Адкрыццё “Славянскага базару” пройдзе пад знакам Года малой радзімы

Пры падрыхтоўцы фестывалю “Славянскі базар” важна ўлічыць усе дробязі. Аб гэтым заявіў у Віцебску намеснік прэм’ер-міністра краіны Васіль Жарко на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы форуму, якое прайшло з удзелам прадстаўнікоў рэспубліканскіх дзяржорганаў, зацікаўленых службаў і ведамстваў.

“Прыемна, што горад гатовы, але асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць дробязям, на якія ўсе звяртаюць увагу. Важна ўсё — ад сустрэчы ў аэрапорце да арганізацыі размяшчэння, харчавання, медабслугоўвання і г.д. Горад павінен быць чысты, каб нішто не азмрочвала правядзення свята”, — падкрэсліў Васіль Жарко.

У гутарцы з журналістамі намеснік прэм’ер-міністра высока ацаніў праведзеную работу. “Глабальна ўсё зроблена. Да прыезду гасцей і ўдзельнікаў форуму ўсе службы гатовы: харчаванне арганізавана, бяспека пад кантролем, цэны на гасцініцы не ўзнімаліся. Са службамі таксі таксама будзе праведзена размова аб лаяльнасці цэн. Усё гэта ўсяляе ўпэўненасць, што свята атрымаецца”, — канстатаваў намеснік прэм’ер-міністра.

Разам з тым моманты, якія неабходна адшліфаваць, яшчэ засталіся. У прыватнасці, на думку Васіля Жарко, неабходна больш святочных расцяжак, афіш, азелянення. Час на гэта ёсць, і да пачатку фестывальных мерапрыемстваў усё будзе зроблена.

Усе вялікія культурныя падзеі бягучага года праходзяць у Беларусі пад знакам Года малой радзімы. “Славянскі базар” не стаў выключэннем. Гэтай тэме будзе прысвечаны канцэрт адкрыцця форуму. “Таксама пастаўлена задача шырэй, чым папярэднія гады, прадставіць беларускіх рамеснікаў. Нам ёсць што сказаць”, — дадаў Васіль Жарко.

XXVII Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе з 12 па 16 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 7—11 і 17—18 ліпеня.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *