Адлегласць — не перашкода для навучання і атрымання прафесіі

- 15:24Рознае, Спецыяльная адукацыя
Днямі ў Прэс-цэнтры Дома прэсы прайшоў круглы стол па тэме “Сучасны стан і перспектывы развіцця сістэмы дыстанцыйнага навучання для дзяцей і моладзі з парушэннямі апорна-рухальнага апарату”. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі сістэмы адукацыі, а таксама супрацоўнікі некамерцыйных арганізацый і спецыялісты ІТ-сферы — усе, хто гатовы садзейнічаць людзям з АПФР, незалежна ад іх абмежаванняў, у тым, каб яны атрымлівалі якасную адукацыю, асвойвалі прафесіі, працаўладкоўваліся.
Ці проста вучыцца самастойна?

Адным з арганізатараў круглага стала выступіў Міжнародны сацыяльна-эканамічны фонд “Ідэя”, заснавальнікам якога з’яўляецца Павел Вештарт. Ён і прадставіў фонд на мерапрыемстве. Арганізацыя займаецца развіццём сацыяльнай адказнасці беларускага бізнесу, кантралюе сферу яго абавязкаў перад грамадствам, забяспечвае эфектыўнасць дыялогу паміж бізнес-коламі і дзяржструктурамі, ініцыіруе станоўчыя змяненні ў краіне, у прыватнасці, ажыццяўляе дзейнасць, накіраваную на змяненне адносін у грамадстве да людзей з інваліднасцю. Сумесна з кампаніяй Samsung фонд нядаўна запусціў вялікі адукацыйны праект, які тычыцца і дзяцей з інваліднасцю. Адна з тэм, якая абмяркоўвалася спецыялістамі ў межах праекта, — “Педагагічная кампетэнтнасць выкладчыкаў камп’ютарнай граматнасці для дзяцей з АПФР”.
Інфармацыйныя тэхналогіі ва ўсім свеце развіваюцца хуткімі тэмпамі і атрымліваюць шырокае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе. Аб магчымасцях дыстанцыйнага навучання, якія прадастаўляе Мінскі гарадскі ІРА педагагічным работнікам і навучэнцам, у тым ліку і дзецям з АПФР, расказала метадыст аддзела інфарматызацыі інстытута Алена Мікалаеўна Емяльянава. Інстытут выкарыстоўвае сістэму дыстанцыйнага навучання Moodle, у межах якой настаўнікі горада маюць магчымасць ствараць сайты для анлайн-навучання школьнікаў па розных прадметах. Інстытут змяшчае ў сістэме Moodle навучальныя курсы па прадметах, якія ствараюць настаўнікі. У кожнага вучня і настаўніка, якія зарэгістраваны ў сістэме, ёсць доступ да гэтых матэрыялаў, і яны могуць навучацца дыстанцыйна. У планах інстытута павялічыць колькасць навучэнцаў, якія будуць карыстацца дыстанцыйнымі курсамі, задаволіць запыты ўсіх жадаючых вучыцца.
У Мінскім ІРА дзейнічаюць курсы павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў, у тым ліку па тэматыцы, звязанай з дыстанцыйным навучаннем, вядзецца падрыхтоўка ІТ-цьютараў, праводзяцца гарадскія конкурсныя мерапрыемствы для педагогаў і інтэрнэт-алімпіяды для навучэнцаў, настаўнікі рэалізуюць таксама інтэрнэт-праекты, атрымліваюць віртуальныя кансультацыі. Больш за 650 педагагічных работнікаў горада прайшлі навучанне праз сістэму дыстанцыйнага навучання Moodle. За 5 гадоў карыстальнікамі сістэмы дыстанцыйнага навучання ў Мінску сталі 18 815 чалавек.
Алена Мікалаеўна спынілася на неабходнасці распрацоўкі нарматыўнай дакументацыі па дыстанцыйным навучанні, якой у нашай краіне пакуль няма. Гэта дазволіць аператыўна вырашаць арганізацыйныя пытанні, прад’яўляць канкрэтныя патрабаванні да якасці дыстанцыйных курсаў і матываваць выкладчыкаў да іх распрацоўкі. А.М.Емяльянава таксама адзначыла, што ў бліжэйшы час у трох школах Мінска, дзе навучаюцца дзеці з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, будзе праходзіць эксперымент па дыстанцыйным навучанні.
