Адказнасць за прыроду як стыль жыцця

Гэта стала дэвізам для кожнага, хто штодзень прыходзіць у сярэднюю школу № 3 Пінска вучыцца і працаваць. На працягу некалькіх гадоў школа з’яўляецца  пляцоўкай для рэалізацыі цікавых і дзейсных экалагічных праектаў, з’яўляецца Брэсцкім абласным рэсурсным цэнтрам комплекснай падтрымкі адукацыі для ўстойлівага развіцця. І галоўным ініцыятарам і натхняльнікам зялёных спраў стала дырэктар школы Алена Лабачэўская.

“Ялюблю вучыцца і люблю, каб усе навокал вучыліся. Толькі так людзі становяцца цікавымі, прафесійна-дасведчанымі, а не застаюцца вузкімі спецыялістамі ў адным нейкім кірунку”, — абгрунтоўвае сваю пазіцыю Алена Мікалаеўна.

У яе самой шмат спецыяльнасцей. Яна метадыст па выхаваўчай рабоце, педагог па музыцы, мае медыцынскую адукацыю, скончыла аспірантуру па сацыялогіі, сертыфікаваны трэнер па сацыяльным прадпрымальніцтве, і сёння бесперапынна працягвае сваю адукацыю падчас шматлікіх курсаў і стажыровак у Еўропе і ЗША, каб потым самы цікавы вопыт прымяняць у сваёй школе і горадзе. Спрыяе такому ж рознабаковаму развіццю і навучанню калег са сваёй школы. І, канечне, прывучае пастаянна пашыраць кругагляд школьнікаў. І галоўная сфера тут — экалогія.

“Экалагічнае выхаванне і адукацыя ў сучасным свеце маюць асаблівае значэнне. Бадай, гэта галоўнае для нас, педагогаў, — выхаваць чалавека, які будзе адказна ставіцца да навакольнага асяроддзя. Мы нічога не навязваем, а спрабуем вучыць на прыкладах. І ў выніку мяняецца не толькі мысленне ў дзяцей, але і лад жыцця іх сем’яў. Гэта значыць, бацькі пачынаюць разумець важнасць экалагічна дасведчанага ладу жыцця”, — расказвае Алена Мікалаеўна.

Вось чаму ў яе школе, пачынаючы з малодшых класаў, закладваецца мадэль экалагічна адказных паводзін. У фае і на ўсіх школьных паверхах ужо гадоў шэсць актыўна напаўняюцца кантэйнеры для другаснай сыравіны: пластыку, батарэек, люмінесцэнтных лямп, макулатуры, шкла і нават металу. Так, у якасці эксперыменту дзеці падлічылі, колькі металу выкідвае сям’я кожнага з іх пасля навагодніх свят. Аказваецца, бляшанак ад шпротаў, гарошку, кукурузы, алівак, грыбоў, персікаў у сярэднім паўкілаграма.

Вывучаючы праблематыку ўтылізацыі розных адходаў, школьнікі прыйшлі да высновы, што ў Беларусі не раскрыта тэма пратэрмінаваных і сапсаваных лекавых сродкаў, якія знаходзяцца ў дамашніх аптэчках. Фактычна іх не ўтылі­зуюць, а проста выкідваюць на сметнік або зліваюць у каналізацыю. На гэтую тэму школьнікі напісалі навуковую работу, у якой, па выніках апытання педагогаў і бацькоў, прыйшлі да высновы, што рэспандэнты ў большасці сваёй гатовы збіраць такія лекі ў спецыяльныя кантэйнеры. І лепш, каб яны знаходзіліся ў аптэках. Так нарадзіўся ўнікальны для Беларусі праект, які быў падтрыманы на рэспубліканскім конкурсе “Зялёнка”, накіраваны на выяўленне цікавых ідэй у сферы экалогіі, і былі выдзелены сродкі на ўстаноўку спецыяльных кантэйнераў для збору сапсаваных таблетак у аптэках Пінска, каб адпрацаваць механізм іх наступнай утылізацыі. Праект прызналі адным з лепшых у краіне, і ён стаў штуршком для вырашэння праблемы ўтылізацыі сапсаваных лекаў у краіне ў цэлым, каб мінімізаваць шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе гэтага віду адходаў.

