Адкрыты мікрафон з міністрамі

Днямі на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры адбылася сустрэча выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі з кіраўнікамі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

Сёлетняя сустрэча сабрала прадстаўнікоў студэнцкай моладзі з усіх абласцей Беларусі. Мерапрыемства прай­шло ў фармаце адкрытага мікрафона.

— Сёння для вас асаблівы дзень, паколькі завяршаецца цікавы этап у  вашым жыцці — студэнцкае жыццё. Кожны з вас без пяці хвілін малады спецыяліст, прыклад для кожнага прадстаўніка студэнцкай моладзі ў навуковай дзейнасці, спорце, валанцёрстве, актыўным жыцці, — звярнуўся да прысутных міністр адукацыі Ігар Карпенка. — Вы атрымалі прафесію, але не спыняйцеся на дасягнутым. Спрабуйце, дзейнічайце, прымайце вывераныя рашэнні. Дарогу асіліць той, хто ідзе.

Ігар Васільевіч звярнуў увагу сваіх суразмоўцаў на тое, што ў сценах універсітэта нараджаецца і сапраўднае сяброўства, якое чалавек праносіць праз усё жыццё. І тое, што дае ўстанова вышэйшай адукацыі, ацэньваецца ўжо пасля — з пункту гледжання набытага вопыту пасля яе заканчэння.

Да таго ж студэнты змаглі задаць свае пытанні гасцям з міністэрстваў. Моладзь цікавіў пераважна ўласны вопыт суразмоўцаў: гісторыі ўдзелу ў студэнцкіх будаўнічых атрадах, уражанні ад вандровак па Беларусі, яскравыя моманты ў перыяд вучобы, любімы від спорту на ІІ Еўрапейскіх гульнях. Аднак былі і пытанні, якія закраналі сферы інтарэсаў саміх маладых людзей — медыцыну, гісторыю, мастацтва. Так, Уладзіслаў Шпакоўскі з Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта пацікавіўся ўзаемадзеяннем адукацыі і бізнесу, Арцём Панкратаў з Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта закрануў пытанні страхавой медыцыны, а Міхаіл Шырокі з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова звярнуў увагу на першасную ролю для грамадства ў вывучэнні гісторыі краіны.

— Жыццё неаднойчы будзе прымаць у вас экзамены. Жадаю заўсёды здаваць іх на выдатна! — рэзюмаваў І.В.Карпенка.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.