Адкрылі абноўлены басейн

- 12:50Адукацыйная прастора

Ва ўрачыстай атмасферы ў сярэдняй школе № 18 Магілёва пасля капітальнага рамонту адкрылі басейн. Значная падзея аб’яднала прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, педагогаў, навучэнцаў установы адукацыі і дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ.

Басейн 18-й школы з’яў­ляецца цэнтрам спартыўнага жыцця цэлага гарадскога мікрараёна, таму яго рамонт быў праведзены ў рэкордна кароткія тэрміны. Усяго за крыху больш чым тры месяцы басейн, які знаходзіўся ў аварыйным стане, ператварыўся ў новы, сучасны спартыўны аб’ект.

На рамонтныя работы было затрачана звыш 1 млн бюджэт­ных сродкаў. Але зараз у 25-метровым басейне 5 дарожак замест чатырох. Тут устаноўлены новыя сістэмы водападрыхтоўкі і вентыляцыі, заменена плітка ва ўсіх памяшканнях, абноўлены душавыя, раздзявальні. Сучасныя магчымасці басейна — гэта пачатак новага этапу ў развіцці фізічнай культуры ў Кастрычніцкім раёне Магілёва.

— Абнаўленне басейна дазволіць нам арганізоўваць больш якасны адукацыйны і трэніровачны працэс. Акрамя нашых вучняў, у басейне займаюцца дзеці з гарадскіх ДЮСШ, ён з’яўляецца асноўнай базай для правядзення трэніровак па водным пола і трыятлоне. Імёны нашых навучэнцаў вядомыя па ўсёй краіне. Сярод іх — Мікіта Цмыг, Уладзіслаў Лапо, Вольга Раманенка і многія іншыя. Акрамя гэтага, басейн карыстаецца вялікай папулярнасцю ў жыхароў мікрараёна. Цяпер мы можам пашырыць і палепшыц­ь тыя паслугі, якія прадастаўляем насельніцтву, — расказаў дырэктар школы Сяргей Боніч.

Адметна, што за апошнія гады была праведзена істотная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы 18-й сярэдняй школы. Ва ўстанове абнавілі фасад, добраўпарадкавалі прылеглую тэрыторыю, цалкам рэканструявалі лыжную базу.

Як адзначыў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Ула­дзімір Цумараў, гэта вынік таго, што развіццю і ўдасканаленню ўстаноў адукацыі ў горадзе ўдзя­ляецца прыярытэтная ўвага.

— Усяго месяц назад у сярэдняй школе № 46 быў адкрыты новы спартыўны комплекс з сучасным басейнам і дадатковымі памяшканнямі. Літаральна днямі завяршыўся чацвёрты этап рэканструкцыі вучэбна-педагагічнага комплексу № 12. Наогул, для падрыхтоўкі навучальных устаноў горада да новага навучальнага года выкарыстоўваюцца розныя магчымасці. Гэта і бюджэтнае фінансаванне, і шэфская, спонсарская дапамога, падтрымка папячыцельскіх саветаў. Усе гэтыя сродкі кансалідуюцца і ідуць на вырашэнне надзённых задач, якія стаяць перад установамі адукацыі, — падкрэсліў Ула­дзімір Міхайлавіч.

На ўрачыстае адкрыццё басейна госці прыйшлі з падарункамі. Ад мясцовых выканаўчых улад кіраўніцтву школы былі перададзены сертыфікаты на набыццё камплекта падводнага пыласоса для ачысткі басейна і корпуснай мэблі для гардэроба. Значна, што ў хо­дзе мерапрыемства ганаровымі граматамі былі адзначаны будаўнікі, дзякуючы плённай працы якіх капітальны рамонт завяршылі паскоранымі тэмпамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.