Адказы на складаныя пытанні шукалі разам

- 10:30Навіны рэгіёнаў

Петрыкаў стаў адным з прыпынкаў Рэспубліканскага маладзёжнага цягніка #БеларусьМоладзьАдзінства. У палескай глыбінцы ўдзельнікі праекта наведалі Петрыкаўскі горна-ўзбагачальны камбінат ААТ “Беларуськалій”, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Прыпяць”, мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей, музей Дзеда Талаша ў вёсцы Навасёлкі і Музей прыроды ў аграгарадку Ляскавічы.

Самая актыўная, ініцыятыўная і мэтанакіраваная моладзь прыняла ўдзел у адкрытым дыялогу. Разам з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання рознага ўзроўню і моладдзю рэгіёнаў абмеркавалі актуальныя пытанні рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

— Нас цікавяць галоўныя падзеі, тое, што тычыцца кожнага, — так абвясціў пачатак размовы адзін з удзельнікаў праекта, жыхар Светлагорска, куратар раённага савета старшакласнікаў Георгій Неўдах. — Важна разабрацца: чым жыве пакаленне next? Хто і як з ім працуе? 

Адказы шукалі разам. Сярод экспертаў былі старшыня Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Наўныка, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў, галоўны спецыяліст Міністэрства адукацыі Сяргей Шмарлоўскі.

Дарэчы, пытанні былі сапраўды праблемныя, і погляд маладых людзей на іх вырашэнне вельмі актуальны. Разважалі на тэмы: чаму моладзь неахвотна ідзе ў працоўныя прафесіі і як выправіць становішча? Як выпрацаваць інфармацыйны імунітэт і як беларусы павінны адзначаць Дзень народнага адзінства? Які праект маглі б прапанаваць рэалізаваць і што неабходна для папулярызацыі інстытута сям’і? Што трэба, каб маладыя людзі ўваходзілі ў жыццё самастойнымі і здольнымі вырашаць праблемы свае і тых, хто побач? Што трэба зрабіць для ўмацавання пазітыўнага іміджу краіны за мяжой?

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Руслан Смірноў актыўна адказваў на пытанні маладых людзей і каменціраваў іх выказванні. У прыватнасці, ён адзначыў, што маладосць — самы запамінальны перыяд жыцця кожнага чалавека, час надзей, адкрыццяў, амбіцыйных планаў. Менавіта таму ў нашай краіне так многа робіцца для самарэалізацыі маладога пакалення, ажыццяўляецца падтрымка таленавітай моладзі, студэнцтва, наладжана работа з маладымі сем’ямі, створаны ўмовы для занятасці, прафесійнай арыентацыі і сацыяльнай адаптацыі. 

Між тым перавага маладых — у здольнасці смела брацца за рашэнне самых складаных задач, думаць нестандартна і імкнуцца да дасканаласці. Вельмі важна самім прыкладаць намаганні, каб зрабіць больш цікавым, яркім, асэнсаваным сваё жыццё і жыццё свайго рэгіёна.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.