Адказныя за навуку

Напярэдадні Дня беларускай навукі адбылося рабочае пасяджэнне Савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі. Прадстаўнікі ўніверсітэтаў падвялі вынікі работы за 2020 год і абмеркавалі планы на будучыню.

Мерапрыемства праходзіла на пляцоўцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Перад пасяджэннем маладыя вучоныя азнаёміліся з адукацыйна-навукова-інавацыйным комплексам на базе доследнага завода “Палітэхнік”. Гэта вытворчая база БНТУ, дзе ўкараняюцца распрацоўкі ўніверсітэцкіх падраздзяленняў і іншых арганізацый. Дзякуючы развітому станочнаму парку тут могуць вырабіць нестандартнае абсталяванне па чарцяжах заказчыка, а гэта ўнікальная магчымасць для рэалізацыі інавацыйных праектаў. Нездарма адной з тэм для абмеркавання ўдзельнікаў пасяджэння стала кааперацыя ўніверсітэтаў на аснове сумесных даследаванняў і распрацовак.

Савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі быў створаны вясной 2020 года. Як паведаміў старшыня савета загадчык кафедры “Гандлёвае і рэкламнае абсталяванне” БНТУ Аляксей Ермакоў, у ім прадстаўлены па адным чалавеку ад кожнага ўніверсітэта, падпарадкаванага Міністэрству адукацыі.

— Задача савета — прыцягненне моладзі ў навуку, каб як мага больш таленавітых маладых людзей заставалася ва ўніверсітэтах, займалася даследаваннямі, станавілася выкладчыкамі і вучонымі”, — сказаў Аляксей Ермакоў.

Паводле яго слоў, праз Савет маладых вучоных, дзе прадстаўлены магістранты, аспіранты, выкладчыкі, загадчыкі кафедр, ажыццяўляецца сувязь паміж універсітэтамі і Міністэрствам адукацыі. Важны аспект работы савета — гэта зносіны са школьнікамі, папулярызацыя навукі, павышэнне колькасці абароненых дысертацый.

У пасяджэнні Савета маладых вучоных прыняла ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава. Яна расказала прысутным пра асноўныя напрамкі развіцця вышэйшай школы і навукі, а таксама адказала на пытанні. У прыватнасці, моладзь цікавілі будучыя змены ва ўступнай кампаніі, новы Кодэкс аб адукацыі, Беларусь у Балонскім працэсе. Размова атрымалася змястоўнай і даволі шчырай. Ірына Анатольеўна папрасіла маладых вучоных не замоўчваць праблемы, і калі будуць новыя пытанні і прапановы, перадаваць іх у Міністэрства адукацыі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.