Адкрылі школьны музей

Урачыстае адкрыццё школьнага краязнаўчага музея прайшло надоечы ў Хонаўскім вучэбна-педагагічным комплексе Магілёўскага раёна.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел педагогі і навучэнцы. Павіншаваць іх са знамянальнай падзеяй прыйшлі ганаровыя госці. Сярод іх — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Алег Дзячэнка, начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама Наталля Колас, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталля Тарасенка і інш.

Як паведаміла дырэктар Хонаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ірына Сырамалотава, ідэя стварэння музея ўзнікла свядома.

— У нашай мясцовасці багатае гістарычнае мінулае. Менавіта на падставе гэтага ўзнік­ла задума стварыць краязнаўчы музей — своеасаблівую скарбніцу, дзе звесткі пра мінулае можна было б захаваць і перадаць нашчадкам. Перадаць так, каб яны таксама памяталі, ганарыліся і бераглі гісторыю роднага краю. Бо добрыя, беражлівыя адносіны чалавека да сучаснага пачынаюцца з паважлівага стаўлення да мінулага, — расказала Ірына Міхайлаўна.

Работа над стварэннем музея вялася дбайна і карпатліва. Навучэнцы змаглі прая­віць сябе ў якасці сапраўдных даследчыкаў. Іх пошукі ўсяляк падтрымлівалі настаўнікі. Агульнымі намаганнямі ўдалося стварыць краязнаўчы музей з пяццю тэматычнымі экспазіцыямі. Кожная з іх па-свойму адметная.

Наведваючы музей, можна падрабязна азнаёміцца з гісторыяй школы, навакольных вёсак. Апынуўшыся ў зале “У беларускай хаце”, можна акунуцца ў старадаўні побыт продкаў. Асабліва плённа педагогі і навучэнцы працавалі над стварэннем экспазіцый “Партызанскі рух у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Афганістан — боль і памяць”. У выніку ў гэтых залах удалося сабраць сапраўдныя дакументы, якія наглядна дэманструюць прыклады патрыятызму.


— Адкрыццё краязнаўчага музея з’яўляецца знакавай падзеяй не толькі для Хонаўскай сельскай школы, а для ўсяго Магілёўскага раёна. Захаванне і прымнажэнне памяці аб земляках, якія ўнеслі дастойны ўклад у развіццё эканомікі, адукацыі і культуры сваёй малой радзімы, аб франтавіках і партызанах, воінах-інтэрнацыяналістах, якія цаной уласнага жыцця абаранілі свабоду і незалежнасць беларускага народа, — гэта адно з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы ідэалогіі. У музеі шмат унікальных экспанатаў, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць: арыгінальныя дакументы аб адукацыі, атрыманыя больш за 100 гадоў назад выхадцамі з гэтых месцаў, рэдкія сямейныя фатаграфіі, сельскагаспадарчы інвентар, выраблены мясцовымі ўмельцамі. Музей мае велізарны вучэбна-метадычны патэнцыял. У ім мэтазгодна праводзіць асобныя ўрокі па гісторыі Беларусі дарэвалюцыйнага і савецкага перыядаў, вывучаць на мясцовым матэрыяле гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, тапаніміку роднага краю, генеалогію вядомых асоб. Гэта не толькі ўзбагаціць гістарычныя веды навучэнцаў, але і дасць магчымасць больш эфектыўна праводзіць работу па фарміраванні ў іх патрыятычнай свядомасці, пачуцця адданасці свайму народу і дзяржаве, — адзначыў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Алег Дзячэнка.

Аб значнасці школьнага музея не раз гаварылі і іншыя ганаровыя госці. Так, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталлі Тарасенка, як ураджэнцы Магілёўскага раёна, знаёмы асобы многіх вядомых землякоў.

— У гады Вялікай Айчыннай вайны мой дзед служыў у партызанскім атрадзе Асмана Касаева. Я асабіста памятаю воіна-афганца Мікалая Марчанку. Таму мне гісторыя гэтага краязнаўчага музея будзе роднай, — падкрэсліла Наталля Эдуардаўна.

Дарэчы, у Хонаўскім вучэбна-педагагічным комплексе ўдзяляецца вялікая ўвага грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Педагагічны калектыў гэтай навучальнай установы перакананы: дзейнасць школьнага краязнаўчага музея паспрыяе выхаванню навучэнцаў сапраўднымі патрыётамі, бо прывіццё любові да Айчыны пачынаецца з любові да малой радзімы, свайго роднага краю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.