Адораным вучням — развіццёвае асяроддзе

Праблемам выяўлення і развіцця адоранасці быў прысвечаны рэспубліканскі семінар “Сучасныя падыходы ў рабоце з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Мерапрыемства было арганізавана аддзелам творчых методык навучання моладзі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

Напрамкі і падыходы ў рабоце з інтэлектуальна адоранымі навучэнцамі і моладдзю працяглы час абмяркоўваюцца педагагічнай грамадскасцю. І трэба адзначыць, што неабходнасць распрацаваць навукова- і арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне выяўлення, развіцця і прафесійнага станаўлення інтэлектуальна адоранай моладзі на аснове пераемнасці (школа — універсітэт — пасляўніверсітэцкая адукацыя) наспела даўно. Пра гэта ў сваім выступленні гаварыў Валерый Уладзіміравіч Пазнякоў, прафесар кафедры маладзёжнай палітыкі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, доктар філасофскіх навук, прафесар, прадстаўляючы прысутным праект канцэпцыі выяўлення, развіцця і прафесійнага станаўлення інтэлектуальна адоранай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь на этапах “школа— вышэйшая адукацыя — адукацыя пасля ВНУ”.
— У нашай краіне ўжо склалася пэўная сістэма работы з інтэлектуальна адоранымі навучэнцамі, заснаваная на рэалізацыі ідэі асобаснага развіцця як асноўнага прыярытэту ў навучанні і выхаванні. Развіццё асобы адоранага навучэнца вызначаецца прафесійнымі і асобаснымі якасцямі педагога, які арганізуе адукацыйны працэс. Гэта актуалізуе праблему павышэння кваліфікацыі педагогаў па праблеме работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі.

Развіццё партнёрскіх узаемаадносін паміж установамі агульнай сярэдняй адукацыі і вядучымі ўстановамі вышэйшай адукацыі спрыяе забеспячэнню пераемнасці ў сістэме работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. Важным напрамкам у рабоце з такімі навучэнцамі з’яўляецца арганізацыя праектнай і даследчай дзейнасці, таму актуальнымі ўяўляюцца пытанні вызначэння зместу, структуры, спецыфікі праектнай і даследчай дзейнасці; кіравання праектнай і навукова-даследчай работай ва ўстановах адукацыі; вызначэння метадаў і прыёмаў стымулявання ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу, — адзначыў Валерый Уладзіміравіч Пазнякоў.
Змест прадстаўленай канцэпцыі ўключае: стварэнне развіццёвага асяроддзя ва ўстановах адукацыі; выяўленне інтэлектуальна адораных навучэнцаў; вучэбна- і навукова-даследчую дзейнасць адораных навучэнцаў; псіхолага-педагагічнае суправаджэнне адораных навучэнцаў; цьютарскае суправаджэнне інтэлектуальна адоранай моладзі; кадравае, вучэбна-метадычнае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне; кіраванне, каардынацыя, кантроль; фарміраванне фундаментальнага паняційнага апарату; крытэрыі і паказчыкі. Кантроль і ацэнка эфектыўнасці функцыянавання сістэмы.
Канцэпцыя распрацавана ў адпаведнасці з Указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (26.04.2010 № 199, 29.02.2008 № 142, ад 01.12.2011 № 561), Палажэннем аб Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14.08.2011 № 1049, Кодэксам Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”, Праграмай удасканалення навуковай сферы Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай 2013/12/24 № 5/25 Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, распрацоўка прадстаўленай канцэпцыі — гэта плён калектыўнай работы. У прыватнасці, у рабоце прымалі ўдзел В.У.Пазнякоў, С.Д.Шакура, начальнік аддзела творчых методык навучання моладзі АПА, А.Г.Захараў, начальнік упраўлення падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі галоўнага ўпраўлення навукі БДУ, кіраўнік рэспубліканскага метадычнага і інфармацыйна-аналітычнага цэнтра навукова-даследчай работы студэнтаў, кандыдат фізіка-матэматычных навук.
— Мэтай сістэмы работы з інтэлектуальна адоранай моладдзю з’яўляецца стварэнне ўмоў для рэалізацыі маладымі людзьмі сваіх талентаў з максімальнай эфектыўнасцю для развіцця нашай краіны незалежна ад іх месца жыхарства, сацыяльнага становішча і фінансавых магчымасцей сям’і.
У сучасных умовах для дасягнення названай мэты неабходна вырашэнне многіх задач. Гэта фарміраванне кадравага забеспячэння сістэмы работы з інтэлектуальна адоранай моладдзю, фінансавага забеспячэння сістэмы, удасканаленне механізмаў падтрымкі эфектыўна працуючых з інтэлектуальна адоранымі маладымі людзьмі кіраўнікоў, устаноў адукацыі, навукі і г.д.
Неабходна распрацоўка і ўкараненне маніторынгавага апарату для ацэнкі эфектыўнасці работы сістэмы з інтэлектуальна адоранай моладдзю, а таксама інфармацыйнага і інфармацыйна-аналітычнага апарату ў цэлым. Патрэбна развіццё і ўдасканаленне комплексу мерапрыемстваў для інтэлектуальна адоранай моладзі і для работнікаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць сістэмы работы з адоранымі (навуковыя кіраўнікі, адміністрацыя ўстаноў адукацыі і г.д.).
Патрабуецца развіццё нарматыўнай і метадычнай базы, пашырэнне сацыяльнай падтрымкі інтэлектуальна адоранай моладзі, прыцягненне іх у навукова-адукацыйную, навукова-інавацыйную сферу і стварэнне максімальна спрыяльных магчымасцей для прафесійнага росту.

