Адназначныя факты — аснова гістарычнай навукі

Новы навучальны год заўсёды адзначаецца новымі падзеямі ў адукацыі. Адкрываюцца новыя школы, на працу прыходзяць маладыя педагогі, паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база, папаўняюцца спісы сродкаў навучання. І апошняе, напэўна, больш за ўсё цікавіць і настаўнікаў, і вучняў, і іх бацькоў. Безумоўна, новыя інфармацыйныя тэхналогіі вядуць нас наперад, але папяровы падручнік па-ранейшаму займае сваё пачэснае месца сярод асноўных сродкаў навучання школьнікаў.
Сёння мы пагаворым пра вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі для 10 класа, аўтарам якога з’яўляецца Яўген Канстанцінавіч Новік, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Нагодай для размовы стаў не толькі вучэбны дапаможнік, але і навіна пра перанос выпускнога экзамену па гісторыі Беларусі з 9 у 11 клас.

— Яўген Канстанцінавіч, як так сталася, што вы, будучы выкладчыкам вышэйшай школы, ды яшчэ і універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, сталі аўтарам школьных падручнікаў?
— Падручнікі па гісторыі Беларусі для сярэдняй школы я разам са сваімі калегамі пачаў пісаць з 1995 года. За плячыма ўжо быў вопыт напісання падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў. Спачатку была напісана “Гісторыя Беларусі” ў 2 частках, пасля выйшла “Гісторыя Беларусі” ў адной кнізе, бо для студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей падручнік па гісторыі аб’ёмам у 900 старонак — занадта вялікі (такой атрымалася “Гісторыя Беларусі” ў 2 частках). Пасля па жаданні студэнтаў нашага ўніверсітэта мы напісалі падручнік па гісторыі Беларусі ў адным томе, які карыстаецца павагай па сённяшні дзень. Матэрыял у ім (ад старажытных часоў да нашых дзён) пададзены сцісла, але ўсе гістарычныя этапы і самыя важныя факты выкладзены.
Гэтая вучэбная літаратура была выдадзена ў 90-я гады мінулага стагоддзя. І ў той час падручнік па гісторыі Беларусі для 8 класа, які ахопліваў ХІХ стагоддзе, напісаў вядомы гісторык Міхаіл Біч. Насамрэч жа гэты падручнік больш падыходзіў для студэнтаў гістарычных факультэтаў, бо там было выкладзена ўсё вельмі падрабязна. Падручнік атрымаўся цікавы, але не для школьнікаў, хоць і прайшоў усе патрэбныя абмеркаванні. Але гісторыя гэтага ж ХІХ стагоддзя вывучалася тады і ў 11 класе, толькі на другім узроўні. У аснову вывучэння гісторыі быў пакладзены канцэнтрычны прынцып. Першы канцэнтр — гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён вывучалася ў 5—9 класах. У 10 і 11 класах вывучалася гэтая ж самая гісторыя, але на больш высокім узроўні. І атрымалася так, што Міхась Біч усё выклаў у падручніку для 8 класа, а для 11 у яго ўжо нічога не засталося.
Тым не менш падручнікі патрэбны былі і для вучняў старшых класаў. Да мяне звярнуўся тагачасны кіраўнік навукова-метадычнага ведамства, якое займалася падручнікамі, былы намеснік міністра адукацыі М.Круглей з прапановай напісаць падручнік па гісторыі Беларусі для 11 класа. І першы падручнік быў выдадзены ў 1996 годзе. З таго часу аўтарскі калектыў пад маім кіраўніцтвам падрыхтаваў не адзін школьны падручнік па гісторыі Беларусі, па якіх вучыліся і вучацца цяпер.
Апошняя мая работа — гэта вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі для 10 класа. Але ён быў падрыхтаваны сумесна з Валянцінай Васільеўнай Гінчук, начальнікам упраўлення маніторынгу якасці адукацыі НІА, кандыдатам педагагічных навук. Я напісаў тэкст, а Валянціна Васільеўна падрыхтавала навукова-метадычны апарат. І, калі па шчырасці, яе прозвішча павінна было стаяць побач з маім на вокладцы вучэбнага дапаможніка, але Валянціна Васільеўна з-за сваёй сціпласці адмовілася ад гэтага, хаця яе ўклад вельмі важкі. Яна выдатны метадыст.