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА Таццяна Віктараўна Лісоўская адзначыла, што галоўнай мэтай спецыяльнай адукацыі з’яўляецца сацыялізацыя і інтэграцыя дзяцей у грамадства. Дыстанцыйнае навучанне пры гэтым можна разглядаць як дадатковую форму адукацыі. Хаця ў пэўнай сітуацыі, напрыклад, калі дзіця працяглы час адсутнічае ў школе, у самастойнай формы навучання ёсць свае плюсы. Таццяна Віктараўна расказала таксама аб прыкладзе Казахстана, дзе ў 2008 годзе ў межах прэзідэнцкай праграмы ўсім дзецям-інвалідам падарылі ноўтбукі і падключылі іх да інтэрнэту з мэтай навучання дзяцей. На першы погляд, гэта вельмі добрая ініцыятыва для вялікай краіны, дзе не да кожнага дзіцяці, якое пражывае ў глыбінцы, можа прыехаць спецыяліст. Эксперымент працягваўся да 2011 года. І вынік яго быў наступны: каля 90 працэнтаў дзяцей нават не адкрылі ноўтбукі для навучання, яны выкарыстоўвалі іх толькі для гульняў. Т.В.Лісоўская спаслалася і на вынікі псіхалагічных даследаванняў, якія праводзіліся ў Санкт-Пецярбургу. Яны пацвердзілі тое, што спачатку трэба сфарміраваць у дзяцей з АПФР актыўнае наглядна-дзейснае і наглядна-вобразнае мысленне, увагу, паводзінскія навыкі, уменне слухаць, чуць і запамінаць, матывацыю да навучання і толькі потым прапаноўваць вучыцца праз камп’ютар. Дыстанцыйнае навучанне варта ажыццяўляць толькі з 12 гадоў.
У НІА ў 2012 годзе пачалі ствараць ЭСН па вучэбных прадметах на ўзроўні дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю. За 2 гады супрацоўнікамі лабараторыі спецыяльнай адукацыі, а таксама ўдзельнікамі часовага навуковага калектыву былі распрацаваны электронныя вучэбна-метадычныя комплексы, але толькі для навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю, таму што толькі гэтая катэгорыя дзяцей у нашай краіне атрымлівае няцэнзавую адукацыю. Усе дзеці з АПФР, якія атрымліваюць цэнзавую адукацыю, змогуць карыстацца ЭСН, якія НІА распрацоўвае для масавых школ. Навукоўцы стварылі даведачна-інфармацыйны модуль для тых настаўнікаў, якія навучаюць дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, — гэта новы дыдактычны дапаможнік пры падрыхтоўцы да ўрокаў. Па вучэбных прадметах створаны вучэбна-метадычны комплекс, які прадугледжвае адукацыйныя стандарты, вучэбныя праграмы, вучэбна-метадычныя дапаможнікі і падручнікі, дыдактычныя матэрыялы, канспекты ўрокаў па прадметах. З верасня 2013 года ў трох дапаможных школах пачаўся экперымент па выкарыстанні электронных вучэбна-метадычных комплексаў. Распрацаваны і яшчэ адзін модуль — кантрольна-дыягнастычны — для выпускных груп на ўзроўні дашкольнай адукацыі і пачынаючы з 6 класа на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю. Гэты модуль апрабуецца з верасня бягучага навучальнага года на базе дапаможных школ. Зараз ствараюцца таксама інтэрактыўныя модулі па вучэбных прадметах для школьнікаў і для дашкольнікаў з інтелектуальнай недастатковасцю. Яны ўяўляюць сабой вучэбна-метадычныя комплексы, якія ўключаюць даведачную інфармацыю і тэставыя заданні. Паралельна са стварэннем ідзе іх апрабацыя на эксперыментальных пляцоўках. Усе кампаненты электронных навучальных рэсурсаў — і даведачна-інфармацыйны і кантрольна-дыягнастычны — размешчаны на дыстанцыйнай платформе Moodle (www. moodle.adu.by), але адкрыты пакуль у рэжыме эксперымента толькі для эксперыментальных школ.

