Аднаўляюць крыніцы малой радзімы

- 10:52Выхаванне

У многіх рэгіёнах Беларусі ёсць крыніцы, да якіх людзі ставяцца з асаблівым шанаваннем. І гэта нядзіўна. Крынічная вада вылучаецца высокімі смакавымі і гаючымі ўласцівасцямі. Вакол такіх месцаў заўсёды ўзводзіліся капліцы і цэрквы, абсталёўваліся купелі. Пра цудадзейныя вылечванні хворых і знакавыя для мясцовых жыхароў падзеі існуе мноства даўніх легенд і паданняў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Задача сённяшняга пакалення — захаваць спадчыну папярэднікаў, даведацца як мага больш цікавага пра малую радзіму, паклапаціцца пра захаваныя культавыя аб’екты, прыродныя крыніцы і зрабіць штосьці карыснае для роднай краіны.

З красавіка бягучага года Брэсцкі абкам БРСМ праводзіць рэспубліканскую дабрачынную акцыю “Аднаўленне святынь. Крыніцы Беларусі”. На працягу 4 месяцаў валанцёры руху “Добрае сэрца” арганізоўваюць акцыі па аднаўленні і добраўпарадкаванні тэрыторый побач з крыніцамі. Так, у брэсцкім мікрараёне Рэчыца была добраўпарадкавана адзіная гарадская крыніца, адкуль бяруць ваду жыхары з розных куткоў абласнога цэнтра. У Баранавіцкім раёне былі добраўпарадкаваны крыніцы ў вёсках Рабковічы і Моўчадзь. Усяго намаганнямі валанцёраў адноўлены 10 крыніц. Акрамя таго, у рамках акцыі былі добраўпарадкаваны храмы ў Пінску і на Ляхавіччыне.

У жніўні валанцёры пабывалі ў вёсцы Бялёва, што на Камянеччыне, дзе прыхарошылі месца, прылеглае да тамашняй крыніцы. Юнакі і дзяўчаты разам з кіраўніцтвам Брэсцкага абкама БРСМ і Камянецкай раённай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя прыбралі тэрыторыю і ўсталявалі 2 лаўкі, зрабіўшы яе месцам адпачынку.

Акцыя прадоўжыцца да сярэдзіны верасня ва ўсіх раёнах Брэстчыны. На працягу жніўня плануецца добраўпарадкаваць яшчэ 8 крыніц і 2 храмы.     

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.