Адказ ад удзелу ў галасаванні — безадказнае стаўленне да ўласнай краіны

- 16:42Выбары 2015

Грамадзяне, якія не прыходзяць на выбары, безадказна ставяцца да ўласнай краіны. Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў час анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што тыя, хто прыйшоў на выбары, падтрымліваюць дзяржаву. Разам з тым яна звярнула ўвагу, што калі ўвесці рэжым агітацыйнага маўчання на ўвесь перыяд выбараў, уключаючы датэрміновае галасаванне, то грамадзяне памруць ад суму. Выбаршчыкі проста не прыйдуць на выбары, таму што не будуць аб іх нічога ведаць.
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі падкрэсліла, што выбары – гэта заўсёды ўзмацненне палітычнай і інфармацыйнай актыўнасці. “І не трэба ад гэтага адмаўляцца”, – упэўнена яна.
Лідзія Ярмошына ў час анлайн-канферэнцыі паведаміла, што аб сваім намеры праводзіць экзітполы ў ЦВК заявілі дзве сацыялагічныя арганізацыі.
“Праводзіць экзітполы будуць далёка не ўсе сацыялагічныя арганізацыі, якія акрэдытаваны. Пакуль у Цэнтральную камісію з адпаведным хадайніцтвам звярнуліся толькі дзве. Калі іх дзве, значыць, будзе магчымасць параўнаць вынікі апытання. Я лічу, калі экзітпол праведзены якасна, то ён пакажа галоўныя тэндэнцыі гэтага дня выбараў”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Як паведамлялася, камісія па апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акрэдытавала шэсць сацыялагічных структур для правядзення апытанняў па прэзідэнцкіх выбарах і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне: інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, інфармацыйна-аналітычны цэнтр, Магілёўскі інстытут рэгіянальных сацыяльна-палітычных даследаванняў, Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый”, Інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў “Еўразійскі барометр”. Пры гэтым апошняя арганізацыя не з’яўляецца беларускай, а базіруецца ў Аўстрыі.
Паводле інфармацыі, якой валодае БелТА, прадстаўнікі “Еўразійскага барометра” ў хуткім часе прыбудуць у Беларусь і маюць намер праводзіць экзітполы. У сваю чаргу ў Маладзёжнай лабараторыі сацдаследаванняў растлумачылі, што яе прадстаўнікі плануюць ахапіць у дзень выбараў 308 участкаў, каб даць даныя з дакладнасцю плюс-мінус 5 працэнтаў. На кожным участку, у залежнасці ад яго маштабу, будуць задзейнічаны мінімум два інтэрв’юеры. Як правіла, гэта хлопец і дзяўчына. На буйных участках будуць таксама працаваць брыгадзіры, якія збіраюць даныя ў інтэрв’юераў. Работа гэтых груп пачнецца з 7.45. Плануецца, што вынікі будуць аб’яўлены 11 кастрычніка пасля 20.00.
Раней старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заяўляла, што правядзенне экзітполаў у дзень выбараў – традыцыйная для Беларусі практыка. Пры гэтым Цэнтрвыбаркам не заказвае іх правядзенне і не ўмешваецца ў гэты працэс. “Для гэтага трэба атрымаць адпаведную акрэдытацыю ў камісіі, якая ўтворана пры Савеце Міністраў, працуе на базе Нацыянальнай акадэміі навук”, – растлумачыла Лідзія Ярмошына. Прэтэндэнты на правядзенне экзітполаў павінны абавязкова прадставіць доказы, што члены каманды прафесійна валодаюць методыкай правядзення сацыялагічных апытанняў. Тыя, хто праводзіць апытанні, павінны мець адпаведныя бэйджы і дакументы.
Лідзія Ярмошына растлумачыла, чаму нельга абнародаваць даныя сацапытанняў аб выбарах у перыяд датэрміновага галасавання. Па словах старшыні ЦВК, публікацыя сацыялагічных справаздач у той момант, калі выбаршчык рыхтуецца прыйсці на ўчастак, можа значна паўплываць на светапогляд чалавека і яго выбар.
