Адкрываюць свет мастацтва

— Дзяцінства — гэта час незвычайных адкрыццяў і вялікіх дасягненняў, калі творчасць з’яўляецца ўнутранай патрэбай і формай эстэтычнага пазнання навакольнага свету, — лічыць настаўніца выяўленчага мастацтва, педагог дадатковай адукацыі, магістр педагагічных навук Юлія Міхайлаўна Макарэвіч з сярэдняй школы № 18 Брэста.

Ужо 4 гады на базе ўстановы адукацыі дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах MY Art, у якім дзеці ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў займаюцца па суботах выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Сюды прымаюць усіх — незалежна ад узроўню падрыхтоўкі і мастацкіх задаткаў. На занятках навучэнцы спасцігаюц­ь азы выяўленчай граматы: асновы кампазіцыі, колеразнаўства, жывапісу, графікі, тэхнікі нетрадыцыйнага малявання і інш. Але галоўнае — дзеці атрымліваюць вялікае задавальненне ад стваральнай працы і знаёмства з мастацкім светам.

Кіраўнік аб’яднання Ю.М.Макарэвіч акцэнтуе ўвагу на мастацкай выразнасці дзіцячага малюнка і яго непасрэднасці, развіцці нестандартнага мыслення і фантазіі ў выхаванцаў. З гэтай мэтай хлопчыкі і дзяўчынкі эксперыментуюць з тэхнікамі малявання (манатыпія на шары, маляванне на пене для галення, гравюра на шкле), выконваюць выяўленчыя практыкаванні на развіццё ўяўлення, працуюць з рознымі матэрыяламі пры стварэнні дэкаратыўных вучэбна-творчых работ (роспіс па шкле з дэкарыраваннем, арт-аб’екты і цацкі ў змешаных тэхніках).

— Паступова пашыраючы ўласныя творчыя межы, дзеці разнявольваюцца, ствараюц­ь свае эмацыянальныя светы ў фарбах, лініях і формах, напаўняючы іх персанажамі і легендамі. Дзякуючы стараннасці ў выкананні  графічных заданняў, навучэнцы паляпшаюць почырк, дзякуючы поспехам у нетрадыцыйным маляванні — набываюць упэўненасць ва ўласных сілах, а дзякуючы тэарэтычным ведам па колеразнаўстве — надаюць работам больш маляўнічасці. Дзіцячая творчасць, пазбаўленая шаблонаў, па сваёй сутнасці шчырая і наіўная, каларыстычна разнастайная, арыгінальная па мастацкіх вобразах і форме мастацкага ўвасаблення, — расказвае Ю.М.Макарэвіч.

Па словах Юліі Міхайлаўны, работа аб’яднання будуецца на вывучэнні традыцыйных і нетрадыцыйных тэхнік малявання. Дзеці не могуць тварыць, не авалодаўшы прыёмамі ўзнаўлення. На сваіх занятках педагог не абмяжоўвае фантазію выхаванцаў, актыўна звяртаецца да клякса- і ніткаграфіі, камбінаваных тэхнік, жывапісу ў тэхніцы point to point, інтуітыўнага жывапісу, дэкарыравання (кропкавага роспісу, гравюры на фользе, жгутаграфіі, папера­пластыцы і інш.).

— Нетрадыцыйныя тэхнікі малявання абагачаюць веды і ўяўленні школьнікаў аб прадметах і матэрыялах, іх прымяненні, ствараюць станоўчую матывацыю, дазваляюць эксперыментаваць, аказваюць арт-тэрапеўтычны эфект, развіваюць тактыльную і колеравую адчувальнасць, зрокава-маторную каардынацыю, уяўленне і інш. Сістэматычнае авалоданне неабходнымі сродкамі і спосабамі мастацкай дзейнасці прыносіць радасц­ь творчасці, развівае дзяцей у эстэтычным, інтэлектуальным, маральна-працоўным, фізічным і эмацыянальным плане. Нетрадыцыйнае маляванне і простыя тэхнікі дэкарыравання дазваляюць атрымліваць задавальненне ад творчасці не толькі дзецям, але і іх бацькам, — гаворыць Ю.М.Макарэвіч.

Педагог практыкуе сумесныя заняткі “Арт-сям’я”, калі мамы і таты малююць з дзецьмі. Бывае, што бацькі ў час сумеснай творчасці захапляюцца больш, чым дзеці, атрымліваюць новы творчы вопыт. Такая форма мастацкай дзейнасці, акрамя самастойнай практычнай работы навучэнцаў на занятках, майстар-класаў і выстаў, з’яўляецца спецыфічным сродкам выхавання, навучання і развіцця асобы дзіцяці.

Бацькі актыўна падтрымліваюць любыя ініцыятывы па папулярызацыі дзіцячай творчасці: удзельнічаюць у конкурсах, мастацкіх выставах і інш.

Педагог далучае выхаванцаў да элементаў арт-культуры: ад адносін да творчага працэсу, арганізацыі рабочага месца і матэрыялаў — да ўмення прэзентаваць мастацкую работу гледачам, неабыякавым да мастацтва.

Вынікі карпатлівай працы Юліі Міхайлаўны і яе навучэнцаў адлюстроўваюцца ў шматлікіх перамогах на конкурсах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гарадскога, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, а таксама ў персанальных выставах. Так, даволі запамінальным атрымаўся ўдзел школьнікаў у гарадской выставе творчых работ “Я малюю!”, арганізаванай у Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С.Пушкіна. Наперадзе юбілейная выстава ў мастацкім музеі Брэста. 

— Поспех эстэтычнага выхавання залежыць ад цеснага ўзаемадзеяння педагога, бацькоў і дзіцяці. Усвядомленыя адносіны да выяўленчай дзейнасці развіваюць станоўчыя якасці асобы. На занятках дзеці мараць, ствараюць, здзіўляюць, адкрываюц­ь у сабе мастакоў, якія ажыўляюць рэчаіснасць і мадэлююць новую рэальнасц­ь, — падагульняе Ю.М.Макарэвіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.