Адкрыты дыялог з ганаровым грамадзянінам горада Жодзіна Леанідам Віктаравічам Таніным

- 10:57Нам пішуць

1 верасня ва ўсіх школах празвінеў званок, які абвясціў аб пачатку новага навучальнага года.

Для навучэнцаў 9 і 11 класаў жодзінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава першы ўрок стаў асаблівы: была арганізавана сустрэча з доктарам фізіка-матэматычных навук, вучоным у галіне галаграфіі і біямедыцынскай оптыкі, акадэмікам Міжнароднай інжынернай акадэміі, заснавальнікам ТАА “Магія святла”, старшынёй Савета дырэктараў ЗАТ “Галаграфічная індустрыя”, ганаровым грамадзянінам Жодзіна Леанідам Віктаравічам Таніным, знакамітым выпускніком школы.

Сустрэча праходзіла ў форме адкрытага дыялогу “100 пытанняў да дарослага: падзеі, факты, перспектывы”. Вучні ўжо многае ведалі пра знакамітага земляка (у школьным музеі сабрана вялікая колькасць матэрыялаў, прысвечаных Л.В.Таніну), але прадставілася магчымасць задаць пытанні напрамую: чаму бацькі вырашылі пераехаць у Беларусь і чаму менавіта ў Жодзіна? чым захапляўся ў школе, акрамя фізікі? чаму ва ўніверсітэце абраў менавіта галаграфію, а не нейкі іншы напрамак фізікі? чым адрозніваюцца паміж сабой прадпрыемствы “Магія святла” і “Галаграфічная Індустрыя”…

Леанід Віктаравіч ахвотна і разгорнута адказваў на пытанні дзяцей. З трапятаннем распавядаў пра дзяцінства, пра вучобу ў сельскай школе, пра цяжкасці “перавучвання” прадметаў з беларускай мовы на рускую пры пераходзе ў СШ № 1 г. Жодзіна. Натхнёна ўспамінаў свае гады вучобы ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце і аспірантуры Ленінградскага фізіка-тэхнічнага інстытута імя А.Ф.Іофе Акадэміі навук СССР, куды быў рэкамендаваны ў ліку трох лепшых студэнтаў курса. Паведаміў вучням пра свае першыя крокі ў галаграфіі, пра наступныя поспехі, пра сусветнае прызнанне як вучонага. На пытанне навучэнцаў, якая са шматлікіх узнагарод, атрыманых і за мяжой, і на Радзіме, самая дарагая, адказаў:

— Для мяне самая каштоўная з узнагарод — гэта медаль С.Э.Фрыша, заснаваны аптычным таварыствам імя Д.С.Раждзественскага ў 2000 г. у гонар арганізатара першай у краіне спецыялізаванай кафедры оптыкі ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце, аднаго з заснавальнікаў оптыкі і спектраскапіі ў Савецкім Саюзе Сяргея Эдуардавіча Фрыша. Сяргей Эдуардавіч быў маім настаўнікам, дапамог вызначыцца з выбарам жыццёвага шляху.

Гутарка са знакамітым навукоўцам атрымалася вельмі душэўная. Паўтары гадзіны праляцелі як адно імгненне.

У канцы сустрэчы Леанід Віктаравіч звярнуўся да навучэнцаў выпускных класаў:

— Я буду вельмі рады, калі з нашай сённяшняй гутаркі нешта пойдзе вам на карысць. Выбіраючы сваю будучую дарогу, ідзіце па тым шляху, да якога больш ляжыць душа, і тады ў вас усё абавязкова атрымацца. І хай перашкоды, якія адназначна будуць сустракацца на вашым шляху, не палохаюць, а толькі загартоўваюць характар.

Наталля ШАПЯЛЕВІЧ,
кіраўнік школьнага музея баявой славы імя П.І.Купрыянава
дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна.