Выкладчыкі і студэнты факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ўласнымі сіламі аднавілі трактар “Універсал-2” 1954 года выпуску.
—Гэты трактар памятае не адно пакаленне выпускнікоў нашага факультэта. Ён 55 гадоў стаяў на пастаменце ля ўвахода ў вучэбны корпус № 8. Ідэя аднавіць яго ўзнікла спантанна, аднак знайшлося шмат энтузіястаў сярод педагогаў і студэнтаў, якія адважыліся паспрабаваць вярнуць рарытэтны трактар да жыцця, — расказаў дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі У.У.Гусараў.
Работа па аднаўленні трактара кіпела на працягу некалькіх тыдняў. Яго разбіралі па частках умелыя рукі ў двух корпусах факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі. Так, рухавік разбіраўся ў вучэбным корпусе № 2 пад кіраўніцтвам асістэнта кафедры тэхнічнага сэрвісу і агульнаінжынерных дысцыплін В.С.Міронава і загадчыка лабараторыі А.У.Сафонава. А аднаўленчыя работы хадавой часткі трактара праводзіліся ў вучэбным корпусе № 8 пад кіраўніцтвам старшых выкладчыкаў У.С.Петрусенкі і І.У.Гусарава. Актыўна працавалі над аднаўленнем рарытэта студэнты Павел Раманаў, Раман Зіновенка, Міхаіл Забела, Арцём Дзядзюля, Дзмітрый Кугач, Уладзіслаў Міхалкін, Андрэй Мурашка, Максім Самута і іншыя хлопцы. Значную дапамогу, у тым ліку матэрыяльную, аказалі выпускнікі факультэта, цяпер кіраўнікі камерцыйных прадпрыемстваў — С.П.Кокіц і В.С.Котаў.
— Работа была праведзена каласальная. Чаго варта было толькі вярнуць да жыцця рухавік, які не заводзіўся больш як 60 гадоў. Над аднаўленнем хадавой часткі таксама прыйшлося добра папрацаваць. Некаторыя неабходныя запчасткі мы шукалі па ўсёй краіне, іншыя выточвалі самастойна. Але вынік быў варты таго, бо наш старэнькі трактар — паехаў. Гэта стала магчыма дзякуючы таму, што над яго аднаўленнем працавалі не проста педагогі і студэнты, а сапраўдны калектыў аднадумцаў, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.
Дарэчы, акрамя трактара “Універсал-2”, выкладчыкі і студэнты БДСГА ўласнымі сіламі аднавілі такія трактары-ветэраны, як Т-40 і ДТ-75. У планах адкрыццё выставы дзеючай рэтратэхнікі. Наведваць яе змогуць усе жадаючыя на бязвыплатнай аснове.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.