— Так, дапаможнік атрымаўся змястоўны і метадычна разнастайны. У ім шмат ілюстрацый, карт, ёсць гістарычныя партрэты, даведкі, дакументы, дыскусійныя пытанні. Ды і гістарычны перыяд тут ахопліваецца цікавы і лёсавызначальны для нашай краіны — з 1917 па 1945 гады…
— На маім аўтарскім рахунку шмат вучэбнай гістарычнай літаратуры, якая ахоплівае менавіта гэты перыяд. Гэта мой любімы перыяд у гісторыі Беларусі, і вучэбны дапаможнік для 10 класа стаў самым удалым. Гісторыя Беларусі з 1917 па 1941 гады лягла ў аснову маіх кандыдацкай і доктарскай дысертацый. А па Вялікай Айчыннай вайне напісаў метадычку для студэнтаў ВНУ. Гэты гістарычны перыяд закранае праблемы сусветнага гучання.
Узяць, напрыклад, Кастрычніцкую рэвалюцыю. Да яе адносяцца па-рознаму, у залежнасці ад палітычных поглядаў як асобных дзеячаў, так і гісторыкаў. Але ніхто з іх з гісторыі гэтага факта не выкіне. Рэвалюцыя адбылася, таму яе трэба вывучаць, пісаць пра яе, бо яна паклала пачатак новаму этапу ў гісторыі, калі чалавецтва пачало будаваць новае грамадства. Што з гэтага атрымалася, а што не, гэта ўжо іншая справа. Ідэя сацыяльнай справядлівасці, насамрэч, вельмі добрая, бо дае магчымасць кожнаму грамадзяніну краіны зрабіць свой уклад у развіццё сваёй дзяржавы, ставіць яго ў цэнтр грамадска-палітычнай сістэмы.
У школьным дапаможніку падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі пададзены ў ключы з’явы заканамернай для таго часу, што яна была падрыхтавана і адбылася невыпадкова. Падчас тых падзей не ўдалося пазбегнуць ахвяр і крыві, але такімі ж былі і французская, і англійская рэвалюцыі, пра што, дарэчы, цяпер і не ўзгадваецца. Але, вывучыўшы ўсе рэвалюцыі, чалавецтва павінна прыйсці да высновы, што яму ўжо непатрэбны ніякія рэвалюцыі. Яно вычарпала на іх ліміт.

— Рэвалюцыя — гэта ўжо гістарычны факт, але меркаванні гісторыкаў разыходзяцца, таму існуе шэраг канцэпцый і падыходаў у гістарычнай ацэнцы тых падзей. Ці адлюстравана гэта нейкім чынам у вашым вучэбным дапаможніку?
— Гэта, дарэчы, важны момант. Мы ў вучэбным дапаможніку якраз не захапляліся рознымі канцэпцыямі і падыходамі ў адносінах да тых ці іншых падзей, якія адбыліся ў перыяд з 1917 да 1945 года. Такая інфармацыя ўтрымліваецца ў падручніках для студэнтаў. У школьным вучэбным дапаможніку даецца пераважна тая інфармацыя, палажэнні і высновы, якія ўжо зацвердзіліся ў гістарычнай літаратуры. Акрамя таго, увага вучняў павінна канцэнтравацца і на асновах навуковых ведаў. Але пры абмеркаванні рукапісаў члены Дзяржаўнай камісіі па стварэнні новых падручнікаў у сацыяльна-гуманітарнай сферы раілі даваць розныя погляды на гістарычныя падзеі, таму некаторыя праблемы ў дапаможніку разглядаюцца праз прызму розных меркаванняў.
Напрыклад, вы ведаеце былога наркама земляробства Беларусі ў 20-я гады мінулага стагоддзя Д.Прышчэпава і тое, што ён займаўся хутарызацыяй, быў своеасаблівым паслядоўнікам П.Сталыпіна ў савецкі перыяд. А хутарызацыя — гэта, па сутнасці, падзел на буйных зямельных уласнікаў і батракоў, які прыводзіць да капіталізацыі вёскі, а гэта не ідэалогія і не практыка камуністаў. Яны ставілі перад сабой мэту нацыяналізаваць усе землі, а пасля стварыць на іх буйныя сялянскія гаспадаркі, якія пасля назвалі калгасамі і саўгасамі. Таму хутарызацыя ішла ў разрэз з планамі тагачасных камуністаў.
А з другога боку, ёсць шэраг гісторыкаў, якія прытрымліваюцца меркавання, што Д.Прышчэпаў, нягледзячы на ўсё, вельмі шмат зрабіў для развіцця беларускай вёскі і быў рэпрэсіраваны неапраўдана. У выніку ў дапаможніку даюцца дзве гістарычныя ацэнкі. У гісторыі ёсць шмат спрэчных момантаў, якія могуць стаць асновай для дыскусіі, але школьнікам, на маю думку, трэба даваць адназначныя факты, каб яны засвоілі асновы гістарычнай навукі і не блыталіся ў перыядах, храналогіі, фактах і іх навуковых ацэнках.
Не, я не адмаўляю дыскусіі на школьных уроках. Яны былі, ёсць і будуць, але нават падчас дыскусіі апеляваць трэба праверанымі фактамі. Калі вучань зацікавіцца гісто-рыяй і будзе вучыцца далей, то зможа бліжэй пазнаёміцца з самымі рознымі поглядамі, меркаваннямі, канцэпцыямі і падыходамі. У прыватнасці, усе яны разглядаюцца ў тым аднатомным падручніку, які мы падрыхтавалі для студэнтаў. А ў школьным падручніку павінны быць тыя гістарычныя асновы, якія спатрэбяцца ў жыцці кожнага чалавека, не зважаючы на тое, дзе ён будзе вучыцца далей і якую прафесію атрымае.

