамі і рэгулярна запаўняюцца арганічнымі адходамі.

— На базе школы мы стварылі вучэбную эксперыментальную пляцоўку для практычнага навучання мясцовых жыхароў вермітэхналогіі, павышэння інфармаванасці насельніцтва аб выкарыстанні адходаў. Акрамя таго, шматлікія вермікантэйнеры былі перададзены ў хатнія гаспадаркі зацікаўленых людзей, — адзначыла Марына Навумава.

Разумеючы важнасць сваёй дзейнасці, мясцовыя школьнікі шчыруюць на вучэбнай пляцоўцы. Педагагічны ж калектыў установы перакананы: падобныя праекты не толькі павышаюць экалагічную культуру дзяцей, але і стымулююць іх да сацыяльнай актыўнасці, таму ў планах тут — рэалізацыя новых патрэбных ідэй.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.