Адносіны развіваюцца паступальна

- 11:12Інфармацыйная гадзіна

Беларусі і Венгрыі цалкам пад сілу падвоіць двухбаковы тавараабарот. Пра гэта заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіярта.

На думку спікера, добрыя палітычныя адносіны паміж дзвюма краінамі — добрая аснова для развіцця гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага супрацоўніцтва. У 2019 годзе беларуска-венгерскі тавараабарот вырас на 30 працэнтаў, да $253 млн. “Гэта вельмі добры паказчык. Трэба рухацца далей. Думаю, нам цалкам пад сілу падвоіць гэтую лічбу”, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Беларускі бок, паводле слоў спікера, гатовы прапана­ваць Венгрыі “вельмі добрыя бізнес-праекты”. “Для гэтага ў нас створаны ўсе ўмовы”, — адзначыў ён.

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў імкненне Беларусі і Венгрыі ўстанавіць доўгатэрміновае ўзаемавыгаднае супрацоў­ніцтва. “Адносіны развіваюцца паступальна як на двухбаковым узроўні, так і ў міжнародных арганізацыях”, — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў і прывёў у якасці прыкладу ўзаемадзеянне ў ПА АБСЕ. “Яго мэта — умацаванне міру, стабільнасці, даверу. І не толькі ў еўрапейскім рэгіёне, але і ў глабальным плане”, — дадаў ён.

“Неабходна пашыраць узаема­дзеянне, знаходзіць новыя формы, метады. Трэба таксама супрацоўнічаць у Вышаградскай групе, Еўрапейскім саюзе, Еўразійскім эканамічным саюзе”, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка. Ён нагадаў, што ў студзені Беларусь пачала старшынстваваць у органах ЕАЭС.