Адна прафесія на дваіх 

- 16:51Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Сёстры-­блізняты Дар’я і Аляксандра Яжовы атрымліваюць адукацыю ў адной навучальнай установе і працуюць разам у яслях­садзе.

У сям’і дзяўчат педагогаў не было. Вызначальным момантам у выбары прафесіі стала тое, што ім заўсёды падабалася праводзіць час з маленькімі дзецьмі і атрымлівалася знахо­дзіць з імі агульную мову.

— Тым не менш наша ўяўленне аб рабоце выхавальніка было крыху наіўным. (Усміхаецца.) Зараз разумеем, наколькі яна адказная і патрабуе шмат ведаў, — разважае Аляксандра.

— Калі паступалі ў каледж, дакументы падавалі на спецыяльнасць “Дашкольнае выхаванне”. Конкурс быў вялікі, таму крыху хваляваліся, каб хапіла балаў. Вучымся старанна, зараз нават атрымліваем павышаную стыпендыю, — дапаўняе Дар’я. 

Пасля 2 курса яны прыйшлі ў яслі-сад № 147 на практыку. І ім тут вельмі спадабалася: сучасная, выдатна абсталяваная ўстанова, прафесійны калектыў. Тады і з’явілася ў дзяўчат жаданне вярнуцца сюды ў якасці выхавальнікаў. 

— Неабходна было атры­маць дазвол адміністрацыі каледжа і дачакацца нашага паўналецця. Доўга хадзілі да дырэктара, прасілі, каб нас адпусцілі. 10 лютага нам споўнілася 18 гадоў, а 25 лютага быў наш першы афіцыйны працоўны дзень. Нас аформілі на паўстаўкі, і цяпер тры разы на тыдзень пасля заняткаў імчымся на сваю змену, — расказвае Аляксандра. 

У кожнай з сясцёр свая група. Дар’я працуе ў яслях. 

— Дзеткі тут маленькія, але мы шмат чым з імі займаемся. Яны вельмі любяць маляваць, гуляць з мячом, будаваць замкі з канструктара. Добра веда­юць казкі, апошнім часам про­сяць пачытаць ім “Муху-Цакатуху”. Я ўжо на памяць яе ўсю ведаю, — усміхаецца малады спецыяліст. 

Выхаванцы Аляксандры крыху старэйшыя — ім па 4—5 гадоў. 

— У мяне вялікая група, таму ў нас часта бывае шумна. Я для іх новы чалавек, і яны імкнуцца знайсці мае слабыя бакі, правяраюць, наколькі ў мяне хо­піць цярпення. Я трымаюся стойка! (Смяецца.) У мяне перад вачыма прыклад вопытнага спецыяліста Ніны Яўгенаўны Сушчэні. Яна накіроўвае мяне, падказвае штосьці, напрыклад, як памі­рыць дзетак, калі яны не падзялілі цацку. Што тычыцца заняткаў, то мы шмат гуляем, малюем і пры гэтым не забываем размаўляць на розныя тэмы — правілы паводзін, надвор’е за акном….  Чытаем кніжкі, у тым ліку тыя, што выхаванцы прыносяць з дому, — паведамляе Аляксандра.  

Часам дзяўчаты прыходзяць разам у адну групу. Дзеці спачатку здзіўляліся, але вельмі хутка навучыліся знаходзіць сваю выхавальніцу. 

— У нас розныя характары. Дар’я больш мяккая, спакойная, а я пайшла ў маму — баявая, і голас у мяне больш строгі.  Мабыць, дзеці гэта адчуваюць, таму іх цяжка заблытаць, — мяркуе Аляксандра. 

Сёстры заўважаюць, што ім бывае складана пераключыцца пасля заняткаў на працу. Але калі бачаць сваіх выхаванцаў, настрой паляпшаецца і з’яўляюцца сілы і дадатковая энергія. Яны вельмі ўдзяч­ны загадчыку ўстановы Ілоне Іванаўне Крысенка за тое, што паверыла ў іх. Адзначаюць, што і кіраўнік ясляў-сада, і іншыя выхавальнікі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, падзяліцца вопытам.  

У дзяцінстве мы насілі адзенне рознага колеру, а зараз апранаемся аднолькава. Аднак дзеці ў садку з лёгкасцю нас адрозніваюць.

— Нам добра ў гэтым калектыве. І зусім не страшна ра­біць першыя важныя крокі ў прафесію, прымяняць на практыцы тыя методыкі, якія нам выкладаюць у каледжы. Мы раней думалі, навошта іх вывучаць, а зараз ра­зумеем: усе атрыманыя веды карысныя і патрэбныя. Не дарэмна мы сядзелі над канспектамі да дзвюх-трох гадзін ночы, выконваючы розныя заданні.  Хочацца сказаць дзякуй усім нашым педагогам, — падкрэслівае Дар’я. 

Дзяўчатам, як і многім маладым лю­дзям, уласціва амбіцый­насць, інакш не імкнуліся б яны хутчэй паспрабаваць сябе ў прафесіі і не марылі б пра тое, каб дасягнуць высокага ўзроўню майстэрства. І Дар’я, і Аляксандра добра ведаюць, якія якасці для гэтага неабходны.

— Абавязкова працаві­тасць, самадысцыпліна і мэтанакіраванасць.  Але самае галоўнае — гэта любоў да дзяцей, — упэўнена Аляксандра. 

Хочацца верыць, што ў будучыні блізняты-выхавальніцы падораць не адну добрую нагоду,  каб пра іх напісалі ў газетах.

Марына ЖДАНАВА. 
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.