Адкрыць свет акватронікі

- 14:20World Skills

Упершыню на чэмпіянаце ў Казані прадстаўлена прафесійная кампетэнцыя “Акватроніка”, у якой выступіў Уладзіслаў Савіцкі, навучэнец Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, філіяла РІПА.

Час паказвае, што неабходна фарміраваць якасна новы падыход да выкарыстання і аховы водных рэсурсаў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі экалагічнай бяспекі і арганізоўваць такое інтэграванае кіраванне, якое магло б каардынаваць водныя рэсурсы. Так стала развівацца акватроніка, якая набывае папулярнасць у краінах свету, а таксама ў Беларусі.

Акватронік — гэта спецыяліст у галіне водазабеспячэння, водаадвядзення і аховы воднага басейна, які займаецца маніторынгам, кіраваннем і дакументаваннем розных працэсаў на збудаваннях водазабеспячэння і водаадвядзення. Спецыялісты-акватронікі павінны валодаць ведамі па электроніцы, мікрапрацэсарнай тэхніцы, праграмаванні, па абслугоўванні аўтаматычных сістэм кіравання, па хіміі, па кантролі якасці вады.

У нашай краіне ў навучальных установах пакуль не вядзецца падрыхтоўка па гэтым напрамку, але Уладзіслаў Савіцкі ўключыўся ў падрыхтоўку да чэмпіянату свету ў згаданай кампетэнцыі. Яму дапамагалі педагогі, эксперты, спецыялісты гэтай галіны. Сярод іх — нацыянальны эксперт па акватроніцы Д.Л.Грыбаў, вядучы спецыяліст па аўтаматызацыі замежнага ўнітарнага прадпрыемства Festo. Дзмітрый Леанідавіч уваходзіць у экспертную супольнасць з пачатку з’яўлення руху WorldSkills у Беларусі, падрыхтаваў шмат канкурсантаў нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў.

Уладзіслаў удзельнічаў у спаборніцтвах рознага ўзроўню, трэніраваўся як у сваім каледжы, так і на іншых аб’ектах водазабеспячэння і водаадвядзення.

Заданне на чэмпіянаце выпала У.Савіцкаму няпростае. Яму неабходна было сабраць станцыю для ачысткі вады, зрабіць ачыстку забруджанай вады з дапамогай хімічных рэагентаў, а таксама праверыць якасць ачышчанай вады. Акрамя таго, адно з заданняў прадугледжвала перанясенне канкурсанта з дапамогай віртуальнай рэальнасці на станцыю водаачысткі, дзе выйшла са строю гідрапомпа, рамонт якой трэба было зрабіць у рэальных умовах.

Работу канкурсантаў ацэньвалі эксперты. Пад увагу прымаліся правільнасць арганізацыі рабочага месца, уменне працаваць з інструментам і хімічнымі рэактывамі. Ацэньваліся этапы па зборцы ўстаноўкі для водаачысткі, працэс водаачысткі і вызначэнне паказчыкаў якасці вады. Уладзіславу ўдалося справіцца з усімі заданнямі.

Ала КЛЮЙКО, Казань.