Адказны выбар

- 8:05Суразмоўца, Суразмоўца

Сістэма прафесійнай адукацыі цэнтральнага рэгіёна: што сабой уяўляе, як трансфармуецца і якія змяненні яе чакаюць. Аб гэтым пагутарылі з начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалаем Башко.

— Адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэалізуюцца ў 37 установах адукацыі вобласці. У іх лік уваходзяць 12 прафесійных ліцэяў і 12 каледжаў, якія падпарадкоўваюцца галоўнаму ўпраўленню па адукацыі Мінаблвыканкама, — расказвае Мікалай Мікалаевіч Башко. — У 24 установах навучэнцы на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі асвойваюць 33 спецыяльнасці і 77 кваліфікацый. А на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 38 спецыяльнасцей. Штогод каля трох тысяч маладых людзей атрымліваюць рабочую прафесію і прыкладна паўтары тысячы чалавек становяцца спецыялістамі ў той ці іншай справе. Шматфункцыянальнасць і шматпрофільнасць — характэрныя рысы прафесійнай адукацыі. Больш за 82 працэнты выпускнікоў асвойваюць дзве прафесіі і больш. Падрыхтоўка навучэнцаў носіць практыка-арыентаваны характар, вытворчая практыка пераважна праходзіць ва ўмовах рэальнай вытворчасці і павялічана з шасцісот гадзін да тысячы.

Рэалізуецца пілотны прафарыентацыйны праект “Навучэнец на тыдзень” або “Навучэнец на дзень”. У ім ужо прынялі ўдзел больш за тысячу юнакоў і дзяўчат.

— Якую ролю ў атрыманні практычных навыкаў адыгрываюць абласныя рэсурсныя цэнтры вытворчага навучання?

— Навучэнцы ліцэяў і каледжаў праходзяць практыку, выконваюць лабараторныя і практычныя работы ў сямі рэсурсных цэнтрах рэгіёна, якія аснашчаны высокатэхналагічным абсталяваннем, сучаснымі тэхналогіямі і найноўшымі сродкамі навучання. Рэалізуючы прынцып апераджальнай падрыхтоўкі, тут таксама павышаюць кваліфікацыю рабочыя, спецыялісты і педагогі вобласці. Летась у рэсурсных цэнтрах прайшлі навучанне больш за дзве тысячы навучэнцаў і 39 педагогаў.

Напрыклад, у рэсурсным цэнтры грамадскага харчавання ў Слуцкім дзяржаўным каледжы праводзяцца практычныя заняткі для кухараў з выкарыстаннем самага сучаснага тэхналагічнага абсталявання. У Смілавіцкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі навучэнцы выпрацоўваюць навыкі кіравання самаходнай машынай, вывучаюць прынцыпы і рэжымы работы вузлоў і агрэгатаў у лабараторыі, абсталяванай трэнажорамі з сістэмай дынамічнай рухомасці, 3D-візуалізацыяй, якія імітуюць працэсы рэальнай вытворчасці. У Барысаўскім дзяржаўным каледжы ўстаноўлена сучаснае абсталяванне з электронным кіраваннем для пашыву вырабаў з эластычнай і трыкатажнай тканіны. У Маладзечанскім дзяржаўным каледжы створаны ўсе ўмовы для вывучэння вытворчасці будаўніча-мантажных і рамонтных, аддзелачных і будаўнічых работ, санітарна-тэхнічнага абсталявання будынкаў і збудаванняў.

— Што змянілася ў сістэме падрыхтоўкі спецыялістаў ва ўстановах ПТА і ССА за апошнія гады?

— У эпоху лічбы патрабуецца ўкараненне ў адукацыйны працэс рэсурсаў, створаных з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Ва ўстановах адукацыі распрацоўваюцца і актуалізуюцца электронныя вучэбна-метадычныя комплексы, якія змяшчаюць у сабе вучэбныя і кантрольныя заданні, наглядныя матэрыялы і адпавядаюць патрабаванням новых адукацыйных стандартаў. Актыўна выкарыстоўваюцца адукацыйныя рэсурсы з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці, электронныя вучэбныя дапаможнікі, асабістыя сайты і блогі выкладчыкаў, віртуальныя інфармацыйна-метадычныя кабінеты. У рэспубліканскім аглядзе “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі” творчы калектыў Салігорскага дзяржаўнага каледжа быў адзначаны дыпломам I ступені за работу “Электронная граматыка ў гульнях”. Дыплом III ступені атрымала Марына Мяцельская, выкладчык Слуцкага дзяржаўнага каледжа за работу “Электронны курс “Чарчэнне”.

— Мікалай Мікалаевіч, наколькі гнутка сістэма прафесійнай адукацыі рэагуе на сучасныя запыты часу?

— Установы прафесійнай адукацыі цесна ўзаемадзейнічаюць з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Паміж імі заключаны доўгатэрміновыя дагаворы, афармляюцца заяўкі на падрыхтоўку спецыялістаў і рабочых. Існуе прававы механізм, які рэгулюе патрэбнасці арганізацый — заказчыкаў кадраў і аб’ём падрыхтоўкі спецыялістаў на розных узроўнях прафесійнай адукацыі. Заказчык кадраў можа вызначаць неабходную колькасць выпускнікоў, узровень іх кваліфікацыі, уносіць прапановы па абнаўленні адукацыйных стандартаў. Вучэбныя планы і праграмы, як і структура падрыхтоўкі, карэкціруюцца штогод. Усе прафесіі і спецыяльнасці, якія мы прапануем, адпавядаюць найноўшым тэндэнцыям.

