Адказнасць перад памяццю

- 18:07Год гістарычнай памяці

Аб патрыятычным выхаванні моладзі праз удзел у пошукавай і даследчай дзейнасці ішла размова на рэспубліканскай канферэнцы ў Гомелі.

Педагагічнымі напрацоўкамі ў гэтай галіне падзяліліся ўдзельнікі форуму, які прайшоў на базе ўстаноў адукацыі Гомельскай вобласці ў вочным фармаце. Адначасова да ўдзельнікаў пленарных пасяджэнняў анлайн далучаліся людзі з усіх куткоў краіны. Прамая трансляцыя першага дня канферэнцыі вялася на інтэрактыўнай платформе патрыятычнага выхавання “Патрыёт.by”. 

Кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Ларыса Емяльянчык адзначае: навучыць патрыятызму нельга, да яго прыходзяць праз пэўныя практычныя справы:

— Напрыклад, важнае значэнне маюць ваенна-патрыятычныя лагеры. Мінулым летам мы рэалізоўвалі гэтую задачу праз профільныя змены, атрады. Сёлета мы павінны па-новаму паглядзець на іх арганізацыю. Нарматыўна нам будзе дазволена адкрываць такія лагеры на базе вайсковых часцей, што вельмі важна. У сувязі з гэтым неабходна наладзіць узаемадзеянне з вайсковымі часцямі і злучэннямі на тэрыторыі кожнага рэгіёна. Тым больш што Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржпагранкамітэт актыўна ідуць на супрацоўніцтва. Сапраўднымі патрыётамі становяцца тыя, хто ўдзельнічае ў пэўных практычных справах: добраўпарадкаванні пахаванняў, пошукавай і даследчай рабоце.

Лёс герояў

Пра тое, як гэтая работа праводзіцца сёння, расказалі педагогі. Уладзімір Гімбут выкладае гісторыю і з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. Таксама ён узначальвае аб’яднанне па інтарэсах “Пошук” у мазырскай сярэдняй школы № 16. Ён кажа, што для блізкіх вельмі важна ведаць, што іх прадзед, які доўгія гады лічыўся прапаўшым без вестак, загінуў за Радзіму:

— Мы здымаем невялікія фільмы пра лёсы герояў. У вёсцы Кошчычы Калінкавіцкага раёна мы знайшлі сведак, якія расказалі, як знішчалі і беларускія, і яўрэйскія сем’і. Мы знялі пра гэта фільм, і наш праект апынуўся ў дзясятцы лепшых у рэспубліцы. 

Педагог дадатковай адукацыі Васіль Чайка кіруе музеямі ў нараўлянскай сярэдняй школе № 2. Ён прывёз з сабой некалькі экспанатаў, якія знайшлі вучні за апошні час.

— За гады работы мы сабралі вельмі шмат экспанатаў. На мінулым тыдні бабуля прынесла нямецкі непрамакальны нататнічак — для фатаграфій. Усярэдзіне захоўваліся фота нараўлянскіх дзяўчат, якія былі сагнаны ў Германію. Са сцяны ў закінутай адрыне выпала папера: нямецкія грошы і даведка-дазвол. Яго бралі, каб праехаць у горад. Калі мы прыязджаем да старых людзей у вёскі, дзе засталося зусім мала жыхароў, яны радуюцца: да іх дзеці прыехалі. Ужо дзеля гэтага трэба наведваць старых людзей, бо ім хочацца з кімсьці пагаварыць. Вось так мы і знайшлі чырвонаармейскую кніжку, якая ўся спісана малітвамі — салдат прайшоў усю вайну з Богам. 

