Адпачынак на любы густ

- 10:39Навіны рэгіёнаў

Летнія канікулы можна правесці весела і запамінальна, калі яны добра арганізаваны. Аднак канікулы — гэта не толькі час адпачынку і аздараўлення дзяцей, але і перыяд фарміравання іх самастойнасці, пашырэння кругагляду, далучэння да разнастайнага сацыяльнага вопыту сучаснага жыцця, нацыянальных вытокаў і каштоўнасцей. Зыходзячы з гэтага аддзел адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама спланаваў сёлетні адпачынак школьнікаў.

— Адпачынак арганізаваны на базе 16 школ і раённага Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі ў вёсцы Олтуш, — расказвае начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Т.М.Лаўрэенка. — За летні перыяд аздаровяцца больш за 700 дзяцей раёна. Мэта выхаваўчай работы ў лагерах заключаецца ў тым, каб закласці ў дзіцячыя душы пэўную сістэму каштоўнасцей, навучыць беражліва ставіцца да іх.
Па словах Т.М.Лаўрэенка, акрамя стварэння належных умоў для аздараўлення, надзвычай важным з’яўляецца і пытанне зместавага напаўнення летняга адпачынку дзяцей. Сёлета не зменшыўся пералік профіляў аздараўленчых лагераў раёна. Вучням прапаноўваліся ваенна-патрыятычны, лінгвістычны, гуманітарны, турыстычны, краязнаўчы і экалагічны профілі, а таксама змены для актыву БРПА і БРСМ. Ваенізаваныя і спартыўныя гульні, культурна-масавыя мерапрыемствы, паходы, экскурсіі, майстар-класы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, шоу-праграмы, фестывалі мастацтваў, этнадыскатэкі — усё гэта складала змест лагерных змен, накіраваных на фарміраванне і далучэнне моладзі да агульнапрынятых норм і правіл паводзін, выхаванне грамадзян-патрыётаў. Запланаваныя мерапрыемствы праводзяцца ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета на карысць”.
Нядаўна каля 120 школьнікаў Маларытчыны ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў адпачывалі падчас спартыўнай змены ў аздараўленчым лагеры “Юнацтва” з кругласутачным знаходжаннем. Гарадскія вучні правялі 9 дзён на базе раённага Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, а вясковыя — на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна.
Кожны дзень змены быў незабыўным, насычаным цікавымі мерапрыемствамі на свежым паветры. Сумаваць не было калі. Спартландыі, турніры, эстафеты, гульні, катанне на катамаранах… Педагогі добра пастараліся, каб дзецям было весела і цікава.

Мікалай НАВУМЧЫК.