Напярэдадні святкавання дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў мікрараёне Спадарожнік Магілёва адкрыўся новы дзіцячы сад. Гэтая падзея стала адной з 70 добрых спраў у рамках гарадской акцыі да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Яркія гірлянды шароў на свежапафарбаваным фасадзе будынка, шчаслівыя ўсмешкі малых, радасныя твары бацькоў. Менавіта такую карціну давялося назіраць на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага дзіцячага сада. Для жыхароў мікрараёна Спадарожнік увядзенне ў эксплуатацыю дзіцячага сада стала сапраўдным святам. Гэтую ўстанову змогуць наведваць 240 хлопчыкаў і дзяўчынак, што дазволіць зняць праблему з чаргой на атрыманне дашкольнай адукацыі ў гэтай гарадской зоне.
Павіншаваць дзетак, бацькоў і супрацоўнікаў дзіцячага сада са знамянальнай падзеяй прыйшло нямала ганаровых гасцей. Сярод іх губернатар вобласці Пётр Руднік, мэр горада Уладзімір Цумараў, памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў.
Пётр Руднік павітаў жыхароў мікрараёна і павіншаваў іх з адкрыццём новай дашкольнай установы, у якой жыхары Спадарожніка, безумоўна, даўно мелі патрэбу. Дзіцячага сада на 95 месцаў, які быў у мікрараёне да гэтага часу, тут відавочна не хапала. Затое цяпер мясцовыя малыя будуць наведваць новую, прыгожую, сучасную ўстанову адукацыі.
Пасля цёплых слоў прывітання і добрых пажаданняў кіраўнік рэгіёна ўручыў гаспадыні новага садка — загадчыцы Алене Пабялусцікавай пашпарт на абсталяванне для харчаблока. Каштоўным падарункам падмацаваў сваё віншаванне і мэр Магілёва Уладзімір Цумараў. Ад улад горада калектыву дзіцячага сада было прэзентавана фартэпіяна. Завяршыліся ж віншаванні ўручэннем загадчыцы сада сімвалічнага ключа ад новай дашкольнай ўстановы.
Пасля традыцыйнага пераразання чырвонай стужкі госці і ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства накіраваліся ў будынак. Дарэчы, на яго будаўніцтва з абласнога бюджэту было выдаткавана 62 млрд рублёў. Сума не маленькая, але гэтыя выдаткі апраўдалі сябе. Новы дзіцячы сад абсталяваны прасторнымі фізкультурнай, гімнастычнай і музычнай заламі. Акрамя гэтага, у садку ёсць басейн і медыцынскі блок, які складаецца з кабінета медыцынскіх работнікаў, працэдурнага кабінета і кабінета фізіятэрапеўтычных працэдур. Для бяспекі ж выхаванцаў тут прадугледжаны 14 камер відэаназірання і трывожная кнопка сістэмы “Маланка”. Неабходным і самым сучасным гульнявым інвентаром абсталявана дзіцячая пляцоўка.
Усё гэта прыйшлося па душы наваспечаным выхаванцам садка, якія разам з выхавальнікамі падрыхтавалі святочнае выступленне. Малышы спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Было бачна, што новыя насельнікі дзіцячага сада ўжо адчуваюць сябе тут як дома.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.