Безумоўна, патрэбна арганізацыя навуковых даследаванняў для вырашэння праблем работы з такой моладдзю ў Рэспубліцы Беларусь, распрацоўка і зацвярджэнне паняційнага апарату, а таксама фарміраванне і зацвярджэнне сістэмы крытэрыяў і паказчыкаў, — працягваў Валерый Уладзіміравіч.
Прадстаўленая канцэпцыя — гэта толькі праект, таму В.У.Пазнякоў прызваў усіх прысутных прыняць актыўны ўдзел у абмеркаванні праекта і па магчымасці прапанаваць пэўныя карэктывы.
Але разам з тым работа з адоранымі дзецьмі ў навучальных установах працягваецца. Яна штодзень патрабуе намаганняў ад настаўнікаў і псіхолагаў. Сваімі напрацоўкамі ў гэтай галіне на семінары дзяліліся Таццяна Міхайлаўна Глыздова, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Ліды, і Вольга Юр’еўна Віктарава, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Віцебска.
Таццяна Міхайлаўна ўвагу прысутных засяродзіла на падрыхтоўцы да алімпіяд. У прыватнасці, яна адзначыла, што з алімпіяднікамі працуе як на ўроках, так і дадаткова. Для гэтага ў гімназіі ёй выдзелілі дадатковыя гадзіны. Але ў аснове поспеху вучняў Таццяны Міхайлаўны ляжыць яе аўтарская методыка, калі яна для кожнага алімпіядніка распрацоўвае свой вучэбны маршрут.
А вось Вольга Юр’еўна са сваімі вучнямі займаецца даследаваннямі. Падчас семінара яна расказала пра ідэю і ажыццяўленне даследавання, прысвечанага трамваю. Яе другакласнікі(!) выконвалі праект “Трамвай — транспарт будучага?” і ў выніку прадставілі мадэлі сваіх трамваяў будучыні, а двое вучняў нават прыехалі на семінар разам з настаўніцай, дзе пакарылі ўсіх прысутных не толькі сваімі мадэлямі, але і ўменнем прэзентаваць даследаванне.
Безумоўна, поспехі дзяцей на алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях немагчымы без падтрымкі ўсёй навучальнай установы. Неабходна стварыць умовы для інтэлектуальна-творчага развіцця кожнага дзіцяці. На гэтым важным аспекце ў сваім выступленні засяродзіла ўвагу Святлана Дзмітрыеўна Шакура.
Яна адзначыла, што пры рабоце з адоранымі былі выяўлены праблемы. Трэба звярнуць увагу на ранняе выяўленне адоранасці дзяцей, існуе разрозненасць намаганняў педагогаў, псіхолагаў, фізіёлагаў і іншых спецыялістаў у рабоце з адоранымі навучэнцамі, адзначаецца недастатковая матэрыяльна-тэхнічная база ва ўстановах адукацыі для правядзення лабараторных работ, неабходна аказанне падтрымкі сям’і ў стварэнні ўмоў для паўнацэннага развіцця адоранага дзіцяці, назіраецца адсутнасць сістэмы ва ўзаемадзеянні ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі.
Святлана Дзмітрыеўна прапанавала і шляхі ўдасканалення работы з адоранымі дзецьмі, сярод якіх кааперацыя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з установамі вышэйшай адукацыі па падтрымцы і развіцці адораных навучэнцаў; цьютарскае суправаджэнне адораных навучэнцаў як спосаб пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі; уключэнне ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу (педагогаў, навучэнцаў, бацькоў) у праектную і даследчую дзейнасць; развіццё сістэмы дыстанцыйных інтэлектуальных мерапрыемстваў для ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу (навучэнцаў, педагогаў, бацькоў); вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі.
Акрамя таго, падчас семінара вызначаны і шляхі ўдасканалення работы з адоранай моладдзю на дзяржаўным узроўні. Была выказана ідэя стварэння рэспубліканскага інстытута (цэнтра) па рабоце з адоранымі дзецьмі і таленавітай моладдзю з прыцягненнем да работы вядучых спецыялістаў у галіне педагогікі, псіхалогіі, фізіялогіі, медыцыны. Яшчэ патрэбна арганізацыя рэспубліканскага і рэгіянальных круглагадовых цэнтраў для правядзення заняткаў з адоранымі навучэнцамі з запрашэннем лепшых прафесараў і выкладчыкаў з універсітэтаў і НАН Беларусі, з краін СНД і далёкага замежжа.

Цяпер фарміруецца банк даных патэнцыяльных кансультантаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі. Плануецца, што да гэтых спецыялістаў змогуць звяртацца як настаўнікі, так і вучні. Прынамсі, выкладчыкі ВНУ даўно працуюць у сферы выяўлення і развіцця вучнёўскай адоранасці, але пры наяўнасці спецыяльнага банка гэтая работа стане больш сістэмнай. На семінары выступаў А.Г.Захараў, які з’яўляецца патэнцыяльным удзельнікам такога банка данных.
Пытанне цьютарскага суправаджэння адораных навучэнцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі стала ключавым у выступленні Таццяны Андрэеўны Лапацік, загадчыцы кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА, доктара педнавук, прафесара. Таццяна Андрэеўна адзначыла, што інтэлектуальная адоранасць навучэнцаў часта ацэньваецца па выніковасці вучэбнай дзейнасці.
— Не сакрэт, што ў традыцыйнай школе адораныя дзеці часта аказваюцца ў становішчы ізгояў, паколькі іх інтэлектуальныя паводзіны самым драматычным чынам не ўпісваюцца ў рамкі школьных правіл і ўяўленняў настаўніка аб “добрым вучні”. Па даных Торэнса, каля 30% адлічаных са школы за непаспяховасць складаюць дзеці адораныя і звышадораныя.
Адораныя вучні маюць патрэбу ў распрацоўцы спецыяльных адукацыйных праграм, якія выходзяць за рамкі традыцыйных, стварэнні адукацыйнага асяроддзя, якое забяспечвае ўмовы для максімальна магчымага асобаснага развіцця. Дасягненне вышэйназваных вынікаў адукацыі патрабуе мадэрнізацыі агульнай сярэдняй адукацыі ў напрамку яе індывідуалізацыі, у якасці аднаго з інструментаў якога выступае арганізацыя цьютарскага суправаджэння адораных навучэнцаў, — адзначыла Таццяна Андрэеўна.
Тэхналогія цьютарскага суправаджэння дзейнасці адораных навучэнцаў забяспечвае тэрміновае індывідуальнае псіхалагічнае кансультаванне, якое дазваляе ажыццяўляць своечасовае зняцце эмацыянальнага і фізічнага напружання навучэнца, што, безумоўна, акажа станоўчы ўплыў на выніковасць дасягненняў навучэнцаў, бо мэтай дзейнасці цьютараў з’яўляецца стварэнне сацыяльна-педагагічных умоў для самаўдасканалення і прафесійнага станаўлення навучэнца праз аказанне дапамогі ў праектаванні і рэалізацыі індывідуальнай адукацыйнай праграмы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.