— Якія новыя спецыяльнасці адкрываюцца ў каледжах і ліцэях?

— Мы жывём у грамадстве, у якім прафесійныя кампетэнцыі становяцца капіталам і галоўным рэсурсам эканомікі. Прадпрыемствы зацікаўлены ў прафесіяналах, здольных забяспечыць эфектыўнасць высокатэхналагічнай вытворчасці. Штогод пераглядаецца пералік прафесій, адкрываюцца новыя кваліфікацыі, закрываюцца незапатрабаваныя. У Мар’інагорскім каледжы арганізавана падрыхтоўка тэхнікаў-механікаў па спецыяльнасці “Рамонтна-абслуговая вытворчасць у сельскай гаспадарцы”. З’яўленне новых тэхналогій і матэрыялаў у будаўніцтве патрабуе новых спецыялістаў. Так, у Маладзечанскім дзяржаўным каледжы ў мінулым годзе ўпершыню сталі рыхтаваць мантажнікаў каркасна-абшыўных канструкцый сухога будаўніцтва. У Барысаўскім дзяржаўным каледжы летась арганізавалі падрыхтоўку мастакоў-мадэльераў. 

— У чэрвені стартуе ўступная кампанія ва ўстановы ПТА, а ў ліпені — ва ўстановы ССА. Колькі чалавек плануе прыняць на навучанне Міншчына сёлета? Што карысна ведаць абітурыентам?

— У планах набраць на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі 3054 навучэнцы. Больш за ўсё месцаў прадугледжана для выпускнікоў 9-х класаў — 2561. На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі збіраюцца прыняць 2416 навучэнцаў. З іх 2161 чалавек будзе вучыцца на дзённай форме навучання і 255 — на завочнай. Дадаткова на платнай аснове змогуць атрымаць спецыяльнасць 508 юнакоў і дзяўчат.

Пры паступленні ў каледжы залічэнне будзе ажыццяўляцца па конкурсе сярэдняга бала атэстата. Новая ўступная кампанія прадугледжвае пашырэнне сферы мэтавай падрыхтоўкі. Арганізацыі ў буйных населеных пунктах таксама змогуць адбіраць патэнцыяльных абітурыентаў для атрымання адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. 

— Што сёння дапамагае школьнікам вызначыцца з выбарам прафесіі?

У вобласці ідзе работа па 26 рэспубліканскіх эксперыментальных і інавацыйных праектах. 

— Каб зацікавіць абітурыентаў працоўнымі прафесіямі, у рэгіёне праводзяцца круглыя сталы з навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прадстаўнікамі базавых арганізацый і прадпрыемстваў, перадавікамі і ветэранамі працы, выпускнікамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія дасягнулі высокіх вынікаў. Вучні 8—9 класаў знаёмяцца з сучаснай тэхнікай і новымі тэхналогіямі падчас экскурсій на прадпрыемствы. Практыкуюцца такія формы прафарыентацыйнай работы, як квест-гульні, выставы, кірмашы прафесій, воркшопы, прафесійныя пробы.

Зараз рэалізуецца пілотны прафарыентацыйны праект “Навучэнец на тыдзень” або “Навучэнец на дзень”. У ім ужо прынялі ўдзел больш за тысячу юнакоў і дзяўчат. Школьнікі адпраўляюцца ў каледжы, прысутнічаюць на тэарэтычных занятках, атрымліваюць першасныя навыкі на практычных занятках, знаёмяцца з умовамі пражывання ў інтэрнаце, гутараць з педагогамі і навучэнцамі. 

— Мікалай Мікалаевіч, завяршаючы нашу размову, хацелася б даведацца, што вы параіце тым, хто сёння вызначаецца, дзе працягваць навучанне?

У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі рэсурсныя цэнтры вытворчага навучання будуць называцца цэнтрамі кампетэнцый. Але іх работа і далей будзе нацэлена на пошук новых ведаў, падрыхтоўку канкурэнтаздольных спецыялістаў.

— Вядома, паступаць ва ўніверсітэт або атрымліваць прафесійную адукацыю — кожны вырашае сам. Плюсамі прафесійнай адукацыі з’яўляюцца адносна кароткі тэрмін навучання і даволі прымальныя ўмовы паступлення на бюджэт. На рынку працы сёння адчуваецца недахоп рабочых рук. Асаблівы попыт на работнікаў у апрацоўчай прамысловасці, будаўніцтве, сельскай і лясной гаспадарках, гандлі, у сферах аўтарамонту, транспарту і сувязі. Сярод самых запатрабаваных спецыялістаў — трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасці, муляры, тынкоўшчыкі, кухары, швачкі, цесляры, маляры, электраманцёры. Карыстаюцца попытам і фельчары ветэрынарнай медыцыны, заатэхнікі, аграномы. Са з’яўленнем вялікай колькасці гандлёва-забаўляльных цэнтраў вырас попыт на прадаўцоў і касіраў. Ну і па-ранейшаму патрэбны педагогі, выхавальнікі дашкольнай адукацыі.

Асвоіўшы прафесію сёння, моладзь гарантавана атрымае работу заўтра. Развіваючыся ў прафесіі, можна стаць паспяховым чалавекам і жыць у дастатку. Атрымаўшы практыка-арыентаваныя веды і спецыяльнасць у каледжы, можна таксама працягнуць навучанне ва ўстанове вышэйшай адукацыі па скарочанай праграме. На завочным аддзяленні многія сумяшчаюць вучобу з работай.

Марына КУНЯЎСКАЯ.