Чаму без дыстанцыйных тэхналогій у адукацыі ўжо не абысціся?
Вясной, калі як снег на галаву звалілася пандэмія, установы адукацыі былі вымушаны хутка шукаць рашэнні, каб, з аднаго боку, мінімізаваць кантакты паміж людзьмі, а з другога — захаваць якасць вучэбнага працэсу. Выйсцем сталі дыстанцыйныя тэхналогіі. Гэта быў сапраўдны прарыў у адукацыі — тое, што напрацоўвалася і выспявала гадамі, раптам стала масава запатрабаваным. Усе — ад студэнтаў да прафесараў — уключыліся ў адзіны працэс, што дазволіла бяспечна камунікаваць і не перапыняць заняткаў. За некалькі месяцаў актыўнай работы ў фармаце анлайн людзі ацанілі і іншыя перавагі дыстанцыйных тэхналогій. І гэта ўказвае на перспектыву іх больш шырокага прымянення ў “мірны час”.
Пра перавагі і недахопы дыстанцыйных тэхналогій, а таксама пра іх месца ў элітарным універсітэце гутарым з начальнікам Цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУ Віктарам КОЧЫНЫМ.
— У дыстанцыйнага навучання заўсёды былі прыхільнікі і апаненты. Пандэмія, верагодна, змяніла стаўленне людзей. Віктар Паўлавіч, як у БДУ бачаць баланс паміж вочнай і дыстанцыйнай адукацыяй?
— Дыстанцыйныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў БДУ даўно, але мы перакананы: цалкам дыстанцыйная адукацыя не можа быць якаснай. Для элітарнага ўніверсітэта (а БДУ менавіта такі) яна непрымальная.
З іншага боку, цалкам вочная адукацыя таксама састарэла і ўжо рызыкуе скаціцца на абочыну, стаць неканкурэнтаздольнай. Уся моладзь — у інтэрнэце, у сацыяльных сетках. Тэхналогіі для іх — лад жыцця, асяроддзе, соцыум. Гэты факт таксама нельга ігнараваць.
Таму, на мой погляд, аптымальным з’яўляецца спалучэнне 80% вочнага навучання і 20% — дыстанцыйнага.
— Дыстанцыйныя тэхналогіі маюць на ўвазе іншую метадалогію, іншыя часавыя рамкі правядзення заняткаў, іншыя крытэрыі ацэньвання і г.д., што істотна адрозніваецца ад аўдыторнай работы. Наколькі хутка і лёгка выкладчыкі, асабліва пажылыя, і студэнты асвойваюцца ў новых умовах?
— Сапраўды, дыстанцыйныя тэхналогіі — гэта не толькі і не столькі тэхнічная, колькі арганізацыйна-педагагічная частка. Выкладчыкі, асабліва старэйшага пакалення, прывыклі да класічных лекцый, праводзяць іх на вельмі высокім узроўні. Вядома, ім складана пераходзіць на новыя рэйкі. Таму вельмі важна змяніць псіхалогію людзей, іх стаўленне да гэтых тэхналогій і навучыць правільна ўбудоўваць інавацыі ў вучэбны працэс.
Тое ж і ў арганізацыйным плане. Ёсць устойлівы працэс, з устаноўленым раскладам лекцый, семінарскіх, практычных заняткаў. І ў гэтую структуру трэба ўкараніць яшчэ і дыстанцыйную форму. Пры гэтым усё павінна быць афіцыйна, у рамках вучэбнага плана, і каб быў цалкам кіруемы вучэбны працэс. Гэта таксама нетрывіяльная частка, якую не так проста рэалізоўваць.
Работа ў месенджарах не мае нічога агульнага з дыстанцыйнымі тэхналогіямі. Гэта ні метадычна, ні арганізацыйна не кладзецца ў рамкі нашай парадыгмы.
Універсітэт вельмі вялікі: у нас шматтысячны калектыў студэнтаў і выкладчыкаў, многа розных падраздзяленняў. Каранавіруса ніхто не чакаў. І калі ўсе адначасна былі вымушаны перайсці на дыстанцыйныя тэхналогіі, паўстала задача забяспечыць масавы доступ людзей да ўсіх рэсурсаў. Гэта дало каласальную нагрузку на інфраструктуру. Тым не менш наша каманда справілася з гэтым выклікам.
— БДУ вядомы сваімі навацыямі. Напэўна, у такім асяроддзі калектыў ахвотней адгукаецца на розныя ідэі і прасцей рэалізоўваць інавацыйныя праекты?
— Гэта так. Напрыклад, БДУ першым у краіне ўкараніў інтэлектуальны студэнцкі білет, сумешчаны з поўнафункцыянальнай банкаўскай картай. Таксама мы першымі ўвялі электронную заліковую кніжку, адмовіўшыся ад папяровай версіі. Стварылі партал дыстанцыйнага навучання. Пытанне было нават не ў тым, каб яго стварыць (тэхнічныя рашэнні ёсць), а каб зрабіць яго маштабіруемым і адмоваўстойлівым. Задача была вырашана, і гэта нас выратавала ў перыяд каранавіруса.
Мы ўкаранілі ў сябе дзве сістэмы для аддаленага чытання лекцый, відэазносін і інш.: Skype for Business і BigBlueButton. Выкладчыкі самі выбіраюць платформы, на якіх працаваць, але большасць з іх перайшла на рэсурсы БДУ. Гэта адна з нашых ідэй — выкарыстоўваць уласныя, а не нейкія пабочныя сервісы.
Працуе партал крэатыўнай адукацыі, дзе можна абменьвацца меркаваннямі, практыкамі прымянення тых ці іншых тэхналогій і г.д. А ў канцы мая быў запушчаны новы праект “Педагагічная майстэрня”, які ўзначаліў рэктар А.Д.Кароль. Ідэя заключаецца ў тым, каб акумуляваць назапашаны вопыт і дзяліцца лепшымі практыкамі з іншымі выкладчыкамі.
— Эпідэмічная сітуацыя не толькі аказала ўплыў на вучэбны працэс, але і прымусіла перафарматаваць шматлікія навуковыя мерапрыемствы. Статусныя міжнародныя канферэнцыі праходзілі ў рэжыме анлайн. Наколькі эфектыўнае такое ўзаемадзеянне паміж навукоўцамі?
— Калі межы закрылі і стала зразумела, што пандэмія хутка не скончыцца, мы мусілі перабудавацца і правесці навуковыя мерапрыемствы анлайн. За гэты час у БДУ прайшло (і будзе праходзіць) шмат буйных канферэнцый міжнароднага ўзроўню. Зразумела, не хапае чалавечых зносін. Але ёсць і свае плюсы: не трэба нікуды ехаць, выдаткі істотна меншыя, а якасць прадстаўленых навуковых матэрыялаў — на такім жа высокім узроўні, як звычайна.
Некаторыя канферэнцыі праходзілі на платформах пабочных распрацоўшчыкаў, а частка — на нашых. Увогуле я прыхільнік таго, каб максімальна задзейнічаць уласныя рэсурсы. Гэта ў тым ліку пытанне бяспекі. Трэба разумець, што, выкарыстоўваючы, напрыклад, пабочную пошту для карпаратыўнай перапіскі, мы аддаём кантэнт чужым кампаніям. Банальны прыклад: студэнт апошняга курса выконвае работу па пэўнай навуковай тэматыцы і перапісваецца са сваім кіраўніком па пабочнай пошце. Гэта значыць, што яго вынікі (а гэта могуць быць цікавыя распрацоўкі, даныя аб укараненні і да т.п.) загружаны на серверы чужаземнай кампаніі. Аддаваць такое за межы краіны няправільна. Таму мы стараемся выкарыстоўваць сваю інфраструктуру, каб увесь кантэнт заставаўся ў нас.
— На адным з факультэтаў БДУ праводзілася апытанне студэнтаў наконт дыстанцыйных форм навучання. Якія цікавыя думкі прагучалі?
— Так, студэнтаў факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій папрасілі адказаць, “якая форма лекцыйных заняткаў у бягучых умовах здаецца ім найлепшай”. І 80% апытаных адзначылі, што гэта “вывучэнне відэалекцый і іх наступнае абмеркаванне анлайн”.
Студэнту, які сядзіць перад камп’ютарам, не надта цікава слухаць традыцыйныя лекцыі. Манатоннае чытанне закалыхвае, ёсць спакуса выключыць камеру, папіць гарбаты і г.д. А вось калі студэнт самастойна вывучае матэрыял, у яго ўзнікаюць пытанні, якія ён гатовы задаваць і абмяркоўваць.
Без лічбавых тэхналогій не абыходзіцца ні адна багатая краіна. Але масавае прымяненне лічбавых тэхналогій — прымета бедных краін.
Па-першае, адказаць на іх можа выкладчык, а па-другое, завязваецца дыскусія паміж студэнтамі. І гэта цікава ўсім удзельнікам працэсу. Таксама можна уцягваць студэнтаў у дробныя групы для вырашэння пэўных задач, і тут дыстанцыйныя тэхналогіі вельмі ўдала працуюць. Студэнты добра камунікуюць паміж сабой, абменьваюцца думкамі, выконваюць сумесныя праекты. Утвараюцца гарызантальныя сувязі. Выкладчыку застаецца толькі кантраляваць і карэкціраваць гэты працэс.
— Відавочна, што якасная адукацыя немагчыма без вочных зносін выкладчыка і студэнта, але і без дыстанцыйных тэхналогій ужо не абысціся. БДУ гатовы перайсці да змяшанага навучання, дзе будуць інтэграваны перавагі сучасных тэлекамунікацый і непасрэдных зносін удзельнікаў адукацыйнага працэсу?
— Зразумела, выкладчыкі пойдуць у аўдыторыі — і вочны кампанент будзе мець большую вагу, чым дыстанцыйны. Тым не менш, ад тэхналогій ніхто адмаўляцца не будзе. Наадварот, стаіць задача акумуляваць вопыт, назапашаны ў перыяд пандэміі, і выпрацаваць адзіныя правілы для ўсіх выкладчыкаў, каб можна было працягваць рух у гэтым напрамку.
Каранавірус нікуды не знік, нават па самых аптымістычных прагнозах сітуацыя стабілізуецца не раней, чым праз год. Нам з гэтым жыць. Самая вялікая група рызыкі, як вядома, — пажылыя людзі, прафесура. Гэта носьбіты ўнікальных навуковых ведаў, і мы павінны іх берагчы. Таму ўніверсітэт будзе ўдасканальваць метадычную, тэхнічную і нарматыўную базу. У прыватнасці, ужо выдадзены дакумент, які дазваляе факультэтам у рамках вучэбнага працэсу да 20% гадзін пераводзіць у дыстанцыйную форму. У залежнасці ад сітуацыі кожнае падраздзяленне будзе самастойна вырашаць, якую частку пераводзіць у дыстанцыйны фармат, а якую пакінуць у вочным. Я не выключаю, што ўжо з пачатку навучальнага года студэнтаў пераразмяркуюць, частка курсаў пачне навучанне дыстанцыйна. Гэта дазволіць знізіць нагрузку на аўдыторыі і зменшыць рызыку для людзей.
— Віктар Паўлавіч, а вы зачакаліся звычайных аўдыторных заняткаў?
— Мне як выкладчыку неабходна бачыць вочы студэнтаў і іх рэакцыю, каб я мог дынамічна адаптавацца і крыху па-іншаму даваць матэрыял. Прыходзяць жа розныя маладыя людзі з розным узроўнем падрыхтоўкі. Гэта не проста ўлавіць дыстанцыйна, а на занятках важна ўцягнуць студэнтаў у дыялог.
У БДУ вельмі разумная моладзь, і асабіста я атрымліваю вялікае задавальненне ад зносін. Студэнты заўсёды трымаюць выкладчыкаў у тонусе, падсілкоўваюць энергіяй, даюць шмат інфармацыі — і мы мусім адпавядаць іх чаканням. Пры дыстанцыйных зносінах гэтыя перавагі, на жаль, размываюцца.
Універсітэт — гэта ж не толькі адукацыйны працэс, гэта яшчэ і сацыяльная функцыя, выхаванне асобы. У анлайн-фармаце пра такую функцыю можна забыць. Нельга выхаваць чалавека дыстанцыйна — гэта магчыма толькі ў жывых зносінах.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.