Адметнасць журналістыкі

- 9:58Авторские колонки, Мнение

Ігар ГРЭЧКА

 

 

 

 

 

 

Галоўны плюс прафесіі журналіста — магчымасць ездзіць у камандзіроўкі і сустракацца з цікавымі людзьмі. Супрацоўнікам “Настаўніцкай газеты” ў гэтым плане асабліва пашчасціла.

Для кожнага з нас камандзі­роўка — гэта не проста службовая паездка з мэтай збору інфармацыі для будучага рэпартажу, інтэрв’ю, замалёўкі. Гэта ў першую чаргу выдатная нагода пагутарыць з педагогамі, бо сярод прадстаўнікоў творчых прафесій настаўнікі — самыя творчыя, самыя крэатыўныя.

Падчас такіх сустрэч заўсёды здзіў­ляешся: адкуль яны бяруць ідэі і дзе тая невычэрпная крыніца настаўніцкага натхнення? Хаця здагадацца, думаю, няцяжка — у саміх вучнях. Калі заходзіш у клас і бачыш перад сабой дзясяткі цікаўных вачэй, то быць абыякавым проста не магчыма. Ты забы­ваеш пра жыццёвыя праблемы, настройваешся на творчы лад і аддаеш сваё сэрца дзецям.

Такімі словамі апісалі сакрэт настаўніцкай працы педагогі Хальчанскай базавай школы Веткаўскага раё­на, якую мне нядаўна пашчасціла наведаць. Гэтая ўстанова адукацыі нездарма прызнавалася адной з лепшых у вобласці па арганізацыі ідэалагічнай работы. Тут і гісторыю малой ра­дзімы перыяду Вялікай Айчыннай вайны вывучаюць, і помнікі загінуўшым землякам даглядаюць, і на баль праваслаўнай моладзі ў Гомель ездзяць, і тэрыторыю вакол палаца, пабудаванага ў ХІХ стагоддзі, добраўпарадкоўваюць. І як толькі невялікі школьны калектыў паспявае ўдзельнічаць ва ўсіх гэтых справах? Педагогі не лічацца ні з часам, ні з асабістымі справамі, хаця ў кожнага ёсць сем’і, родныя, якім таксама трэба ўдзяліць увагу.

Вы чулі калі-небудзь пра краязнаўчае паляванне? А краязнаўчы біятлон? Праз такія арыгінальныя мерапрыемствы далучае дзяцей да вывучэння роднага краю настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ёдкаўскай сярэдняй школы, што на Лідчыне, Таццяна Анатольеўна Марцэвіч. Не менш цікавая і назва саміх мерапрыемстваў. Напрыклад, “Адно вока бачыць далёка, а два — яшчэ далей” — гэта краязнаўчы біятлон. Ёсць яшчэ “Лавачкі-адпачывалачкі”, “Не сілай, а розумам”, “Экскурсавод на тыдзень”, “Тэатр ценяў пана Тукалы”. Пра змест цікавых выхаваўчых заняткаў мы раскажам у наступным нумары выдання.

Сустрэчы з педагогамі для нас, журналістаў, заўсёды свята. Падчас размовы яны не толькі дзеляцца багатым вопытам, але і абавязкова перадаюць агеньчык творчасці, натхнення, які ярка гарыць у іх сэрцах. Пасля камандзіроўкі хочацца як мага хутчэй расказаць чытачам пра незабыўную сустрэчу, а потым зноў адправіцца ў журналісцкае падарожжа.