Адносіны непахісныя

У кантэксце міжнародных адносін адносіны Беларусі і Расіі непахісныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 лютага на сустрэчы ў Краснай Паляне з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

“Што тычыцца падтрымкі нашай эканомікі, я таксама вам удзячны. Пры гэтым я часта гавару, што эканоміка Беларусі — гэта фінішная вытвор­часць расійскай эканомікі. Мы сыравіну, камплектуючыя — 60—70 працэнтаў па асноўнай машынабудаўнічай прадукцыі, нафтапера­працоўцы — купляем у Расіі. Таму гэта наша агульная эканоміка. І, падтрымліваючы нас, вы, вядома, падтрымліваеце тыя прыкладна 35—40 млн лю­дзей (разам з сем’ямі), якія працуюць на расійскіх прадпрыемствах, пастаўляюць у Беларусь прадукцыю. Калі нехта там у Расіі і Беларусі не разумее гэтага, я думаю, зразумеюць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Вядома, пытанні ёсць і будуць. Але мы заўсёды знаходзілі развязкі па гэтых пытаннях. Думаю, гэта не з’яўляецца вялікай праблемай для нас”, — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў час яго візіту ў Расію будзе магчымасць пагаварыць не толькі па пытаннях эканомікі, але і па гуманітарнай тэматыцы, у тым ліку з удзелам профільных міністраў у час наведвання адукацыйнага цэнтра “Сірыус”.

“Дзякую вам за запрашэнне перагаварыць з нашымі калегамі (трохбаковая сустрэча прэзідэнтаў Расіі, Ірана і Турцыі па Сірыі. — Заўвага БелТА.), якія будуць заўтра ў вас па важных міжнародных праблемах”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што сустрэчы і ў наступныя дні будуць вельмі карысныя для беларуска-расійскіх адносін.

З беларускага боку на сустрэчы таксама прысутнічалі віцэ-прэм’еры Ігар Ляшэнка, Ігар Петрышэнка, Міхаіл Русы, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, міністр эканомікі Дзмітрый Крутой і пасол у Расіі Уладзімір Сямашка, з расійскага — першы намеснік старшыні ўрада міністр фінансаў Антон Сілуанаў, віцэ-прэм’ер Дзмітрый Козак, памочнік Прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў, міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, пасол Міхаіл Бабіч.

Беларуска-расійскія адносіны знаходзяцца на высокім узроўні з пункту гледжання ўсіх магчымых напрамкаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння — палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы і культуры.

Расія з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Аб’ём узаемнага тавараабароту ў 2018 годзе склаў $35,6 млрд, павялічыўшыся да ўзроўню 2017 года на 9 працэнтаў. Экспарт Беларусі ў Расію быў $12,9 млрд (рост на 0,4 працэнта), імпарт з Расіі — $22,6 млрд (на 15,4 працэнта).

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам адзначыў, што Беларусь для Расіі з’яўляецца найважнейшым стратэгічным партнёрам і саюзнікам.

“Немалаважным з’яўляецца наша супрацоўніцтва ў сферы міжнародных адносін, сітуацыі ў рэгіёне. Для нас Беларусь — найважнейшы стратэгічны партнёр, саюзнік. І для мяне вельмі важна зверыць гадзіннікі з Прэзідэнтам Беларусі па гэтых пытаннях, уключаючы пытанні інтэграцыі на постсавецкай прасторы”, — заявіў расійскі лідар.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што з Аляксандрам Лукашэнкам у іх будзе магчымасць сустрэцца ў нефармальнай атмасферы. “У нас будзе магчымасць сустрэцца і сёння, пагаварыць і заўтра, і паслязаўтра. У нас вялікая праграма і сёння, і ў наступныя два дні”, — сказаў ён.

У цэлым Прэзідэнт Расіі канстатаваў, што беларуска-расійскія адносіны развіваюцца і мацнеюць, Расія застаецца найбуйнейшым гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі. Развіваюцца і фінансавыя адносіны. За апошнія гады беларускаму боку выдадзены вялікі аб’ём крэдытаў, у тым ліку па лініі ЕАЭС. “У сувязі з гэтым хацеў бы адзначыць, што Беларусь вельмі дысцыплінавана ў фінансавым сэнсе, выконвае свае абавязацельствы. Гэта дае магчымасць нам працаваць па буйных праектах. Я маю на ўвазе і будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якое знаходзіцца ў завяршальнай стадыі, — падкрэсліў расійскі лідар. — Гэта дае магчымасць нам развіваць адносіны чыста гандлёвага характару ў розных галінах, уключаючы і сельгасвытворчасць (з агульнага аб’ёму паставак у Расію гэта 34 працэнты з лішнім). Ведаю, што ў нас бываюць тут шурпатасці і праблемы. Але так, як гэта і належыць паміж сябрамі, спадзяюся, што гэтыя праблемы будуць вырашацца”.

Уладзімір Пуцін акцэнтаваў увагу, што адной з найважнейшых сфер су­працоўніцтва з’яўляецца энергетыка: “Аб’ёмы паставак вуглевадародаў — нафты і газу — захоўваюцца на тым узроў­ні, аб якім мы з вамі дамаўляемся”.

Прэзідэнты Беларусі і Расіі падрабязна абмеркавалі і гуманітарную тэматыку. Адпаведная сустрэча з удзе­лам профільных міністраў прайшла ў Сочы 15 лютага ў час наведвання адукацыйнага цэнтра “Сірыус”. Больш падрабязна аб ходзе сустрэчы чытайце ў найбліжэйшым нумары нашай газеты.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лютага ў Сочы прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы з прэзідэнтамі Расіі, Ірана і Турцыі.

Сустрэча прайшла ў фармаце чаяпіцця на тэрыторыі санаторыя “Русь”. Да гэтага Уладзімір Пуцін, Рэджэп Таіп Эрдаган і Хасан Раўхані правялі чарговы трохбаковы саміт па сірыйскай тэматыцы. Як вядома, Расія, Іран і Турцыя з’яўляюцца краінамі — гарантамі астанінскага працэсу садзейнічання ўрэгуляванню канфлікту ў Сірыі.

Аб асобнай сустрэчы з удзелам ужо чатырох прэзідэнтаў стала вядома напярэдадні. Рабочы візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў Расію супаў па часе правядзення з самітам, што стала добрай магчымасцю абмеркаваць актуальныя пытанні міжнароднай праблематыкі ў больш шырокім фармаце. Тым больш што не толькі з Расіяй, але і з Турцыяй, Іранам Беларусь звязваюць даўнія дружалюбныя адносіны як у палітыцы, так і ў плане гандлёва-эканамічнага, гуманітарнага супрацоўніцтва. Беларусь, сама маючы статус міратворчай пляцоўкі, заў­сёды выступала з выразнай пазіцыяй аб неабходнасці хутчэйшага ўрэгулявання лакальных канфліктаў у свеце, процідзейнічаючы тэрарызму.