Адметнае адукацыйнае асяроддзе — аблічча навучальнай установы

- 10:54Планёрка ў рэгіёне

Першая суботняя планёрка ў новым годзе прайшла ў Баранавічах. У працоўнай размове з Аленай Сяргееўнай САЛАВЕЙ, начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама, мы закранулі самыя актуальныя тэмы адукацыі горада-лідара ў Брэсцкай вобласці па многіх адукацыйных паказчыках і дасягненнях.

— Алена Сяргееўна, якія ўражанні пакінуў мінулы 2014 год?
— Асабліва яркай падзеяй 2014 года стала правядзенне ў нашым горадзе заключнага рэспубліканскага этапу конкурсу “Энергамарафон-2014” з удзелам начальнікаў і намеснікаў абласных упраўленняў адукацыі, начальнікаў упраўленняў і кіраўнікоў дзяржаўнага камітэта па энергазберажэнні Рэспублікі Беларусь. Гэты форум атрымаў высокую ацэнку як за арганізацыю і правядзенне, так і за якасны вынік. А па выніках конкурсу агітбрыгада Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч заваявала 1 месца ў рэспубліцы.
Яшчэ адной яркай падзеяй было правядзенне на базе гімназіі № 5 Баранавіч Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па гісторыі, грамадазнаўстве, геаграфіі, на якой прадстаўніца нашага горада (навучэнка сярэдняй школы № 20) заняла 1 месца. Засталіся прыемныя ўражанні і ад правядзення Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Паралельныя светы”.
Несумненна, нашым агульным поспехам з’яўляецца адкрыццё басейна ў гімназіі № 3, бо гэты аб’ект — не толькі здабытак установы адукацыі, але і сапраўдны спартыўны комплекс для ўсяго горада. Мінулы год быў адметны і адкрыццём новай установы дашкольнай адукацыі — ясляў-сада № 8 Баранавіч у новым мікрараёне Бараўкі, а таксама трэцяга ў горадзе дзіцячага дома сямейнага тыпу.

— А чым парадавалі навучэнцы, педагогі?
— У 2014 годзе выпускнікі школ, гімназій і ліцэя Баранавіч y чарговы раз сталі лепшымі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў вобласці. Па многіх прадметах — лепшымі ў рэспубліцы, 7 выпускнікоў атрымалі 100 балаў па розных прадметах. Асаблівым дасягненнем нашых школьнікаў з’яўляецца бліскучае выступленне на прадметных алімпіядах: 15 прызавых месцаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды даказалі стабільнасць і якасць падрыхтоўкі адораных дзяцей у Баранавічах. Па выніках рэспублікі двое нашых навучэнцаў былі ўключаны ў каманду па падрыхтоўцы да міжнародных алімпіяд.
Мы паспяхова выконваем пастаўленую перад намі задачу па павышэнні якасці адукацыі і з’яўляемся лепшымі ў вобласці па выніковай атэстацыі: нашы выпускнікі паказваюць лепшыя вынікі на іспытах пасля завяршэння 2 і 3 ступеней навучання. Мы ганарымся тым, што ў мінулым годзе двое нашых настаўнікаў сталі пераможцамі абласнога конкурсу “Настаўнік года–2014”. Гэта Наталля Георгіеўна Швед, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Баранавіч, і Святлана Мікалаеўна Шкурко, настаўніца выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 17 Баранавіч. Яны і на заключным этапе конкурсу праявілі свой прафесійны талент. Мы дасягнулі таго, што нашы дзеці ўпэўнена выбіраюць працоўныя прафесіі, што сёння з’яўляецца адной з умоў дзяржаўнага заказу на адукацыю.