Цяпер дзіцячыя даследаванні прымусілі дарослых затурбавацца наконт адсутнасці механізму ўтылізацыі адпрацаванага, небяспечнага для прыроды парашку пасля запраўкі картрыджаў у прынтарах, якія сёння ёсць у кожнай школе і амаль у кожнай сям’і. 

Апошняя ініцыятыва Алены Мікалаеўны — праект “Адходы ў даходы”.

“Мы звярнулі ўвагу на тое, што ў нашай школьнай сталовай пры гатаванні ежы ўтвараюцца пярвічныя арганічныя адходы ад перапрацоўкі агародніны і фруктаў: ачысткі морквы, бульбы, буракоў і інш. За год — тона. З усіх школ Пінска — 20 тон у год. Калі іх проста выкінуць на сметнік, яны будуць утвараць парніковы эфект. А Пінск у 2018 годзе падпісаў Пакт мэраў, далучыўшыся да ініцыятывы па зніжэнні выкідаў парніковых газаў. І таму мы стварылі бізнес-кампанію, заснаваную на арганічнай перапрацоўцы адходаў чарвякамі, якія нам прадаставілі спецыялісты Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у біягумус”.

Пакуль у школе 10 вермікампосцераў, у якіх перыядычна ўтвараецца каля 12 літраў біягумусу. На ім дзеці ставяць эксперыменты: укараняючы чаранкі самшыту, туй, ядлоўцу, вырошчваючы кветкі, даказваюць карысць біягумусу. Тэарэтычна з адной тоны кампосту можа атрымацца да 600 кілаграмаў арганічнага ўгнаення. Праўда, пакуль пра манетызацыю тут размову не вядуць — гэта хутчэй экалагічны складнік, каб паказаць, як не нашкодзіць прыродзе. Але факультатыў “Асновы прадпрымальніцтва”, які вядзе ў старшакласнікаў дырэктар, папулярны.

Калі справы ў юных бізнесменаў пойдуць угору, яны набудуць гідрафільную ўстаноўку, якая дазваляе вырабляць з чарвяка спецыяльную бялковую муку, што ідзе на корм птушкам і выкарыстоўваецца ў вытворчасці амаладжальнай касметыкі класа “люкс”. З больш амбіцыйных планаў — наладзіць здабыванне цукру стэвіі, вырашчанай на біягумусе.

У межах супрацоўніцтва з біятэхналагічным факультэтам Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта днямі на прышкольным участку высадзілі 20 кустоў буякоў, а ўвосень пасадзяць бружмель. 

“Пры падтрымцы шведскага форуму мы выйгралі міні-грант і адкрылі Цэнтр па хімічнай бяспецы. Правялі шэраг семінараў, пагля­дзелі на ўтрыманне небяспечных хімічных рэчываў у цацках, бытавой хіміі і інш.

Нядаўна мы прымалі ўдзел у праграме трансгранічнага супрацоўніцтва з Польшчай і Украінай, і літаральна пазаўчора наш праект па прыродаахоўнай дзейнасці быў адабраны для рэалізацыі. Цяпер мы атрымаем фінансаванне ў памеры 28 тысяч еўра на прырода­ахоўныя мерапрыемствы ў рэгіёне, а таксама на адкрыццё і абсталяванне на базе школы міні-цэнтра для вывучэння мясцовых раслін і іх карысці выкарыстання ў быце. Плануем выдаць і зборнік, дзе будуць змешчаны рэцэпты страў з траў. На гэтыя сродкі будзе выса­джана і гарадская ліпавая алея.

Мы павінны рабіць усё, што ў нашых сілах, каб прынесці ка­рысць свайму роднаму гораду. А для педагога — гэта галоўнае імкненне. Мы абавязаны быць прыкладам для іншых і вучыць адказнасці ў адносінах да прыроды”, — гаворыць Алена Мікалаеўна.

Ініцыятывы А.М.Лабачэўскай выклікалі цікавасць у наведвальнікаў XVIII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Больш падрабязна пра вопыт педагогаў, прадстаўлены на выставе, чытайце ў нашым сённяшнім дадатку “Шосты дзень”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.