Адкрыты для дыялогу і супрацоўніцтва

- 12:01Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і АБСЕ гатовы развіваць супрацоўніцтва ў частцы ўдасканалення заканадаўства аб СМІ. Пра гэта ішла размова на сустрэчы дэпутатаў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі з прадстаўніком АБСЕ па свабодзе СМІ Арлемам Дэзірам.

Старшыня камісіі Андрэй Навумовіч звярнуў увагу, што супрацоўніцтва Беларусі і АБСЕ па тэматыцы медыя мае сістэмны характар. “Спа­дзяёмся на падтрымку, узаемаразуменне, на тое, што прапановы, якія паступаюць ад АБСЕ, будуць садзейнічаць удасканаленню заканадаўства, а яно на месцы не стаіць”, — адзначыў ён.

Распрацоўка законапраектаў у Беларусі вядзецца адкрыта з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. “Мы адкрыты, абмяркоўваем розныя пункты гледжання, але ў аснове заўсёды знаходзяцца інтарэсы грамадзян Беларусі”, — падкрэсліў парламентарый.

Арлем Дэзір у сваю чаргу пацвердзіў гатоўнасць АБСЕ аказваць у гэтым пытанні Беларусі “ўсямернае са­дзейнічанне, па меры неабходнасці накіроўваць экспертаў і прадастаў­ляць экспертныя заключэнні па заканадаўстве, што распрацоўваецца, і ўнясенні змяненняў”.

Прадстаўніка АБСЕ цікавілі Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі і планы па яе рэалізацыі, папраўкі ў закон аб СМІ, прынятыя ў Беларусі ў канцы мінулага года, законапраект аб змяненні законаў Беларусі па пытанні ўзмац­нення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму (ён рыхтуецца да другога чытання).

Дэпутат Валянціна Ражанец расказала пра асноўныя навацыі закона аб СМІ. Так, пашыраны пералік відаў інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена, у прыватнасці неналежнай рэкламы, якая пабуджае да самагубства. Размова ідзе і пра інфармацыю аб спосабах вырабу ўзрыўных устройстваў і выбуховых рэчываў. Пад абаронай персанальныя даныя непаўналетніх, якія пацярпелі ў выніку су­працьпраўных дзеянняў: прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства і вучобы, відэа і фотаздымак дзіцяці, яго бацькоў. “Пры распрацоўцы паправак мы кіраваліся перш за ўсё гарантаваннем бяспекі інфармацыйнай прасторы як неад’емным складнікам пытанняў абароны правоў і законных інтарэсаў чалавека”, — падкрэсліла яна.

У сувязі з гэтым дэпутат яшчэ раз абазначыла пазіцыю па пазасудовым абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў: “Ні секунды не павінна знаходзіцца ў полі зроку непаўналетніх інфармацыя, якая пабуджае іх да суіцыду”. Пры гэтым Валянціна Ражанец нагадала, што на пасяджэнні рабочай групы, якая займалася папраўкамі, прадстаўнікі недзяржаўнага партала адзначылі, што не было абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, акрамя як па прычынах распаўсюджвання забароненай інфармацыі.

Пасля прыняцця паправак у закон аб СМІ інтэрнэт-рэсурсы, якія займаюцца распаўсюджваннем масавай інфармацыі, атрымалі магчымасць праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю, каб стаць сеткавым выданнем. Парламентарый зрабіла акцэнт на добраахвотным характары гэтай працэдуры.

У час сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з даступнасцю інфармацыі. Дэпутат нагадала, што права і абавязак дзяржорганаў прадастаў­ляць журналістам інфармацыю замацаваны на заканадаўчым узроўні. Указ № 65 ад 6 лютага 2009 года прадугледжвае персанальную адказнасць кіраўнікоў дзяржорганаў і арганізацый за стан работы са СМІ.

“Мы адкрыты для дыялогу і запрашаем да яго прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і СМІ розных форм уласнасці”, — адзначыла парламентарый. Самым яскравым прыкладам адкрытасці яна назвала “Вялікую размову з прэзідэнтам”, дзе прысутнічалі прадстаўнікі розных масмедыя.