— Але сённяшнія старшакласнікі ў асновах навуковых ведаў іншы раз зусім не арыентуюцца. Пра гэта сведчаць недарэчныя адказы на ЦТ, ды і проста ў размовах яны не проста блытаюцца, а часта нават не ўяўляюць тыя гістарычныя падзеі і асобы, пра якія гаварылася на школьных уроках.
— Ёсць такая праблема. Такое няведанне дэманструюць і студэнты. Адны з іх не ведаюць, хто такі П.Сталыпін, другія — якой краінай і ў які час кіраваў І.Сталін, і г.д. Вельмі слабыя веды і па літаратуры. Не ведаюць ні нашых беларускіх пісьменнікаў, ні мастакоў. Мяркую, што ў гэтым вінавата наша імкненне да прафілізацыі. У школе дзіця павінна добрасумленна вучыць усе прадметы і тым самым атрымліваць якасную агульную сярэднюю адукацыю. А сёння, калі вучань настроены атрымліваць тэхнічную спецыяльнасць, то ён усю ўвагу накіроўвае на падрыхтоўку па фізіцы, матэматыцы, рускай (беларускай) мовах, а па астатніх прадметах нават падручнікі не адкрывае.
Дарэчы, у вучэбным дапаможніку для 10 класа вельмі добра пададзены матэрыял пра развіццё беларускай адукацыі, культуры і навукі. Гэтага патрабавала праграма, але і мы пастараліся да асвятлення гэтых пытанняў падысці вельмі сур’ёзна, бо дасягненні адукацыі, навукі і культуры — гэта наш гонар. Напрыклад, БССР першай у СССР у
1929/1930 навучальным годзе ўвяла ўсеагульнае абавязковае пачатковае навучанне дзяцей васьмігадовага ўзросту. Пасля ў СССР і БССР было ўведзена ўсеагульнае абавязковае навучанне за курс базавай і сярэдняй школы.
І тут жа хочацца адзначыць, што перанос выпускнога экзамену па гісторыі Беларусі з 9 у 11 клас — крок правільны, бо менавіта ў 11 класе завяршаецца вывучэнне гісторыі Беларусі. Як я ўжо гаварыў, на пачатку 90-х гадоў у аснову выкладання гісторыі быў пакладзены канцэнтрычны прынцып навучання, калі гісторыя Беларусі і ўсеагульная гісторыя вывучалася ў 2 прыёмы. Першы канцэнтр быў элементарным і ахопліваў 5—9 класы. Другі канцэнтр ахопліваў 10—11 класы, але тут зноў вывучалася тое самае, толькі на больш высокім узроўні. І трэба адзначыць, што ні аўтары падручнікаў, ні настаўнікі дакладна не ўяўлялі, які матэрыял даваць у базавай школе, а які — у сярэдняй, што сабой уяўляе гэты высокі ўзровень. Было вельмі складана.
На пачатку 2000-х гадоў было прынята правільнае рашэнне аб пераходзе на лінейны прынцып навучання гісторыі, калі з 5 класа пачынаецца вывучэнне гісторыі старажытнага часу, а затым дзеці паступова да 11 класа вывучаюць гісторыю сярэдніх вякоў, новую і навейшую гісторыю. Атрымлівалася, што ў базавай школе вывучэнне гісторыі Беларусі заканчвалася Лютаўскай рэвалюцыяй 1917 года, і дзеці здавалі экзамен. А навейшая гісторыя Беларусі вывучалася ў 10 і 11 класах і ніякім чынам не кант-ралявалася, таму яе дрэнна ведаюць. Лінейны прынцып патрабуе завершанасці як ў вывучэнні, так і кантролі, таму перанос экзамену абсалютна заканамерны. Ёсць спадзяванне, што веды па гісторыі стануць больш трывалымі.