Пошук працягваецца

Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч падкрэслівае, што ва ўсіх рэгіёнах Беларусі працуюць пошукавыя клубы, атрады, групы, створаныя пры музеях устаноў адукацыі, навуковыя таварыствы навучэнцаў па вывучэнні ваеннай гісторыі малой радзімы… 

– Усяго ва ўстановах адукацыі краіны каля 400 такіх аб’яднанняў. Далучэнню дзяцей і моладзі да пошукавай даследчай дзейнасці спрыяюць доўгатэрміновыя рэспубліканскія праекты і акцыі патрыятычнай, краязнаўчай скіраванасці. У 2021 годзе навучэнцамі было прадстаўлена на рэспубліканскі ўзровень 50 сур’ёзных навуковых праектаў, якія маюць вялікае краязнаўчае значэнне. Захоўваецца памяць пра Вялікую Айчынную вайну, пра падзеі Грамадзянскай вайны, пра ўдзел беларусаў у Афганскай вайне і ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі. Нашы музеі — гэта наша гордасць. Ва ўстановах адукацыі каля 1,5 тысячы музеяў. 7% з іх — музеі баявой славы. Пры гэтым практычна ў кожным музеі ёсць экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Работа музеяў таксама спрыяе развіццю пошукава-даследчай дзейнасці, таму што яны зацікаўлены ў папаўненні фондаў. 

— Сёння ў сістэме адукацыі на першае месца выходзіць выхаванне, — адзначае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Жданавіч. — Вельмі важна, хто дзецям расказвае пра гісторыю, якая асоба перад імі. Наша задача — распаўсюджваць вопыт лепшых, расказваць пра цікавыя формы работы. Так, навучыць патрыятызму нельга, але можна знайсці нішу для кожнага дзіцяці, дзе яно будзе займацца патрыятычнай тэмай, — і ў маленькай сельскай школе, і ў вялікай гарадской.

Пошукава-даследчая работа дапамагае ўсвядоміць датычнасць да спраў нашых продкаў, вывучыць свае карані, адчуць непарыўную сувязь з папярэднімі пакаленнямі. Яна мабільная як па часе, так па выніковасці, а значыць, найбольш прывабная для навучэнцаў, якія далучаюцца да пошуку, вывучэння гісторыі, нацыянальных традыцый нашага народа. Дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра турызму і экалогіі дзяцей і моладзі Антон Марозаў упэўнены, што практычная значнасць удзелу ў пошукава-даследчай дзейнасці ў тым, што яна мае не толькі навучальны, але і выхаваўчы характар, фарміруе лепшыя якасці: прынцыповасць, сумленнасць, гуманнасць, мэтанакіраванасць, грамадзянскасць і патрыятызм.

— Ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці створана 30 аб’яднанняў па інтарэсах пошукавай накіраванасці. Намі распрацаваны абласныя міжведамасныя праекты. Гэта, напрыклад, конкурс “Юны архівіст”, які пройдзе ўпершыню. Мы спадзяёмся, што ён стане традыцыйным, толькі штогод будзе мяняцца яго тэматыка. У гэтым навучальным годзе вызначана тэма “Мае землякі — героі Вялікай Айчыннай вайны”. Абласны агляд-конкурс экспазіцый, прысвечаных ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане і іншых “гарачых кропках”, стаў традыцыйным, і мы толькі што падвялі яго вынікі. 

Мэта канферэнцыі “Пошукавая і даследчая дзейнасць як эфектыўны сродак патрыятычнага выхавання навучэнцаў” — удасканаленне дзейнасці ўстаноў адукацыі па патрыятычным выхаванні ў рамках рэалізацыі рэспубліканскага Плана мерапрыемстваў па правядзенні ў 2022 годзе Года гістарычнай памяці. Тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак па ўсёй краіне займаюцца пошукавай і даследчай работай. Ім адкрываюць доступ да афіцыйных крыніц, аблічбаваных дакументаў. Вынікам сумеснай з куратарамі работы становяцца навуковыя даследаванні, стварэнне інфармацыйных рэсурсаў, кніг памяці, інтэрактыўных пляцовак, аднаўленне імён невядомых байцоў, папаўненне музейных экспазіцый… 

Клуб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Памяць” і музей вайсковай доблесці Гомельскага аўтамеханічнага каледжа ўзначальвае майстар вытворчага навучання Сяргей Чучвага. Клуб удзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, такіх як “Гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, “Брэсцкая крэпасць”, “Салаўёва пераправа”.

Свой вопыт пошукава-даследчай дзейнасці педагог неаднаразова трансліраваў на абласных і рэспубліканскіх пляцоўках. Вось і падчас правядзення рэспубліканскай канферэнцыі яе ўдзельнікі ўбачылі фрагмент “бою” — рэканструкцыю ваенных падзей, праведзеную на тэрыторыі Гомельскага кадэцкага вучылішча. 