— Алена Сяргееўна, якія праблемы вас як начальніка аддзела адукацыі хвалююць на сённяшні дзень у першую чаргу?
— Аналізуючы тэндэнцыі развіцця адукацыі ў краіне, задачы, якія ставіць перад намі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, і ўлічваючы ўмовы нашага развіцця, прафесійны патэнцыял, мы павінны разглядаць пашырэнне сістэмных магчымасцей адукацыі, выпрацоўку далейшых механізмаў развіцця. Прыйшоў час вырашаць праблему стварэння адукацыйнага асяроддзя ў кожнай установе адукацыі. Разглядаючы адукацыйнае асяроддзе як узаемадзеянне ўсіх працэсаў, нам неабходна зрабіць рэвізію сваіх рэсурсаў, метадаў і падыходаў. Неабходна толькі тое, што спрыяла б стварэнню адукацыйнага асяроддзя як сістэмнага кіраўнічага механізма для дасягнення гарантаванага выніку ў адукацыі і выхаванні падрастаючага пакалення. У гэтым напрамку не даводзіцца гаварыць пра тое, што мы пачынаем з нуля. Некалькі гадоў запар мы ўпарта вырашалі праблему стварэння сучасных адукацыйных рэсурсаў: інфармацыйных, матэрыяльна-тэхнічных, кадравых. І ў новым годзе, вырашаючы гэтую задачу, будзем гаварыць пра кожную ўстанову паасобку, пра ўстанову са сваім абліччам, калі хочаце — пра школу будучыні.

— Што трэба зрабіць, каб гэтая ідэя запрацавала?
— У стварэнні сапраўднага сучаснага адукацыйнага асяроддзя асаблівая роля адводзіцца прафесійнай ідэі, якая, безумоўна, павінна нарадзіцца з такіх працэсаў, як аналіз навуковых пошукаў у сучаснай педагогіцы. На сённяшні дзень 8 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада з 21 паспяхова працуюць у рэчышчы ператварэння сучаснай навукі ў адукацыйную практыку. Аналіз паказчыкаў выніковасці ўстаноў па якасці адукацыі даказвае, што ўкараненне інавацыйных працэсаў з’яўляецца гарантам стабільнасці агульнага поспеху, бо менавіта гэтыя ўстановы ўслаўляюць горад і на алімпіядах усіх узроўняў, і па паказчыках ЦТ.
Значнасць навуковага рэсурсу неацэнная: гэта паказчык індывідуальнага стылю, прафесійнай смеласці, здольнасці змагацца з педагагічным кансерватызмам. Выбудоўваючы сваё адукацыйнае асяроддзе, мы не павінны думаць, што любая ўстанова адукацыі — гэта нейкі “астравок дабрабыту”. Мы павінны памятаць, што школа — гэта заўсёды адкрытая сістэма, яна адкрыта для ўсіх сацыяльных працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве, і менавіта школа ў шырокім сэнсе гэтага слова павінна выпрацоўваць лініі сацыяльных паводзін нашых дзяцей. Мы павінны быць адкрытыя да любога віду супрацоўніцтва.

— І апошняе пытанне. Алена Сяргееўна, якія планы і чаканні ў новым 2015 годзе?
— Самым прыярытэтным напрамкам у галіне адукацыі ў новым годзе будзе далейшая работа па мадэрнізацыі працоўных месцаў настаўніка і вучня і адукацыйнай інфраструктуры, якая дазваляе забяспечыць высокую якасць адукацыі. На набыццё камп’ютарнага, дэманстрацыйнага, інтэрактыўнага абсталявання ў 2014 годзе было затрачана 549 млн 132,7 тысячы рублёў. Са студзеня 2015 года ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Баранавіч, згодна з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, уключаны ў пілотны праект па апрабацыі механізма нарматыўнага фінансавання. Плануецца, што гэты эксперымент дазволіць павялічыць сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ, а самае галоўнае, павысіць заработную плату настаўнікам, што ў цэлым павінна садзейнічаць умацаванню прэстыжу настаўніцкай працы. Асноўнай задачай на 2015 год застаецца стварэнне сістэмы бяспечнага знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі, на што плануецца выдаткаваць каля 1 млрд рублёў (відэаназіранне, пажарная бяспека і г.д.).

— Вялікі дзякуй за размову і поспехаў у рэалізацыі вашых планаў і задум.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.