— Яўген Канстанцінавіч, вернемся да вашага вучэбнага дапаможніка. Ён жа ахоплівае і перыяд Вялікай Айчыннай вайны, а гэтай тэме ў нашым грамадстве ўдзяляецца вялікая ўвага. Яна з вялікім выхаваўчым патэнцыялам. Якім чынам гэты патэнцыял рэалізаваны ў вашым дапаможніку?
— Так, сапраўды, мужнасць і гераізм савецкага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны невымяральныя. Гітлераўская стратэгія маланкавай вайны была загублена ў час бітваў на палях Беларусі і Украіны. За тры месяцы вайны (а за гэты час гітлераўцы планавалі ўвогуле закончыць усю вайну) немцы так і не прыйшлі да мэты. Яны здолелі прайсці толькі праз Беларусь і Украіну. А пад Масквой была канчаткова пахавана гітлераўская стратэгія маланкавай вайны. Тады былі знішчаны самыя лепшыя вайсковыя часці вермахта. І калі немцаў пагналі ад Масквы на захад, разумныя нямецкія генералы адзначалі, што вайну яны прайгралі, бо той арміі, якую Германія мела 22 чэрвеня 1941 года, яна ўжо ніколі мець не будзе. Лёс гітлераўскай авантуры фактычна быў вырашаны ў першыя месяцы вайны.
Першы і самы галоўны ўрок той вайны: чалавецтва павінна зрабіць усё магчымае, каб выключыць вайну са свайго жыцця як сродак вырашэння спрэчных пытанняў. А ўсе спрэчныя пытанні вырашаць за сталом перамоў. Як гавораць дыпламаты: “Лепш 20 гадоў перамоў, чым адзін дзень вайны”. А вайна на адзін дзень ніколі не развязваецца.
У дапаможніку шмат матэрыялу на гэтую тэму: і ілюстрацыйнага, і факталагічнага, і даведачнага. Усе фотаздымкі адбіралі самі і стараліся, каб яны былі разнастайнымі і якаснымі. Здаецца, усё атрымалася.

— Не магу не задаць яшчэ адно пытанне. Нашы падручнікі часта перанасычаны тэрміналогіяй і навуковай мовай. Стылістыка вучэбнай літаратуры для студэнтаў і школьнікаў павінна адрознівацца. Наколькі лёгка чытаецца ваш дапаможнік?
— Мы пісалі падручнікі для 10 класа, а гэта ўжо дарослыя маладыя людзі. Разам з тым я заўсёды імкнуўся да таго, каб доўгіх і занадта складаных сказаў не было. Але і кароткія сказы для старшакласнікаў не зусім падыходзяць. Канечне, не заўсёды гэта ўдаецца, таму на дапамогу прыходзілі рэдактары выдавецтваў. З другога боку, старшакласнікі — гэта будучыя студэнты, таму мы павінны іх рыхтаваць да ўспрымання і навуковых тэкстаў. Калі тэкст зусім просты, то ён зусім і не цікавы. Мы імкнуліся да таго, каб і тэксты параграфаў, і метадычны матэрыял былі пададзены не занадта складана, але і не проста. Наколькі мне вядома, да нашых падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў сур’ёзных прэтэнзій і заўваг не было.

— Яўген Канстанцінавіч, вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.