Неабмежаваныя анлайн-магчымасці

“Ёсць такое паняцце “персанальнае асяроддзе навучання”. Гэта разнастайныя крыніцы інфармацыі, якую атрымлівае навучэнец, у тым ліку праз інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, а таксама праз мабільныя прыстасаванні, — адзначыла падчас круглага стала аўтар і кіраўнік праекта e-learning.by (партала электроннага навучання) сертыфікаваны выкладчык Google Алена Локцева. — У такой сітуацыі і настаўнікам, і бацькам даволі складана кантраляваць увесь паток інфармацыі, якая паступае да дзіцяці. Асноўная іх задача ў тым, каб навучыць само дзіця працаваць з гэтым вялікім аб’ёмам ведаў. Аднак дарослыя часам забараняюць сваім дзецям лішні раз скарыстацца мабільным прыстасаваннем замест таго, каб зрабіць яго добрым памочнікам, карысным для працэсу навучання. Трэба вучыць дзяцей у тым асяроддзі, дзе ім усё зразумела і цікава, з дапамогай тых крыніц інфармацыі, якія дзецям падабаюцца і якімі яны лёгка ўмеюць карыстацца. Самы просты прыклад: любы настаўнік, стварыўшы сваю групу “УКантакце”, можа навучаць праз яе школьнікаў”.
У апошні час з’явілася паняцце BYOD (Прынясі Свой Уласны Дэвайс). У практыку супрацоўнікаў многіх кампаній увайшло выкарыстанне ў рабоце ўласных дэвайсаў — камп’ютараў (ноўтбукаў), мабільных прыстасаванняў (тэлефонаў, смартфонаў, планшэтаў) і іншай электронікі. Чаму б, напрыклад, настаўніку не прапанаваць школьнікам прынесці на заняткі іх уласныя дэвайсы, каб наладзіць на ўроку цікавую сумесную работу ўсіх дзяцей?
Кампанія Google сёння рэалізуе праграму, дзякуючы якой кожны жадаючы можа стварыць свой акаўнт (уліковы запіс) і атрымаць доступ да ўсіх сэрвісаў кампаніі, стварыць уласны блог, дадаткі для навучання, распрацаваць вучэбныя тэсты, інтэрактыўныя флэш-трэнажоры. Існуюць і так званыя воблачныя сэрвісы або анлайн-сховішчы, якія таксама можна выкарыстоўваць у працэсе навучання. На іх захоўваюцца файлы любых тыпаў, у тым ліку відэа- і аўдыя-.
Набывае папулярнасць педагагічная мадэль “перавернуты клас”, у якой адукацыйны працэс арганізоўваецца незвычайным чынам. Настаўнік не праводзіць традыцыйныя ўрокі, ён проста падбірае і дае дзецям інфармацыю, якую яны аналізуюць і засвойваюць дома самастойна. Інфармацыя, як правіла, падаецца ў выглядзе кароткіх відэа-ўрокаў, якія можна размяшчаць у інтэрнэце або захоўваць у анлайн-файлаабменніку. На ўроку настаўнік не займаецца тлумачэннем новага матэрыялу, ён дае практыкаванні на замацаванне ведаў, абмяркоўвае з дзецьмі праекты, ладзіць дыскусіі, арганізоўвае камандныя спаборніцтвы.
Дыстанцыйнае навучанне сёння прадастаўляе даволі шмат магчымасцей. Напрыклад, існуе доступ да MOOCs — масавых анлайнавых курсаў, якія прапаноўваюць універсітэты. Запісацца і азнаёміцца са зместам іх можа кожны жадаючы, прычым бясплатна. Універсітэты ствараюць таксама свае віртуальныя светы — прадстаўніцтвы ў інтэрнэце, праз якія арганізоўваюць дыстанцыйнае навучанне.

