Адкрытая інтэлектуальная майстэрня

- 16:03Адукацыйная прастора, Рознае

Для таго каб наблізіцца да адкрытай мадэлі адукацыі, у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці была створана інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых змен.

Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых змен уяўляе сабой рэсурсны цэнтр анлайн-падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця адукацыі.
Ідэя стварэння цэнтра належыць партнёрскай сетцы ўстаноў адукацыі Мсціслаўскага раёна. Так, на сённяшні дзень партнёрамі з’яўляюцца гімназія Мсціслава, а таксама Ходасаўская сярэдняя школа і Падсолтаўскі вучэбна-педагагічны комплекс “дзіцячы сад — сярэдняя школа”.
“На сённяшні дзень адкрытая мадэль адукацыі прызнана самай эфектыўнай, — расказвае настаўнік інфарматыкі гімназіі Мсціслава Сяргей Аляксандравіч Кальцоў. — Відавочна, што для таго, каб наблізіцца да гэтай сістэмы, мы павінны зрабіць сваю, школьную, адукацыю адкрытай. Гэта значыць, што пра дасягненні нашых вучняў у гімназіі павінны ведаць усе. І для таго каб навучэнцы, а таксама настаўнікі з іншых рэгіёнаў краіны змаглі пазнаёміцца са школьным, а таксама пазаўрочным жыццём нашых школ-партнёраў, мы і стварылі сайт пад назвай “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых змен”. На сайце падрабязна расказваецца пра навуковую, творчую дзейнасць школ-партнёраў. Колькасць наведвальнікаў майстэрні за два гады склала 10 000 чалавек. Для інфармацыйнага рэсурсу такога кшталту гэта нядрэнны паказчык. Сярод гасцей нашага сайта значацца і жыхары іншых краін, а гэта значыць, што мы рухаемся ў правільным кірунку, што ў нас няма ніякіх сакрэтаў. Гэта сведчыць і пра адкрытасць вучэбнага працэсу. Будзе прыемна, калі наш вопыт некаму спатрэбіцца”.

Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых змен — гэта цікавы інтэрнэт-праект, карыстацца якім могуць не толькі настаўнікі. Інфармацыя, якая прадстаўлена на сайце, карысна і навучэнцам, і нават іх бацькам. Падчас наведвання майстэрні варта звярнуць увагу на інфармацыю, прысвечаную майстар-класам і праектам, якія былі арганізаваны партнёрскай групай. Усе мерапрыемствы, праведзеныя школамі-партнёрамі, закранаюць актуальныя тэмы.
Так, вельмі цікавым з’яўляецца інтэрактыўны праект “Зберажом энергію Зямлі”, які заснаваны на вопыце стварэння практык школ энергазберажэння. У гэтай навуковай рабоце навучэнцы разглядаюць усемагчымыя спосабы эканоміі і зберажэння энергетычных рэсурсаў планеты. Не менш значнымі для развіцця партнёрскай групы стала правядзенне сумесных акцый “Мой экалагічны след”, “Другое жыццё адходаў”, “Экскурсія ў тэхнапарк: навучы бацькоў лічыць” і інш.
“Дзякуючы намаганням партнёрскай групы, у нас былі арганізаваны не толькі сумесныя праекты, але і праведзены шматлікія тэматычныя акцыі, мерапрыемствы, — працягвае Сяргей Аляксандравіч. — Напрыклад, дзякуючы дзвюм школам — партнёрам Мсціслаўскай гімназіі, а таксама партнёрскай сетцы школ устойлівага развіцця, былі праведзены семінары-практыкумы “Адукацыя. Рэгіён. Устойлівае развіццё” і “Стварэнне адкрытага адукацыйнага асяроддзя школы як умовы эфектыўнай дзейнасці ўстановы ва ўмовах устойлівага развіцця”.

Плануецца, што ў будучым у інтэлектуальнай майстэрні ўстойлівых змен будуць арганізаваны дзіцяча-дарослыя пляцоўкі для перагавораў, а таксама дыскусійныя групы. Гэта дазволіць наведвальнікам сайта ў анлайн-рэжыме абмяркоўваць актуальныя праблемы, якія тычацца розных сфер жыцця. І, безумоўна, гэта будзе яшчэ адным крокам, які наблізіць школы-партнёры Мсціслаўскага раёна да ўстанаўлення ў сваім рэгіёне адкрытай мадэлі адукацыі.

 

Наталля ДУБІК.