Адкрылі дзівосы малой радзімы

У апошнія летнія дні прагучаў пазыўны нашага класнага кіраўніка: “Усе ў паход! У велапаход!” Мы, вучні, нават не спыталі куды, калі, як — адказ далі адразу станоўчы. Сабраліся самыя ўстойлівыя і адважныя. Разам вырашана было прайсці па незнаёмых мясцінах нашай малой радзімы.

Маршрут вызначылі сумесна. Аляксандр Мікалаевіч Галдзееў, наш самы лепшы класны кіраўнік, унёс прапановы. А мы вырашылі выбраць самы далёкі маршрут: Чавусы — паштовы тракт — Сушчы — Чавусы. І вось — апошняя суботняя раніца лета… Усе ў зборы. І мы адправіліся ў шлях, захапляльны і доўгі.

У наваколлі нашага горада знаходзіцца паштовы тракт. Ён праходзіць па старой паштовай дарозе, якая злучае горад з Магілёвам. Дарога была пракладзена па насыпе праз бярозавы гай, пасаджаны спецыяльна мясцовымі жыхарамі. Гэтую дарогу яшчэ называюць кацярыненскі тракт. Шлях быў выбрукаваны каменем, што і захавалася да нашых дзён толькі на ўчастку ад вёскі Благавічы амаль да саміх Чавусаў. Гэта ўчастак даўжынёй каля пяці кіламетраў, які мы і пераадолелі. Падарожжа па такіх дарогах цяпер — гэта вялікая рэдкасць.

Аляксандр Мікалаевіч расказаў: старажылы запэўніваюць, што па гэтай дарозе ехала Кацярына ІІ да Пацёмкіна ў яго маёнтак у горад Крычаў. Уздоўж брукаванай дарогі былі пасаджаныя дрэвы і выкапаны калодзежы праз кожныя пяць вёрст, каб па ёй было камфортна ехаць. Гэта было даволі крута па тых часах. Нас здзівіла, што за столькі часу паштовы тракт так захаваўся: будавалі на сумленне. Прадугледзелі ўсё: нават спецыяльныя канавы для дажджавой вады, якія да гэтага часу злучае арка.

Дарэчы, існуюць легенды, што менавіта ў гэтай мясціне адбываюцца загадкавыя з’явы. Ёсць такое павер’е, што апоўначы тут можна пачуць стук колаў карэты імператрыцы Кацярыны. Мы праверыць праўдзівасць гэтай гісторыі не рызыкнулі.

Пасля невялікага прывалу наша група адправілася шукаць падвясны мост, які па чутках знаходзіўся ў вёсцы Сушчы. Вёска невялікая, карэнных жыхароў амаль не засталося. Мост быў пабудаваны тут, каб людзям было зручней перапраўляцца з аднаго на другі бераг ракі Бася. Таксама раней у вёсцы была школа, якая размяшчалася на другім беразе. Вясной, калі разлівалася рака, дзеці не маглі трапіць на вучобу і чакалі, пакуль узровень вады ў рэчцы сыдзе. У тым ліку і па гэтай прычыне тут пабудавалі падвясны мост. Гэтай школы ўжо даўно няма, жыхароў у вёсцы амаль не засталося, але мостам усё роўна карыстаюцца.

Каля моста мы зрабілі сэлфі, чым здзівілі аднакласнікаў і бацькоў. Яны, як і мы, раней не чулі гэтых цудоўных легенд аб паштовым тракце і не ведалі, што ў нашым раёне ёсць падвясны мост, якім да гэтага часу карыстаюцца вяскоўцы. Вось яна якая — незвычайная наша чавуская зямля!

Данііл ХАЛІМОНЕНКА,
вучань 9 “Б” класа сярэдняй школы № 2 Чавусаў;
Аксана ЗАБЯГАЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.