У аздараўленчых летніках, арганізаваных на базе ўстаноў адукацыі Століншчыны, весела і з карысцю адпачываюць больш за 1,7 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія актыўна ўдзельнічаюць у розных акцыях, паходах, экскурсіях, флэшмобах, спартыўных мерапрыемствах і інш.
У рэчыцкіх сярэдніх школах №№ 2 і 3, Варанёўскай і Глінкаўскай сярэдніх школах прайшлі дні дружбы, добрага настрою і радасці, падчас якіх дзеці гаварылі адно аднаму кампліменты, разважалі над тым, што такое дружба, расказвалі пра сваіх сяброў, здзіўлялі адно аднаго сюрпрызамі.
У Веляміцкай сярэдняй школе вялікую ўвагу ўдзяляюць экалагічнай дзейнасці: кожны дзень лагернай змены пашырае веды вучняў пра птушак, якія аб’яўляліся птушкай года на працягу апошніх 20 гадоў.
Найбольш папулярная форма адпачынку — экскурсіі. Падчас сёлетняй аздараўленчай кампаніі яны набылі прафарыентацыйны характар. Так, вучні пачатковых класаў Асаўской сярэдняй школы праходзяць 10 адукацыйных маршрутаў па мясцовых прафесіях. Гэтым жа займаюцца і вучні Харомскага ясляў-сада — сярэдняй школы, якія наведалі прыватнае гандлёвае прадпрыемства “ІланТранс” і даведаліся пра асаблівасці яго работы.
Выхаванцы Рамельскай сярэдняй школы пабывалі на конезаводзе ААТ “Палеская ніва”, дзе пашырылі свае веды аб прафесіях, звязаных з развядзеннем, прыручэннем і дрэсіроўкай коней. Вучні Церабліцкага ясляў-сада — сярэдняй школы азнаёміліся з сакрэтамі пчалярскай справы на пасецы педагога дадатковай адукацыі М.І.Наскевіча.
Хлопчыкі і дзяўчынкі з сярэдніх школ №№ 1 і 2 Давыд-Гарадка наведалі мясцовы электрамеханічны і хлебазавод. Не менш пазнавальныя экскурсіі чакалі выхаванцаў аздараўленчых летнікаў Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці, Відзіборскай, Альманскай, Белавушскай і Стахаўскай сярэдніх школ, а таксама сярэдняй школы № 2 Століна.
Разам з прафарыентацыйнымі экскурсіямі ладзіліся і краязнаўчыя (па старажытных гарадах, праваслаўных і каталіцкіх храмах, школьных музеях), а таксама велапаходы.
У Столінскай дзяржаўнай гімназіі і сярэдняй школе № 3 Століна лагерныя змены арганізаваны ў форме квест-гульні.
Вучні Століншчыны атрымалі ад першага летняга месяца шмат незабыўных уражанняў. Не менш іх будзе і ў наступныя месяцы. Лета працягваецца!
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.