Адкрыты для дыялогу

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка міністр адукацыі І.В.Карпенка сустрэўся з дэлегацыяй Парламенцкага форуму па сувязях з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы федэральнай зямлі Саксонія (ФРГ). Дэлегацыю ўзначаліў Себасціян Гемкаў, дзяржаўны міністр юстыцыі федэральнай зямлі, дэпутат ландтага Саксоніі. У склад дэлегацыі, акрамя парламентарыяў, увайшлі прадстаўнікі дзелавых колаў і грамадскіх арганізацый Германіі. На сустрэчы прысутнічаў Дэтмар Петэр, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь. З беларускага боку ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі галіновага міністэрства, супрацоўнікі БДПУ імя Максіма Танка на чале з яго рэктарам А.І.Жуком.

У пачатку сустрэчы І.В.Карпенка звярнуўся да гасцей з цёплымі прывітальнымі словамі і выказаў намер абмеркаваць новыя напрамкі супрацоўніцтва ў эканамічнай і адукацыйнай сферы паміж краінамі. Як адзначыў міністр, Беларусь заўсёды адкрыта да ўзаемадзеяння з іншымі краінамі, а тым больш калі гэтае супрацоўніцтва мае станоўчую дынаміку і спрыяе развіццю саміх краін і іх народаў. Беларусь і Саксонію звязваюць даўняя дружба і цесныя прадукцыйныя сувязі ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах.

Ігар Васільевіч нагадаў, што сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Германія ў галіне адукацыі ажыццяўляюцца на падставе міжурадавага пагаднення аб культурным супрацоўніцтве, у якім закладзены шэраг палажэнняў, дзе забяспечана двухбаковае развіццё супрацоўніцтва па самых актуальных напрамках.

Непасрэдна паміж навучальнымі ўстановамі, навуковымі арганізацыямі дзвюх краін на сённяшні дзень заключана больш за 95 прамых дагавораў. Найбольш актыўна з установамі адукацыі і навуковымі арганізацыямі Германіі ажыццяўляюць супрацоўніцтва БДУ, БрДТУ, БДАТУ і інш. Так, БДУ актыўна супрацоўнічае з трыма ўстановамі адукацыі федэральнай зямлі Саксонія, сярод якіх Універсітэт прыкладных навук Мітвайда, Дрэздэнскі тэхнічны ўніверсітэт, Лейпцыгскі ўніверсітэт. Адным з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва з’яўляецца ўдзел БДУ ў Праграме развіцця эканамічных сувязей малога і сярэдняга бізнесу Саксоніі з беларускімі прадпрыемствамі.

МДЛУ ў супрацоўніцтве з Універсітэтам прыкладных навук Эмдэн-Леера арганізоўвае студэнцкія абмены ў мэтах павышэння моўнай кампетэнцыі. У хуткім часе наш універсітэт плануе ўдзел у пілатаванні праекта “Метады і прынцыпы выкладання нямецкай мовы”, які будзе арганізаваны Лейпцыгскім універсітэтам. Праект мае мэту распрацаваць анлайн-платформу вучэбна-метадычных рэсурсаў для іх выкарыстання ў падрыхтоўцы настаўнікаў нямецкай мовы ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

Для ўстаноў адукацыі Беларусі з’яўляеццае цікавым супрацоўніцтва з нямецкімі калегамі па пытаннях ацэнкі якасці дадатковай педагагічнай адукацыі, прымянення найноўшых методык і тэхналогій навучання з выкарыстаннем ІКТ, падрыхтоўкі педагагічных кадраў да рэалізацыі праектаў і праграм у галіне ўстойлівага развіцця, зялёнай эканомікі, педагогікі і менеджменту і інш.

Ігар Васільевіч нагадаў, што наша краіна з’яўляецца паўнавартасным членам Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, ідзе па шляху міжнародных тэндэнцый у развіцці вышэйшай школы, вядзе падрыхтоўку кадраў з улікам сучасных патрабаванняў сацыяльна-эканамічнага комплексу. У сферы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларусь таксама назапасіла істотныя здабыткі і шырока выкарыстоўвае міжнародны вопыт. У прыватнасці, для павышэння якасці падрыхтоўкі кадраў з улікам міжнародных стандартаў Беларусь прымае актыўны ўдзел у міжнародным руху WorldSkills і дасягнула ў гэтым значных вынікаў. Як адзначыў І.В.Карпенка, было б мэта-згодным забеспячыць інфармацыйны абмен паміж дзвюма краінамі па пытаннях прафесійна-тэхнічнай адукацыі, рэалізацыі асноўных прынцыпаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

— Мы зацікаўлены ў пашырэнні і паглыбленні ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі ў рэалізацыі сумесных адукацыйных і інавацыйных праектаў, — падкрэсліў Ігар Васільевіч.

Перспектыўнымі напрамкамі двухбаковага супрацоўніцтва міністр лічыць далейшае вывучэнне мовы і культуры абедзвюх краін, абмен студэнтамі і выкладчыкамі, распрацоўку сумесных навукова-даследчых праектаў, адукацыйных праграм і інш. Як вядома, Беларусь мае істотныя дасягненні ў развіцці IT-індустрыі, што пацвярджае пераход эканомікі на лічбавы ўзровень. Гэты напрамак таксама можа быць цікавым для замежных калег, што і пацвердзіў Себасціян Гемкаў разам з іншымі членамі дэлегацыі. Госці з Германіі выказалі жаданне ўмацоўваць супрацоўніцтва і шукаць усё новыя кропкі сутыкнення на карысць абедзвюх краін.

Дэлегацыя з Германіі пазнаёмілася з вучэбнай базай і адукацыйным працэсам БДПУ імя Максіма Танка. Рэктар універсітэта А.І.Жук расказаў гасцям пра новыя праекты, у якіх удзельнічаюць будучыя педагогі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.