Настаўніца хіміі сярэдняй школы № 7 Кобрына Наталля Дзмітрыеўна Усатава ўзнагароджана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за асабісты ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў па выніках 2013/2014 навучальнага года. Узнагарода таленавітаму педагогу дасталася за выніковую работу ў сферы падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяды па вучэбных прадметах.
Навучэнцы Наталлі Дзмітрыеўны на працягу многіх гадоў паказваюць добрыя вынікі на абласным і рэспубліканскім узроўнях, праяўляючы сваю канкурэнтаздольнасць у алімпіядным руху. Вось і зараз, у студзені 2015 года, навучэнка 11 класа Надзея Вашчонак, якая атрымала дыплом ІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў 2014 годзе, зноў стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і зноў пацвердзіла ўзровень прафесіяналізму свайго педагога.
Наталля Дзмітрыеўна Усатава працуе на ніве асветы ўжо больш за 20 гадоў, хаця часам ёй здаецца, што зусім нядаўна яна, выпускніца сярэдняй школы № 7, прыехала ў сваю родную школу маладым спецыялістам. Да гэтага часу з асаблівай цеплынёй успамінае яна сваіх выкладчыкаў з Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І.Герцэна ў Санкт-Пецярбургу, якія заклалі трывалы падмурак ведаў па прадмеце. Сваім прафесійным крэда Наталля Дзмітрыеўна лічыць выказванне амерыканскага філосафа Э.Тофлера, які сцвярджаў, што “ў ХХІ стагоддзі непісьменным будзе лічыцца не той, хто не ўмее чытаць і пісаць, а той, хто не ўмее вучыцца, давучвацца і перавучвацца”. А паколькі дзейнасць педагога прадугледжвае пастаяннае ўдасканаленне, то вучыцца Наталля Дзмітрыеўна гатова заўсёды.
Яна ахвотна наведвае курсы павышэння кваліфікацыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, з задавальненнем бывае на семінарах, якія праводзяць спецыялісты хімічнага факультэта БДУ, наведала майстар-класы Вадзіма і Віталя Матулісаў у Ліцэі БДУ, слухала лекцыі кандыдата хімічных навук дацэнта Віктара Хвалюка. І аддзел адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта садзейнічае творчаму і прафесійнаму росту перспектыўнага педагога, заахвочваючы такое жаданне расці і развівацца на больш высокім узроўні. Да таго ж Наталля Дзмітрыеўна шмат займаецца самаадукацыяй: скрупулёзна адсочвае навінкі прафесійнай літаратуры, аналізуе тэставыя і алімпіядныя заданні, працуе з тэкстамі алімпіяд міжнароднага ўзроўню. І такое выдатнае веданне свайго прадмета, метадычнае майстэрства, эрудыцыя настаўніка высока ацэньваюцца навучэнцамі.
З прыходам у школьныя класы электронных сродкаў навучання Наталля Дзмітрыеўна асвоіла і іх. “Камп’ютарныя і мультымедыйныя праграмы сёння вельмі матывуюць навучэнцаў, абуджаюць цікавасць да вучобы, дазваляюць дзецям наглядна ўявіць тое, пра што ідзе гаворка на ўроку. Дзякуючы ім мы можам убачыць на экране і складаны эксперымент, і любую хімічную рэакцыю, нават калі яны з тых, якія немагчыма паказаць ва ўмовах школьнай лабараторыі. Да таго ж матэрыяльная база школы знаходзіцца на даволі высокім узроўні, што таксама садзейнічае павышэнню якасці дысцыплін, якія выкладаюцца”, ―расказвае настаўніца.
Аднак залог поспеху, як лічыць Наталля Дзмітрыеўна, не толькі ў гэтым. Перамога на абласным і рэспубліканскім узроўнях дастаецца толькі працавітым. А пераможцы бягучага года Надзеі Вашчонак працавітасці не займаць. “Гэта ўнікальны чалавек, — характарызуе Надзею Наталля Дзмітрыеўна. — Яна праявіла сябе яшчэ ў 7 класе, як толькі мы пачалі працаваць разам. Ужо тады я заўважыла асаблівы склад розуму Надзеі, яе моцную логіку і добрае веданне матэматыкі. Для выкладання практычнай часткі алімпіяды патрэбна асаблівая скрупулёзнасць, ці, як кажуць, “хімічныя” рукі, бо гаворка ідзе аб рабоце з рэактывамі, дзе неабходна выключная дакладнасць. Усе гэтыя якасці выявіліся ў Надзеі і паслужылі штуршком да ўдзелу ў алімпіядным руху. У 8 класе мы заваявалі першую перамогу на раённай алімпіядзе. А далей нашы жаданні супалі, што таксама немалаважна і адыгрывае, бадай, самую важную ролю, — лічыць Наталля Дзмітрыеўна Усатава. — А ўвогуле, — працягвае яна, ― для настаўніка гэта вялікая ўдача — сустрэць такога навучэнца. Думаю, наша сустрэча прадвызначана лёсам, і мы разам прыйшлі да гэтага цудоўнага выніку”.
Жанна ЕЛІЗАРАВА.