“Публікацыя даных сацапытанняў у той час, калі ідзе датэрміновае галасаванне, – гэты вельмі магутны ўплыў на мысленне чалавека. Чаму? Таму што людзям уласціва рабіць так, як гэта робіць большасць. Апублікаваўшы сацыялагічную справаздачу ў той момант, калі выбаршчык рыхтуецца прыйсці на ўчастак, можна значна паўплываць на светапогляд чалавека і яго выбар”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Яна лічыць, што ў адрозненне ад агітацыі, якая не забаронена перад выбарамі і з’яўляецца ўсяго толькі заклікам да пэўнага дзеяння, сацыялагічная інфармацыя непасрэдна ўплывае на ажыццяўленне гэтага дзеяння і мае большы эфект.
Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь гаворыць, што на працягу апошніх пяці дзён да выбараў або рэферэндуму не дапускаецца апублікаванне вынікаў апытанняў грамадскай думкі, звязаных з выбарамі, рэферэндумам, а таксама прагнозам іх вынікаў.
Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі ў час анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі расказала, чаму празрыстыя урны для галасавання ўстанаўліваюцца не ўсюды.
“Спецыяльнае рашэнне па ўстаноўцы празрыстых урнаў для галасавання не прымалася. Справа ў тым, што кожная ўчастковая выбарчая камісія абсталёўвае свой участак для галасавання, зыходзячы з уласных магчымасцей. Грошы ім на гэта не выдзяляюцца. Менавіта таму бюджэтныя арганізацыі не маюць магчымасці набыць сучаснае абсталяванне, а празрыстыя скрыні адносяцца да гэтай катэгорыі”, – расказала Лідзія Ярмошына.
Кіраўнік ЦВК дадала, што Цэнтрвыбаркам звяртаўся з просьбай да раённых, гарадскіх і абласных улад, каб яны знайшлі магчымасці або спонсараў для набыцця празрыстых урнаў. “Асабліва шмат празрыстых скрынь на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Можа, гэта ад таго, што там працуюць дзве фірмы па выпуску такога абсталявання”, – растлумачыла яна.
Практыка выкарыстання празрыстых скрынь прыйшла з іншых дзяржаў. “СМІ, наглядальнікі, некаторыя палітыкі настойваюць на іх прымяненні, таму мы па магчымасці набылі іх. Паступова яны будуць набывацца ў вялікіх аб’ёмах, але гэта не сведчыць аб тым, што ўсе ўчасткі для галасавання татальна пяройдуць на такія формы галасавання”, – заўважыла старшыня ЦВК.
Электронная форма галасавання зводзіць на нішто ананімнасць выбаршчыка. Выказала меркаванне старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.
“Электронная форма галасавання поўнасцю зводзіць на нішто яго ананімнасць. Як мы тады будзем выконваць адзін з галоўных прынцыпаў выбараў – тайнае галасаванне? Галасаванне з дапамогай подпісу, калі камп’ютар тут жа адзначае волевыяўленне, дае магчымасць пракантраляваць голас кожнага выбаршчыка. Такім чынам магчыма паўплываць на гэты голас. Таму, зразумела, такі спосаб не падыходзіць”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Кіраўнік ЦВК канстатавала, што электроннае галасаванне практыкуецца ў некаторых краінах свету. Напрыклад, нядаўна яго прымянялі на парламенцкіх выбарах у Кыргызстане. Таксама такая практыка ёсць у многіх краінах Лацінскай Амерыкі, у Інданезіі, на Філіпінах.
Лідзія Ярмошына адзначыла, што сам працэс электроннага галасавання забяспечвае складанае і дарагое абсталяванне, і ўсумнілася ў мэтазгоднасці яго набыцця. “Гэта вельмі дарагая тэхніка, і яна імгненна маральна старэе. Акрамя значных фінансавых затрат яна патрабуе і вялікай колькасці спецыяльна падрыхтаванага персаналу”, – сказала кіраўнік ЦВК.
У той жа час старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі заўважыла, што лічыць галасаванне праз інтэрнэт лагічным і апраўданым у якасці дадатковай формы галасавання для грамадзян, якія, напрыклад, знаходзяцца за мяжой у дзень выбараў.