У гэтай установе адукацыі пошукавы клуб “Пунсовыя пагоны” ўзначальвае настаўнік гісторыі Павел Дзенісенка. Ён разам з кадэтамі займаецца аднаўленнем імён салдат і афіцэраў, якія аддалі жыццё пры абароне Радзімы. Педагог праводзіць майстар-класы па пошукавай рабоце, семінары для настаўнікаў дапрызыўнай падрыхтоўкі, чытае лекцыі па пошукавай рабоце ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, з’яўляецца ініцыятарам стварэння рэспубліканскай пошукавай Асацыяцыі кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў, Мінскага сувораўскага вучылішча. Павел Уладзіміравіч самым галоўным дасягненнем лічыць права працаваць разам з асобным 52-м спецыялізаваным пошукавым батальёнам. 

Дакрануцца да гісторыі

— Мы адзіныя ў краіне, хто мае такое права. Вельмі важна, што атрымалася падняць з зямлі і перапахаваць астанкі 613 чалавек, больш як 800 імён устаноўлена па дакументах. Мы даём магчымасць школьнікам дакрануцца да гісторыі — і гэта самае галоўнае. Многія дзеці працягваюць гэтую дзейнасць і пасля паступлення ва УВА, некаторыя адкрываюць для сябе раней невядомыя факты пра сваіх сваякоў-франтавікоў. Летась наш клуб быў прызнаны лепшым у рэспубліцы па арганізацыі пошукавай работы сярод навучэнцаў. 

Кадэты-другакурснікі Міхаіл Дземідзенка і Віталь Байлукоў ужо працавалі на раскопках. Хлопцы сваімі рукамі перакладалі ў кантэйнеры астанкі загінуўшых для іх дастойнага пахавання:

— Мы сваіх не кідаем, — кажа Міхаіл, — і хаваем у адпаведнасці з хрысціянскімі традыцыямі. Знаходзілі смяротныя медальёны, манеты, ключы, асабістыя рэчы людзей: грабяні, брытвы, гадзіннікі… Некаторыя з выдрапанымі надпісамі, імёнамі. Далей пачынаецца работа на спецыялізаваных сайтах па пошуку пэўнага чалавека.

— Першы раз вельмі цяжка эмацыянальна, — падтрымлівае сябра Віталь. — Ты ж не ўяўляеш, што там адбывалася насамрэч. Бачыш косткі, чарапы — мандраж па целе. Але непрытомнасць мы не трацілі. Гэтай восенню раскопвалі ахвяр генацыду. Гэта жудасна. Цэлая яма з астанкамі. Ты ў такой сітуацыі адчуваеш адказнасць перад памяццю пра тых, хто загінуў. Трэба паважаць памяць гэтых людзей.

Кіраўнік клуба Павел Дзенісенка пацвярджае: такая работа моцна мяняе дзяцей. 

— Яны пачынаюць больш разумець, што насамрэч адбывалася падчас вайны. Дзеці вельмі хутка сталеюць. Важна і тое, што нашы кадэты сустракаюцца са сваякамі, для якіх знайсці астанкі продкаў было справай жыцця. Дзеці пачынаюць цікавіцца лёсамі сваіх продкаў — і знаходзяць сапраўдных герояў сярод сваякоў. У адной дзяўчынкі, як высветлілася, прадзед ваяваў у адным партызанскім атрадзе з Пятром Машэравым і жыў з ім у адной зямлянцы. Фатаграфіі ў сямейным альбоме захаваліся. У кагосьці сабраны сямейныя архівы, а хтосьці знаходзіць нешта з нуля. Важна, каб дзеці ведалі не толькі герояў “сусвету Марвел”, але і тых герояў, якія былі ў іх родзе, сваіх продкаў, герояў вайны. 

У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства абароны і падведамасных ім устаноў, дзяржаўных устаноў і грамадскіх аб’яднанняў, устаноў дадатковай адукацыі Беларусі і Расіі, педагогі з усіх рэгіёнаў краіны. 

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара