Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей разлічвае на поўнае зняцце Еўрасаюзам санкцый з Беларусі. Аб гэтым ён заявіў па выніках сустрэчы з федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, якая адбылася ў Берліне, паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
“Мы вельмі зацікаўлены ў нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам. Мы хочам нармальных эканамічных адносін з Еўрапейскім саюзам і асобнымі еўрапейскімі краінамі. Гэта дапаможа нам быць больш моцнымі і ў палітычным плане”, — падкрэсліў Уладзімір Макей.
Ён адзначыў, што на сустрэчы адбылося абмеркаванне перспектыў развіцця дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, удзелу Беларусі ў працэсах еўразійскай інтэграцыі, яе ўзаемадзеяння з Германіяй у міжнародных арганізацыях, асабліва з улікам старшынства Германіі ў АБСЕ ў 2016 годзе, шэрага актуальных праблем міжнароднай палітыкі. “Я спадзяюся, што ў абмеркаванні ўсіх праблем мы дасягнулі ўзаемаразумення”, — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.
“Мы спакойна глядзім у будучыню, і, я думаю, мы глядзім у адным і тым жа напрамку. Гэта вельмі важна, таму што ў мінулым многае было. Быў перыяд санкцый, якія не ўнеслі пазітыўнага ўкладу ў развіццё нашай краіны, — адзначыў Уладзімір Макей. — Я спадзяюся, што ў будучым гэтыя санкцыі будуць зняты і гэта дапаможа нам прадоўжыць развіццё краіны ва ўсіх напрамках: палітычным, эканамічным, у сферы правоў чалавека і іншых”.
“Самае галоўнае, што абодва бакі зацікаўлены ў тым, каб Беларусь падтрымлівала нармальныя адносіны з Еўрасаюзам. І я думаю, што гэтая сустрэча вельмі важная для нашага будучага”, — дадаў ён.
Уладзімір Макей адзначыў, што яго візіт праходзіў ва ўмовах абвастрэння і без таго напружанай міжнародна-палітычнай сітуацыі.
“У Беларусі таксама з вялікай заклапочанасцю ўспрымаюць актывізацыю міжнароднага тэрарызму, чарговай праявай якога сталі жудасныя тэракты, што адбыліся некалькі дзён назад у Парыжы”, — адзначыў кіраўнік МЗС.
Уладзімір Макей звярнуў увагу, што існуе мноства важных праблем, вырашэннем якіх цяпер заняты Еўрапейскі саюз. Гэта і тэрарыстычныя атакі, і эканамічныя цяжкасці, і крызіс ва Украіне і іншых рэгіёнах. У сувязі з гэтым ён папрасіў свайго германскага калегу, каб на гэтым фоне не згубілася тэма Беларусі.
Гаворачы аб украінскім крызісе, беларускі міністр адзначыў, што гэта ўяўляе рэальную пагрозу для бяспекі ўсяго рэгіёна. “Наша стаўленне да ўкраінскага крызісу было з самага пачатку выразным, наш прэзідэнт шмат разоў гаварыў аб гэтым. Мы зацікаўлены ў тым, каб мір ва Украіне быў адноўлены як мага хутчэй. Мы заўсёды выступалі за адзінства, за захаванне Украіны як адзінай дзяржавы”, — сказаў ён.
“Мы — тры славянскія народы: украінцы, рускія і беларусы. Калі два браты або дзве сястры сварацца, трэці павінен быць гатовы дапамагчы памірыць іх. Мы заўсёды рабілі ўсё магчымае, каб аднавіць мір на ўкраінскай зямлі. Вы ведаеце, што мы далі згоду на тое, каб кантактная група АБСЕ працавала ў Мінску, і яна рэгулярна праводзіць свае пасяджэнні. Мы цесна ўзаемадзейнічаем і з расіянамі, і з украінцамі і імкнёмся зрабіць усё магчымае на афіцыйным і неафіцыйным узроўні для аднаўлення стабільнасці і спакою ва Украіне”, — падкрэсліў кіраўнік МЗС Беларусі.
Па выніках сустрэчы з Уладзімірам Макеем міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер адзначыў, што ёсць рэальныя перспектывы пакрокавага збліжэння паміж Беларуссю і Захадам.
“У апошнія дні, тыдні і месяцы вы, на жаль, прывыклі да таго, што калі два міністры выходзяць да прэсы, то размова ідзе аб антыкрызісным менеджменце, аб пераадоленні буйных крызісаў і канфліктаў на Сярэднім Усходзе. У апошнія дні, зразумела, аб наступствах тэрактаў у Парыжы. Знешняй палітыцы даводзіцца канцэнтравацца на гэтых пытаннях, — адзначыў нямецкі міністр, звяртаючыся да журналістаў. — Але знешняя палітыка не павінна выпускаць з-пад увагі і доўгатэрміновыя працэсы, выкарыстоўваючы шансы, што адкрываюцца, калі адбываюцца абнадзейлівыя зрухі. Таму я вельмі рады, што ў нас з візітам знаходзіцца мой беларускі калега Уладзімір Макей. У нас з ім былі кантакты ў час некалькіх міжнародных канферэнцый, у прыватнасці па лініі АБСЕ, членамі якой з’яўляюцца абедзве нашы краіны. Але гэта першы афіцыйны візіт беларускага міністра замежных спраў за многія гады, і ён, як мы абодва разумеем, прызначаны паслужыць важным сігналам”.
Франк-Вальтэр Штайнмаер адзначыў, што ў Германіі шмат гаварылася аб Мінску як аб сіноніме надзеі на зніжэнне напружанасці і пошук палітычнага вырашэння канфлікту ва Украіне. “Мы помнім пра тую бяссонную мінскую ноч 11 лютага, калі пасля доўгіх, амаль 20-гадзінных, перагавораў быў, нарэшце, дасягнуты вынік, які стаў хоць часова, але паваротным пунктам у эскалацыі падзей ва Украіне, што была да гэтага. Гледзячы сёння назад, я нязменна лічу мінскія дамоўленасці важнымі. Яны па-ранейшаму ўяўляюць сабой аснову, абапіраючыся на якую мы спрабуем дасягнуць далейшага прагрэсу, як, у прыватнасці, у час нядаўняй сустрэчы ў “нармандскім фармаце”, — падкрэсліў кіраўнік МЗС Германіі.
Разам з тым, паводле яго слоў, рэальны стан спраў сведчыць аб тым, што вырашыць усе пытанні яшчэ не ўдалося. “З аднаго боку, сітуацыя крыху супакоілася, завершаны адвод зброі, але ў той жа час менавіта ў гэтыя дні мы бачым, што не застрахаваны ад штодзённых парушэнняў перамір’я, якія зноў нарастаюць і ставяць пад пагрозу працэс мірнага ўрэгулявання канфлікту. Таму нам зноў трэба гаварыць з Расіяй і Украінай аб тым, як вярнуцца да стану спраў, які быў на працягу апошніх трох месяцаў, г.зн. да захавання перамір’я без сур’ёзных парушэнняў”, — адзначыў міністр замежных спраў Германіі.
Акрамя таго, у цэнтры ўвагі на перагаворах Уладзіміра Макея і Франка-Вальтэра Штайнмаера было развіццё двухбаковых адносін як паміж Германіяй і Беларуссю, так і па лініі Беларусь — Еўрасаюз. “Гэтая размова, гэтая сустрэча сталі магчымымі пасля таго, як у Беларусі адбыліся пэўныя зрухі”, — сказаў міністр замежных спраў Германіі, адзначыўшы ўрэгуляванне пытання з вызваленнем з месцаў зняволення некаторых палітычных фігур, якіх на Захадзе лічылі палітвязнямі. Акрамя таго, ён канстатаваў мірную абстаноўку, у якой прайшлі ў Беларусі прэзідэнцкія выбары, і адзначыў істотныя паляпшэнні ў параўнанні з электаральнай кампаніяй 2010 года.
Франк-Вальтэр Штайнмаер выказаў задавальненне гатоўнасцю Беларусі разгледзець прапановы АБСЕ па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства, а таксама падумаць аб перспектывах узаемадзеяння з палітычнымі фондамі ФРГ.
“Якасць нашага дыялогу істотна змянілася і палепшылася, — лічыць нямецкі міністр. — Усё гэта фарміруе сітуацыю, у якой для нас адкрылася акно магчымасцей і ёсць рэальныя перспектывы пакрокавага збліжэння паміж Беларуссю і Захадам. Я гавару гэта, і калега Макей аб гэтым ведае, паколькі заўсёды лічыў, што анамальна, калі паміж дзвюма такімі краінамі, як Германія і Беларусь — буйная дзяржава на ўсход ад нас, — адсутнічаюць нармальныя партнёрскія адносіны, і што нармалізацыя двухбаковых адносін адпавядае нашым агульным інтарэсам. Таму мы павінны пачаць новую сур’ёзную спробу аднавіць неабходны ўзаемны давер”.
Кіраўнік нямецкага МЗС таксама дадаў, што германскі бок садзейнічаў прыняццю рашэння аб прыпыненні еўрапейскіх санкцый, што дзейнічалі адносна Беларусі. “Размова ідзе — такое разуменне ёсць у нас з еўрапейскімі партнёрамі — аб пэўным “авансе даверу”. Мы прынялі гэтае рашэнне ў надзеі на працяг тэндэнцый, што намеціліся ў Беларусі ў бягучым годзе. Пасля нашых сённяшніх перагавораў я абсалютна ўпэўнены ў тым, што гэтыя тэндэнцыі прадоўжаць сваё развіццё”, — рэзюмаваў Франк-Вальтэр Штайнмаер.