Міфы і праўда пра ІТ

Суарганізатарам круглага стала выступіў Каардынацыйна-метадычны цэнтр развіцця ІТ-адукацыі НТА “Інфапарк” — некамерцыйная структура, якая аб’ядноўвае ІТ-кампаніі. Сярод прыярытэтных кірункаў дзейнасці цэнтра — сацыяльна-значныя. Цэнтр ажыццяўляе маніторынг міжнароднага рынку вучэбных праграм для ІТ-спецыяльнасцей, фарміруе спіс гэтых спецыяльнасцей і спецыялізацый, вызначае кваліфікацыйныя патрабаванні да іх, распрацоўвае і праводзіць прафарыентацыйныя і кваліфікацыйныя тэсты.
“Часам даводзіцца чуць, як абывацелі называюць усіх спецыялістаў ІТ-сферы праграмістамі (хаця сфера гэтая налічвае больш за 200 спецыяльнасцей). Такое меркаванне яны даносяць і да дзяцей, — разважае начальнік цэнтра Вольга Заўялава. — Яшчэ адзін міф зазначае, што для таго, каб працаваць у ІТ-сферы, трэба выдатна ведаць матэматыку. Але дасканалае веданне гэтага прадмета патрэбна толькі для 40 працэнтаў ІТ-спецыяльнасцей. Для ІТ-маркетолагаў, напрыклад, дастаткова школьнага ўзроўню матэматычных ведаў. Для спецыялістаў гэтай галіны на першым плане — добрае валоданне замежнай мовай. ІТ-сфера сёння вельмі прыцягальная. Яна прываблівае стабільна высокімі заробкамі і перспектывамі кар’ернага росту. Ва ўсім свеце існуе павышаны попыт на адпаведных спецыялістаў. Еўракамісія агучыла статыстычныя звесткі: да 2015 года ў Еўропе сфарміруецца каля 900 тысяч ІТ-вакансій, а сістэма адукацыі гэтага рэгіёна здольна падрыхтаваць толькі 100 тысяч спецыялістаў. Зразумела, што заходнія фірмы і кампаніі будуць шукаць кадры за мяжой, у тым ліку і ў Беларусі, будуць прапаноўваць працаваць на адлегласці. Сёння многія ІТ- кампаніі арганізоўваюць навучальныя курсы, часам і бясплатныя, для студэнтаў і выпускнікоў ВНУ з перспектывай працаўладкавання ў гэтых кампаніях. Ужо ёсць прыклады, калі нават школьнікі, скончыўшы такія курсы, у вольны час падпрацоўваюць тэсціроўшчыкамі”.
Гэтая сфера ідэальна падыходзіць для работы людзям з абмежаванымі магчымасцямі, якія могуць ажыццяўляць яе на адлегласці. Далучыць іх да такой работы добра і з сацыяльнага пункту гледжання, і з эканамічнага. Ужо ёсць канкрэтныя прыклады ў нашай краіне, калі людзі з абмежаванымі магчымасцямі паспяхова асвойваюць новыя для сябе спецыяльнасці і самастойна зарабляюць грошы. Усе работадаўцы, якія прынялі на работу да сябе такіх людзей, адзначаюць іх добрыя асабістыя якасці, вялікую матывацыю да дзейнасці.
“Аднойчы мне патэлефанавала знаёмая, муж якой трапіў у аварыю, у выніку чаго стаў інвалідам і не змог працаваць на ранейшай рабоце, — адзначыў кіраўнік праекта “Інтэрнэт — бар’ераў няма” Аляксей Аўгусціновіч, які займаецца распрацоўкай сайтаў. — Я вырашыў навучыць яго нывыкам аддаленай работы ў інтэрнэце. Усё атрымалася, і сёння муж маёй знаёмай паспяхова працуе. Гэтая гісторыя натхніла мяне, і я арганізаваў бясплатныя дыстанцыйныя курсы для людзей з інваліднасцю. Падключыў да гэтага праекта спецыялістаў, у тым ліку замежных, якія пагадзілся папрацаваць аддалена ў якасці выкладчыкаў, экспертаў. У межах праекта мы правялі 22 вэбінары для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Доступ да іх меў кожны, хто пажадаў вучыцца. Тэмы разглядалі розныя: капірайтынг, кантэкстная рэклама, Seo-аптымізацыя сайтаў, інфабізнес, пошук аддаленай работы. Падчас навучання ўдзельнікі праекта вялі блог “Пошук сябе”. Яны не проста атрымалі новыя веды, але набылі ўпэўненасць у сваіх сілах і, што самае галоўнае, змаглі знайсці для сябе работу”.

Хуткае развіццё інфармацыйных тэхналогій часам вядзе да неразумення паміж тымі, каго навучаюць, і тымі, хто навучае, да неадпаведнасці паміж адукацыйнымі памкненнямі вучняў і тым, што прапаноўваюць ім настаўнікі. Галоўная перашкода на гэтым шляху — негатоўнасць настаўнікаў да выкарыстання і самастойнага стварэння сучасных па форме і змесце вучэбных матэрыялаў. Для таго каб педагогі маглі самастойна ствараць такія матэрыялы, іх трэба гэтаму навучыць. Найпершая задача ў працэсе развіцця ІТ-тэхналогій у адукацыйным працэсе, у тым ліку і ў дыстанцыйным навучанні, — аб’яднаць намаганні дзяржаўных структур, грамадскія і прыватныя ініцыятывы. Ад прадстаўнікоў бізнесу, ІТ-кампаній школа сёння чакае не толькі матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі, але і адукацыйных праектаў і праграм. Неабходна, каб сёння ва ўстановы адукацыі прыйшлі выкладчыкі, якія навучаць настаўнікаў працаваць з апошнімі тэхнічнымі навінкамі. У перспектыве ў школах павінны з’явіцца штатныя супрацоўнікі, якія стануць своеасаблівымі “праваднікамі” сучасных інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.