Адносіны краін пераходзяць на якасна новы ўзровень

Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў па выніках перагавораў у Мінску прынялі сумесную заяву. У дакуменце гаворыцца пра тое, што мае месца пераход на якасна новы ўзровень адносін дружбы і супрацоўніцтва, што адпавядае рэаліям XXI стагоддзя.

Кіраўнікі дзяржаў перакананы, што далейшае ўмацаванне дружалюбных адносін і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам адпавядае карэнным інтарэсам народаў абедзвюх краін.

У сумеснай заяве адлюстраваны не толькі агульныя падыходы да шэрага знешнепалітычных пытанняў і ўзаемнай падтрымкі на міжнароднай арэне, але і ўдзелена значная ўвага магістральным напрамкам эканамічнага ўзаемадзеяння як у двухбаковым, так і шматбаковым фарматах. У прыватнасці, бакі выказалі гатоўнасць развіваць і ўмацоўваць супрацоўніцтва ў галіне транспартна-лагістычных камунікацый, садзейнічаць стварэнню і забеспячэнню спрыяльных умоў для ажыццяўлення транспартных аперацый, у тым ліку ў рамках удзелу ў ініцыятыве эканамічнага пояса Шаўковага шляху, міжнародным калідоры “Поўнач-Поўдзень” і іншых транзітных маршрутах.

Беларусь і Азербайджан таксама будуць максімальна садзейнічаць рэалізацыі эканамічнага патэнцыялу абедзвюх краін, павелічэнню аб’ёмаў узаемнага гандлю, развіццю кааперацыі ў машынабудаўнічым сектары, у галіне будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці, а таксама іншых галінах, у тым ліку інавацыйнай сферы. Акрамя таго, бакі падтрымліваюць далейшае развіццё ўзаемадзеяння паміж фінансавымі і банкаўскімі структурамі, рэалізацыю сумесных інвестыцыйных праектаў, прамое супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў і суб’ектаў гаспадарання.

“Бакі будуць усяляк садзейнічаць захаванню духоўнай і культурнай блізкасці народаў дзвюх краін, паглыбляць узаемадзеянне ў навуковай, адукацыйнай і культурнай галінах, у сферах высокіх тэхналогій, ахове здароўя, турызму”, — гаворыцца ў сумеснай заяве прэзідэнтаў.

Выказаўшы ўдзячнасць за гасціннасць і сардэчны прыём, Ільхам Аліеў запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць з афіцыйным візітам Азербайджан.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў таксама быў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў канкрэтных сферах.