У райцэнтры Дрыбіне пасля маштабнай рэканструкцыі адкрылі будынак пачатковай школы.
Як паведаміла начальнік мясцовага аддзела адукацыі, спорту і турызму Марына Панчанка, Дрыбінская сярэдняя школа складаецца з двух карпусоў. Будынак пачатковай школы ўвялі ў эксплуатацыю ў 1955 годзе. З таго часу значная рэканструкцыя тут ні разу не праводзілася, выконваліся толькі бягучыя рамонтныя работы. Натуральна, школа мела патрэбу ў абнаўленні. У сувязі з гэтым і было прынята рашэнне правесці капітальны рамонт.Супрацоўнікі арганізацыі-падрадчыка адказна падышлі да справы. Пасільную дапамогу ў правядзенні ўсіх работ аказаў педагагічны калектыў, таму і атрымалася завяршыць рамонт у самыя кароткія тэрміны.
За чатыры месяцы быў цалкам заменены дах будынка, перафарбаваны фасад, праведзена ўнутранае аздабленне школьных памяшканняў: абнавілі столі, падлогу, сцены, асвятленне.
— Дзякуючы дапамозе мясцовых выканаўчых улад, мы абставілі новай мэбляй вучэбныя класы, сталовую, гардэроб. А матэрыяльная спонсарская падтрымка арганізацый і прадпрыемстваў раёна паспрыяла набыццю ўсяго неабходнага інвентару, добраўпарадкаванню тэрыторыі. Адметна, што ў абноўленай школе з’явіліся фізкультурна-аздараўленчы пакой, кабінет інфармацыйных тэхналогій і памяшканне для заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах. Цяпер для 175 вучняў пачатковых класаў створаны самыя сучасныя ўмовы для паўнавартаснага развіцця, — расказала Марына Мікалаеўна.
Адкрыццё абноўленага будынка школы праходзіла ўрачыста. З педагогамі, навучэнцамі і іх бацькамі радасць падзеі падзялілі ганаровыя госці: начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка і іншыя. Усе госці ўручылі педагагічнаму калектыву карысныя падарункі.
Святочных нотак у мерапрыемства дабавілі творчыя выступленні навучэнцаў, спецыяльна падрыхтаваная гульнявая праграма.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ.