«Адкрываю новую грань у сваім жыцці». Піраміда поспеху загадчыка дзіцячага сада №252 Мінска Андрэя Дзмітрука

- 14:10Персона

Рыхтуючыся да рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”, малады загадчык дзіцячага сада № 252 Мінска Андрэй Дзмітрук вывеў для сябе формулу поспеху. Каб даведацца пра яе, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” завітала ў дашкольную ўстанову, якую ён узначальвае.

Дзіцячы сад № 252, куды кожную раніцу спяшаецца Андрэй Аляксандравіч, размешчаны ў былым пасёлку Сокал. Гэты сталічны мікрараён не падобны на астатнія, бо знаходзіцца за 30 кіламетраў ад МКАД, на ўсход ад асноўнай часткі Мінска. Нядзіўна, што работнікі і выхаванцы мясцовага дзіцячага сада — гэта ў асноўным жыхары Сокала. Андрэй Аляксандравіч — выключэнне. Але, нягледзячы на значную адлегласць, якую яму даводзіцца пераадоль­ваць штодзень у паездках на работу і дадому, ён не гатовы прамяняць Сокал ні на які іншы мікрараён:

— Паглядзіце, колькі ў нас зялёных насаджэнняў і свабоднай прасторы! Прыязджаючы сюды з вялікай зямлі, адразу адчуваеш, як тут ціха і ўтульна, як лёгка дыхаецца. Але пры гэтым ёсць усе прывілеі сталіцы. Развітая інфраструктура, добрыя транспартныя адносіны, два дзіцячыя сады, школа, паліклініка, храм.

У 2015 годзе ў 252-м дзіцячым садзе прайшоў капітальны рамонт з рэканструкцыяй. Сёння ўстанова ўражвае багаццем кветак і дэкаратыўных кампазіцый. Памяшканні аформлены стыльна, у прыемных адценнях зялёнага і жоўтага. Маю ўвагу прыцягнула выява дрэва з галінкамі, на якіх прымацаваны партрэты выхаванцаў, што былі нядаўна залічаны ў ясельную групу. Андрэй Аляксандравіч тлумачыць:

— У гэтай кампазіцыі прасочваюцца матывы педагогікі Фрыдрыха Фробеля, які лічыў, што дзеці — гэта парасткі дрэва чалавечага, а дзіцячы сад — аранжарэя жыцця дзяцей.

На сябе звяртаюць увагу прыгожыя фотапартрэты выпускнікоў сада папярэдняга года.

— Уявіце: прыходзяць бацькі запіс­ваць сваіх дзяцей да нас — і ім цікава пагля­дзець на тых, хто займаўся тут раней, — адзначае Андрэй Аляксандравіч.

А для прыцягнення дзіцячай увагі на першым паверсе ўсталяваны акварыум. За рыбкамі даглядаюць і малыя, і дарослыя.

Дзіцячы сад № 252 Мінска наведва­юць 230 выхаванцаў, пачынаючы з двухгадовага ўзросту. Тут функцыянуе 12 груп, у тым ліку спецыяльная для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і група інтэграванага навучання і выхавання. Для ўсебаковага развіцця выхаванцам прапануецца 10 дадатковых адукацыйных паслуг на платнай аснове: заняткі фізкультурна-аздараўленчай накіраванасці, па развіцці маўлення, выяўленчым мастацтве, з выкарыстаннем казкатэрапіі, методыкі ТРВЗ, М.А.Зайцава і г.д.

— Вялікая ўвага ва ўстанове ўдзяляецца патрыятычнаму выха­ванню, — расказвае Андрэй Аляксандравіч. — Для гэтага створана прадметна-развіццёвае асяроддзе, аформлены патрыятычныя куткі, міні-музей “Сялянская хата”. Мікрараён Сокал знахо­дзіцца непадалёк ад Кургана Славы і багаты гістарычным мінулым. Нашы вуліцы носяць імёны Герояў Савецкага Саю­за М.І.Кірэева, Т.М.Барамзіной і В.С.Грызадубавай. Педагогі ў даступнай форме рас­казваюць аб гераічным мінулым краіны. Падбіраюць матэрыял па тэме, распрацоўваюць дыдактычныя гульні і дапаможнікі, рэалізу­юць сумесна з бацькамі выхаванцаў праекты, ла­дзяць святы, мастацкія пастаноўкі, экскурсіі. 

***

— З падлеткавага ўзросту я марыў працаваць з дзецьмі, дзяліцца з імі ведамі, — гаворыць Андрэй Аляксандравіч. — Шлях у прафесію быў цікавым і насычаным. Гэта гады вучобы ў Салігорскім дзяржаўным педагагічным каледжы, дзе, дарэчы, вучыліся і мае стрыечныя сёстры. Затым вучоба ў БДПУ на завочным аддзяленні гістарычнага факультэта і, нарэшце, у магістратуры. Восем гадоў я працаваў выхавальнікам у дзіцячым садзе № 532 Мінска, які належыць холдынгу “Гарызонт”. Займаўся са старшымі дашкольнікамі, якім па 5—7 гадоў. З цяплом успамінаю той час: як угаворваў малых з’есці чароўны суп, пасля якога яны павінны падрасці, як мы рыхтаваліся да дзіцячых свят, развучвалі вершы і дыялогі. Я прывіваў дзецям любоў да прыроды, малой і вялікай Ра­дзімы, сям’і, сяброў, беражлівыя адносіны да цацак, вучыў заўважаць прыгажосць, шкадаваць слабых, працаваць і даводзіць справу да канца, верыць у цуды. Часам мае выхаванцы, не шкадуючы эмоцый, стваралі сваімі рукамі сапраўдныя шэдэўры. Вядома ж, я вучыў будучых школьнікаў чытанню, грамаце, элементарным матэматычным уяўленням. У такія моманты выхаванцы называлі мяне сваім настаўнікам. Я вучыў дзяцей, і сам вучыўся ў іх. У іх і ў калег, цудоўных спецыялістаў, выдатных людзей, якія мімаволі дапамаглі мне раскрыць педагагічны патэнцыял. Сёння разумею, навошта мне быў дадзены гэты вопыт, практычнае разуменне псіхалогіі дзяцей: каб кіраваць тымі, хто працуе з дзецьмі, мне трэба было прайсці гэты шлях з самага пачатку.

Некаторы час Андрэй Аляксандравіч займаў пасаду намесніка загадчыка ў дзіцячым садзе № 327 Мінска, а ў 2021 годзе яму прапанавалі ўзначаліць дашкольную ўстанову № 252. Спачатку ён сумняваўся, ці справіцца, бо гэта толькі на першы погляд работа з дзецьмі і іх бацькамі здаецца спакойнай. Адказнасць вельмі высокая. Але, калі Андрэй Дзмітрук упершыню пераступіў парог 252-га дзіцячага садка, яму ўсё прыйшлося па душы, з’явілася ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца.

— Для мяне галоўнае, каб малышам было камфортна і цікава ў дзіцячым садку, каб яны з задавальненнем ішлі ў яго, — заўважае мой суразмоўнік. — Асабліва важны перыяд адаптацыі, калі дзіця мае патрэбу ў матчыным падыходзе з боку педагога, ласцы і клопаце. У гэтай сувязі мяне парадавала, што ў калектыве сада ў асноўным працуюць тыя, у каго ёсць педагагічны і сямейны вопыт, але пры гэтым яны яшчэ даволі маладыя, у сярэднім ім па 35—45 гадоў. Ёсць у нас і маладыя спецыялісты, і тыя, хто набліжаецца да пенсіённага ўзросту. Не сакрэт, што поспех кіраўніка ў першую чаргу залежыць ад яго каманды. Мне блізкія словы аднаго юрыста: “Задача лідара — у тым, каб было больш лідараў, а не ў тым, каб было больш тых, хто ідзе за лідарам”. З калегамі ў мяне склаліся партнёрскія, даверлівыя адносіны. Мы вучымся адно ў аднаго.

Якасці, якія лічу самымі неабходнымі для сучаснага кіраўніка, — спалучэнне смеласці, разважлівасці і творчасці. Важныя ўменні — ісці ў нагу з часам, валоданне ІТ, тэхнічныя і тэхналагічныя навыкі, самаадукацыя, веданне асноў бізнесу, здольнасць наладжваць кантакты, імкненне і магчымасць весці за сабой лю­дзей, рэкламаваць сваю ўстанову.

Са свайго невялікага вопыту ведаю, што многія якасці адкрываюцца нечакана, у залежнасці ад сітуацыі. Не ўсяму можна навучыцца ва ўніверсітэце, не ўсё прадба­чыць. Многае прыходзіць з вопытам. Ёсць і велічыні нязменныя. Сучаснаму кіраўніку трэба быць у першую чаргу чалавекам, любіць людзей і сваю работу, жыць жыццём сваёй краіны.

***

Рыхтуючыся да фестывалю “Педагагічны дэбют”, Андрэй Дзмітрук вывеў для сябе формулу поспеху. Для гэтага выкарыстаў вобраз цацачнай піраміды, якую так лю­бяць дзеці.

Першае кольца піраміды — гэта аснова, якая задае тон і кірунак развіцця. Яно павінна быць трывалым і надзейным. І гэта кіраўнік, які адначасова з’яўляецца менеджарам, псіхолагам, юрыс­там, эканамістам, метадыстам, справаводам, гаспадарнікам і г.д. Наступнае кольца — надзейная апора кіраўніка — намеснікі. Дзякуючы ім у дзіцячым са­дзе выбудоўваецца дасведчаная адукацыйная, метадычная і гаспадарчая работа. Педагогі — ключавая частка піраміды. Яны дзень пры дні аддаюць цяпло сваіх сэрцаў дзецям, закладваюць аснову іх характару, развіваюць іх здольнасці, з’яўляюцца для іх і настаўнікамі, і другімі мамамі. Незаменныя іх спадарожнікі — памочнікі выхавальніка, якія ствараюць у групе парадак і ўтульнасць, клапоцяцца пра малых, гатовы прыйсці на дапамогу ў любой сітуацыі. Важная частка піраміды — кухары, якія ўме­юць гатаваць смачна, па-дамашняму. Не самы прыкметны, але значны супрацоўнік — гэта вартаўнік. А як жа абысціся без залатых рук рабочых па абслугоўванні, якія і мосцік змайструюць, і электрыку адрамантуюць, без прыбіральшчыкаў памяшканняў і тэрыторыі?! І вядома ж, на вяршыні піраміды знаходзяцца выхаванцы, якія радуюць педагогаў сваімі поспехамі і дасягненнямі. А колеравая гама піраміды — гэта паказчык удзелу бацькоў у адукацыйным працэсе. Добра, калі яны — побач з педагогамі.

— Калі я назіраю за зладжанай работай маёй каманды, за радаснымі, дапытлівымі вачамі дзяцей, адчуваю свой удзел у іх сталенні і развіцці, разумею, што мая піраміда поспеху склалася, — падкрэслівае Андрэй Дзмітрук.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА