Адказная задача ўлады — апраўдаць высокі давер народа

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Перамога Аляксандра Лукашэнкі на выбарах Прэзідэнта Беларусі 11 кастрычніка 2015 года — яскравае сведчанне высокага даверу народа да прэзідэнта і сацыяльна-эканамічнага і палітычнага курсу, які ён праводзіць. Аб гэтым заявіў 15 кастрычніка Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні дзясятай сесіі Савета Рэспублікі.

Міхаіл Мясніковіч ад Савета Рэспублікі павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з выбраннем на пасаду Прэзідэнта Беларусі і пажадаў яму далейшых поспехаў на карысць краіны, здароўя і дабрабыту.
“Уладзе ў цэлым, а значыць, і нам з вамі пастаўлена адказная задача апраўдаць высокі давер народа, які быў прадэманстраваны чарговы раз на выбарах прэзідэнта. Сёння кожны з вас павінен крытычна ацаніць узровень сваёй парламенцкай работы, намеціць для сябе і рэалізаваць сістэму мер па развіцці эканомікі і вырашэнні сацыяльных і палітычных задач”, — адзначыў Старшыня Савета Рэспублікі.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, работа на месцах можа быць больш эфектыўнай, Савету Рэспублікі трэба садзейнічаць больш паспяховай рабоце прадпрыемстваў і мясцовых Саветаў дэпутатаў, вырашаць праблемы простых людзей канструктыўна, з улікам заканадаўства і мясцовых асаблівасцей.
Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні дзясятай сесіі заявіў, што праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады разгледзіць V Усебеларускі народны сход.
Падрыхтоўка прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, рэспубліканскага бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год уступіла ў завяршальную стадыю. У хуткім часе будзе падрыхтаваны і праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады, паведаміў Міхаіл Мясніковіч.
Паводле яго слоў, Савет Рэспублікі вядзе ўсебаковую прапрацоўку гэтых дакументаў, прыцягваючы парламентарыяў, вядомых спецыялістаў і вучоных. “Мы пачалі ўжо работу. Створана кампетэнтная рабочая група, першыя прапановы мною перададзены прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову і старшыні праўлення Нацыянальнага банка Паўлу Калауру”, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.